Адно з самых няпростых пытанняў дваццаць першага стагоддзя — выбар будучай прафесіі. Рынак працы пастаянна змяняецца, з’яўляюцца новыя спецыяльнасці, для якіх патрэбныя новыя веды і навыкі. Час, калі можна было выбраць адну прафесію на ўсё жыццё, застаўся ў мінулым.
Ілляна Матвіенка
Вядома, такая сітуацыя — не нагода для смутку, тым больш калі ты падлетак і ўсе твае прафесійныя дасягненні яшчэ наперадзе. Галоўнае — вызначыцца з варыянтамі прафесій, якімі хочаш займацца. Але як прыняць правільнае рашэнне? Менавіта гэтае пытанне і стала нагодай сустрэчы школьнікаў — наведвальнікаў барысаўскага цэнтра моладзевых ініцыятыў “Ступени” з педагогам і псіхолагам Іллянай Матвіенка. У межах праекта “Маё права” яна распавяла падлеткам пра тое, як не згубіцца ў моры інфармацыі і выбраць спецыяльнасць па сабе.
Вось галоўныя парады для паспяховага выбару прафесіі:
Шукайце як мага больш дакладную інфармацыю, датычную прафесіі, якая вас цікавіць. Уменне (і жаданне!) даведвацца пра сябе, навакольны свет, цікаўнасць да ўсяго — ці не галоўны інструмент у дасягненні пастаўленай мэты. Бо тут ніхто не дасць вам гатовага рашэння — выбар толькі за вамі.
Аналізуйце інфармацыю, якая вам трапляецца. Прафесія рэжысёра, праграміста альбо наглядчык маяка — ці супадае рэчаіснаць з тымі прывабнымі вобразамі, якія, прыкладам, мы бачым у амерыканскіх серыялах? Яно, можа, і так, але калі ёсць магчымасць удакладніць — удакладняйце.
Чытайце таксама: Як правільна пакінуць лічбавы след – і стаць паспяховым
Арыентуйцеся не толькі на знешнія прыклады. Калі вы ўжо ўзяліся гугліць “Топ-дзесяць паспяховых у Беларусі прафесій”, то зазірніце і на буйныя парталы з вакансіямі — якія спецыялісты цяпер рэальна патрабуюцца, якія ў іх абавязкі і заробак?
Прыняць рашэнне — знайсці баланс паміж жаданнямі і магчымасцямі, а таксама не зваліцца ў шэрую руціну, дзе ёсць толькі абавязкі, дапамагае таблічка “Хачу. Магу. Трэба”. Намалюйце і запоўніце яе.
Графа “Хачу” — гэта ўсё вашыя жаданні і чаканні ад працы. Сюды ўваходзіць заробак, графік — праца ў офісе, вандроўкі альбо фрылансерскі хлеб, праца ў камандзе альбо паасобку і інш. Калі вы бачыце ў сваёй будучыні сям’ю, падумайце, як вы будзеце сумяшчаць працу і асабістае жыццё.
У графе “Магу” — усе вашыя магчымасці, ад стану здароўя да свабоды перамяшчэння. Веды ў розных галінах, таленты, навыкі, якасці, нават уменне кшталту вырабу хатняга шакаладу — усё смела запісвайце сюды.
На запаўненне першых дзвюх графаў можа сысці не адзін дзень і нават месяц. Не варта спяшацца — менавіта праз аналіз інфармацыі ў графах “Хачу” і “Магу” вы і зразумееце, якія варыянты прафесій вам падыходзяць. Іх і запішыце ў графу “Трэба”.
Калі вы ўжо вызначыліся з варыянтамі цікавых вам прафесій — шукайце магчымасць акунуцца ў іх. Падпрацоўка на цётчынай фірме, дапамога бацьку ў яго справе, дзень адчыненых дзвярэй у цікавай вам навучальнай установе — усё падыдзе. Загадзя падрыхтуйце спіс пытанняў — так ваша “экскурсія” атрымаецца больш прадуктыўнай.
І яшчэ колькі момантаў:
Для паспяховага існавання ў сучасным свеце запатрабаваныя тры тыпы навыкаў: прафесійныя (“hard skils”), сацыяльныя (“soft skils”) — навыкі камунікацыі з людзьмі — і “metaskills”, уменне валодаць сваімі эмоцыямі. Нястрашна, калі гэтых навыкаў у вас няма, — усе яны развіваюцца, пачаць працаваць з імі можна ўжо цяпер.
Цяпер амаль не засталося прафесій, дзе адсутнічае неабходнасць камунікаваць з іншымі людзьмі. Таму стрэсаўстойлівасць і ўменне адстойваць свае межы — вельмі важныя навыкі, якія дапамагаюць захаваць псіхічнае здароўе.
Дарэчы, а якія вашыя хобі? Любіце камп’ютарныя гульні, прыкладам, стратэгіі? У вас стратэгічнае і крытычнае мысленне, схільнасць да аналізу інфармацыі. “Стралялкі” кажуць пра вашую хуткую рэакцыю і ўменне працаваць у камандзе. Глядзіце меладрамы — вас цікавіць псіхалогія і адносіны паміж людзьмі, любоў да дэтэктываў — пра ўважлівасць і ўедлівасць і г.д. Развівайце гэтыя навыкі і далей, але не перастарайцеся: тое добра, што ў меру.
І не будзьце вельмі катэгарычнымі: шмат якія прафесіі перакрыжоўваюцца, а выбраць адзін раз не значыць выбраць на ўсё жыццё.
Аляксандра Дварэцкая
Фота — Зарына Кандрацьева
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!