Вясновае, цёплае, праменна-прывабнае сонца было прыемным спадарожнікам увесьчасна на працягу двух дзён у падарожжы на Лепельшчыну паэтаў Веры Буланда і Міхася Скоблы. У салон сваёй машыны кіроўца з радасцю прыняў сонечных спадарожніц – паэтак Людмілу Паўлікаву-Хейдараву і Веру Міхно – сябровак Саюза беларускіх пісьменнікаў і культурніцкага руху “Пасядзевак”.
Дзень 29 сакавіка быў не толькі пагодлівым ад сонца, але і ад сустрэчы з гасціннымі і добрымі лепяльчанамі. Раніцай у Цэнтральнай бібліятэцы горада сабралася нямала прыхільнікаў паэзіі. Вельмі прыемна, што завіталі ў бібліятэку мясцовыя паэты з літаратурнага аб’яднання “Выток”. Усе прысутныя ўхвальна прымалі размову Міхася Скоблы пра нашу родную беларускую мову, прыгадваючы радкі П. Панчанкі: “Ці плачу я, ці пяю, ці размаўляю з матуляю, мову сваю, песню сваю я да грудзей прытульваю”. Міхась, ведаючы першапачатковы варыянт гэтых радкоў, прачытаў іх перад зацікаўленай аўдыторыяй. Вельмі спадабаліся вершы паэта, і ва ўсіх аўдыторыях (яшчэ Матырынская, Стайская і Слабадская бібліятэкі)успрымалі з разуменнем гордасці за беларуса “Оду баразне”:
О баразна – беларускі акоп!
Хай дыктатура ці мор у краіне,
Хай землятрус ці сусветны патоп –
А беларус баразны не пакіне.
Людміла Хейдарава, як вынікае з яе верша “Бацькаўшчына”, “калі атрымлівала пашпарт, то мусіла запытацца ў бацькі – рускага, родам з Сібіры: якую запісаць нацыянальнасць? – Зямля, што вырасціла, дала табе ўсю тваю кроў, я ж – толькі кроў”. Футра, якое купілі пасля прададзенай бацькавай хаты, знасілася, а запавет застаўся. Гэтым запаветам кіруецца і паэтка Вера Буланда, маці якой з Расіі, заўсёды гаварыла: там, дзе вырасла, да таго месца павінна мець прыхільнасць. Ну, сапраўды, як у Скарыны: “Дзе ўскормлены, да таго месца ласку маем”. І радкі аднаго з вершаў паэтэсы пацвердзілі гэтую думку:
Прыехаць бы на Мсціж свой леташні,
Калі былі мы значна лепшымі.
Каб па лугах прайсціся босымі,
Умыцца б травамі нам роснымі,
Каб сонцам ранішнім уцерціся
Ды на вясёлку абаперціся,
Сказаць самім сабе, што весела
Пабыць у краі сваім песенным,
Хоць у цяперашнім, не леташнім,
Каб нашы думкі сталі лепшымі.
Усім спадабаўся прыезд і выступ зямлячкі Веры Міхно, якая, працуючы ўрачом, знайшла сябе і ў паэзіі, і ў беларускай мове:
Шапочуцца на мове роднай
Дубы і сосны векавыя,
І, далібог жа воўк галодны
Па-беларуску ў лесе вые.
Ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” актыўным удзельнікам сустрэчы, а таксама матырынскім хлопчыкам, якія адгадалі загадкі Міхася Скоблы, былі ўручаны, торбачкі, паштоўкі “Мы – адметныя”, дыскі з цікавосткамі “Будзьма беларусамі!” і майкі.