Доктар гістарычных навук, прафесар Алесь Краўцэвіч працягвае на ўласным YouTube-канале распавядаць пра малавядомыя факты з беларускай гісторыі.
Ці кіравала рэальна ўдава Альгерда княгіня Улляна дзяржавай? У якім горадзе княгіня пабудавала палац і навошта ён быў патрэбен? Як пры ёй вялася знешняя палітыка? Ці былі нейкія дамоўленасці між Уллянай і Тэўтонскім ордэнам? Ці аказвала уплыў княгіня на палітычныя рашэнні свайго сына — Ягайлы? Адказы дае на пытанні гісторык Алесь Краўцэвіч.
Расшыфроўка відэа:
Улляна Аляксандраўна, цвярская княжна, другая жонка вялікага князя літоўскага Альгерда Гедымінавіча, выйшла на арэну вялікай палітыкі пасля смерці мужа ў 1377 г. Захаваныя звесткі крыніц дазваляюць меркаваць нават пра яе фактычны статус рэгенткі пры сваім сыне — маладым вялікім князі Ягайлу Альгердавічу.
На вялікую палітычную вагу княгіні-ўдавы па Альгердзе звярнулі ўвагу даследчыкі яшчэ ў XIX ст. Гісторыкі дыскутуюць пра значнасць яе ўплыву на Ягайлу, а тым самым і на палітыку дзяржавы. Некаторыя ацанілі яго як істотны, іншыя — не вельмі, але ніхто не аспрэчвае, што ўплыў быў. Пра яго сведчыць даволі значная колькасць крыніц рознага паходжання, як з ВКЛ, так Ордэнскай дзяржавы і Маскоўскага княства.
Пра палітычную дзейнасць вялікай княгіні пры жыцці мужа ніякіх звестак няма. У беларуска-літоўскіх летапісах маецца інфармацыя пад 1351 г. пра пабудову Уллянай мураваных палаца, вежаў і сценаў у Віцебскім замку. Аднак, відавочна, што летапісец памыліўся, ён пісаў пра першую жонку Альгерда віцебскую княжну Марыю, якую пераблытаў з Уллянай. З кантэксту паведамлення вынікае, што Альгерд быў тады яшчэ віцебскім князем, бо будаўніцтва ў горадзе пачалося ў яго адсутнасць («у бытнасць Альгерда на вайне у Прусах»). Будова мураванага замка — справа дарагая і працяглая. Пасля дзяржаўнага перавароту ў 1345 г. Альгерд перамясціўся ў Вільню на пасаду вялікага князя, новую жонку прывёў непасрэдна ў сталіцу, і яна была побач з мужам (рэгулярна нараджала дзяцей). Цяжка патлумачыць, па якой прычыне, будучы ў Вільні, у адсутнасць мужа, яна ўзялася за мураванне віцебскага замка.
Пасля смерці Альгерда Улляна Аляксандраўна блізка на дзесяцігоддзе стала суб’ектам міжнародных адносінаў. Да вялікай княгіні высылаў лісты і пасольствы гросмайстар Тэўтонскага ордэна, з ёй заключаў дамову вялікі маскоўскі князь Дзмітры Іванавіч. Такую пазіцыю ў дзяржаве вялікай княгіні-ўдавы можна кваліфікаваць як рэгенцтва, апеку над маладым гаспадаром.
Між іншым, пра ўплыў Улляны ў дзяржаве сведчыць той факт, што кіраўніцтва Ордэна спрабавала выкарыстаць яе для ўнясення разладу паміж Ягайлам і Кейстутам. Гросмайстар Тэўтонскага ордэна ў лісце да вялікай княгіні тытулаваў яе «о высакародная і дабрадзейная спадарыня каралева», пісаў пра інтрыгі старога князя, якога абзываў «шалёны сабака Кейстут».
Улляна ўдзельнічала ў падпісанні важных дамоваў з крыжакамі. Так, у тэксце дамовы на востраве ракі Дубіса ў 1382 г. Ягайла паставіў яе на першае месца перад усімі братамі, назваў яе «нашай дарагой маці Юліянай, вялікай княгіняй літоўскай». Таксама і пазней у 1385-1386 г. раіўся з маці наконт шлюбу з польскай каралевай, як запісаў летапісец: «Он же, князь великыи Ягаило, змовилися и з своего материю, и с великою княгинию Улляною, ...и поѣхав Кракову в Лядску землю».
Ягайла даў маці ва ўладанне Віцебскае княства, дзе яна кіравала да самай смерці ў 1392 г. Дзіўным збегам абставінаў пра дакладную дату яе смерці стала вядома з графіці ў інтэр’еры полацкай Спаса-Праабражэнскай царквы. Калі пра год смерці, менавіта 6899, г.зн. 1391 г. па нашым календары, ад нараджэння Хрыстова паінфармаваў цвярскі летапісец, то графіці пераказвае месяц і дзень: «памяці Алексія, чалавека Божага», які прыходзіцца на 17 сакавіка.
У кантэксце сукупнай інфармацыі пра Улляну Аляксандраўну становіцца больш зразумелым таямнічы выраз з беларуска-літоўскага летапісу, датычны ранейшых падзеяў, менавіта 1345 г., калі змоўшчыкі Альгерд і Кейстут пастанавілі выступіць супраць брата вялікага князя Яўнута адразу пасля смерці ягонай маці, летапіс наўпрост сведчыць: «бо княгіня Еўна памерла» (удава Гедыміна). Магчыма, гэты летапісны запіс — яшчэ адно сведчанне ролі княгіні-удавы ў Вялікім Княстве Літоўскім у XIV ст., верагодна, як апякункі-рэгенткі пры сыне — маладым вялікім князі.
Я даўно падазраваў, што Беларусь — жаночая краіна.
У відэа выкарыстаны малюнкі Паўла Татарнікава, Ігара Гардзіёнка