Што насамрэч хаваецца пад выразам «спорт па-за палітыкай»? Якую ролю можа адыгрываць спорт у жыцці грамадскай супольнасці? Пра гэта разважае аглядальнік Аляксей Гайдукевіч і прыводзіць у прыклад дзейнасць ірландскай спартыўнай асацыяцыі, мэтай якой быў і застаецца, акрамя развіцця нацыянальных відаў спорту, распаўсюд ірландскай культуры і мовы.
Не першае дзесяцігоддзе вядома, што фразамі падобнымі на «спорт — па-за палітыкай» у большасці сваёй карыстаюцца ў краінах, дзе спорт і спартыўныя арганізацыі залежныя ці цалкам падпарадкоўваюцца палітыкам.
Мінулы чэмпіянат свету па футболе ў сэнсе падобных спекуляцыяў не быў выключэннем. Пасля яго для многіх прыхільнікаў гульні міжнародныя футбольныя структуры канчаткова страцілі свой аўтарытэт.
Нягледзячы на тое, што вялікая колькасць аматараў футбола з Еўропы байкатавала першынства ў Катары, ні футбольным асацыяцыям са старога кантынента, ні гульцам-мільянерам не хапіла духу далучыцца да сотняў тысячаў фанатаў.
Фанаты Барусіі Дортмунд напярэдадні чэмпіянату ў Катары. Фота: www.ultras-tifo.net
Некаторыя еўрапейскія каманды абмежаваліся толькі некалькімі заявамі з асуджэннем недэмакратычнасці катарскіх уладаў і непразрыстасці падчас абмеркавання кандыдатуры Катара і падрыхтоўкі інфраструктуры краіны да чэмпіянату.
Можна сказаць, што ў 2022 годзе карупцыя перамагла «вялікі футбол» канчаткова. Фактычна перакрэсліўшы памкненні і дух першых англійскіх клубаў, якія стварылі футбольную асацыяцыю больш за 150 год таму як аб’яднанне на дэмакратычным падмурку дзеля папулярызацыі «народнай гульні». У якасці альтэрнатывы «арыстакратычнаму» тэнісу, што набіраў папулярнасць у тыя часы.
Безумоўна, той чын першых футбольных энтузіястаў нельга назваць палітычным у разуменні стаўлення да спорту ў Старажытнай Грэцыі. Там спартыўныя гульні былі такой жа часткай палітычнага жыцця гарадоў, як выбары, судовыя і парламенцкія паседжанні.
Але далейшыя падзеі, звязаныя з першымі крокамі такой новай з’явы для Брытанскіх выспаў, як арганізацыя спаборніцтваў і канкурэнцыя паміж гульнявымі відамі, прадэманстравалі, што не толькі спорт можа быць інструментам у руках палітыкаў. Больш за тое, спартыўныя клубы і асацыяцыі могуць наўпрост уплываць на спорт і ствараць сацыяльны запыт на змены ў палітыцы.
Спорт як геапалітычны інструмент
Найбольш яскрава выразу «спорт — па-за палітыкай» пярэчыць гісторыя супрацьстаяння на Брытанскіх выспах «ангельскага праекта» з «ірландскім». Фактычна першых спартовых праектаў у сучасным разуменні.
Нягледзячы на тое, што ірландскія віды спорту не атрымалі такую вядомасць у свеце, як ангельскія, гэтае суперніцтва дэ-факта трывае і да сённяшніх дзён. Больш за тое, упэўнена цяжка і зараз казаць, якія спартыўныя гульні больш папулярныя ў Ірландыі (як на паўднёвай, так і паўночнай частках выспы).
Каб зразумець матывацыю ірландскіх актывістаў стварыць агульнанацыянальную спартыўную арганізацыю, трэба ўзгадаць пра ролю спорту ў тагачаснай Брытаніі.
Фактычна папулярызацыя і развіццё спартыўных гульняў былі не толькі элементам выхавання моладзі і пабудовы лакальных супольнасцей, элементам самарэалізацыі зацятых аматараў спорту, натхнёных магчымасцю распаўсюдзіць свой светапогляд на вялікія масы.
Брытанскі бізнес у сярэдзіне XIX стагоддзя ўбачыў вялікі патэнцыял у спартыўных гульнях як у новым спосабе заробку. А палітыкі зразумелі перспектыўнасць прасоўвання арганізацыйных шаблонаў разбудовы сеткі спартыўных структураў у якасці «брытанскай мяккай сілы». Эфектыўнасць павольнай экспансіі брытанскага светапогляду і каштоўнасцей па ўсім свеце дзякуючы зацікаўленасці спортам і ладам жыцця на выспах.
У пэўнай ступені распаўсюд ідэі правядзення спаборніцтваў па англійскіх спартыўных гульнях і ўздзеянне асацыяцыяў на кантынент і іншыя краіны супрацьпастаўляліся нямецкай структуры «гімнастычных клубаў». Яны былі адным з ключавых элементаў уз’яднання нямецкамоўных земляў падчас Вясны народаў у 1840-х. А таксама далі штуршок для з’яўлення чэшскай арганізацыі «Сокал» — гімнастычнай супольнасці, што паўстала ў 1862 годзе і ставіла сабе за мэту трансфармавацца ў агульнаславянскую спартыўную структуру.
Чытайце яшчэ: Чэшскі «Сокал» у змаганні за волю народа
Для англійскіх спартыўных гульняў Ірландыя была першым аб’ектам для экспансіі. Ірландская футбольная асацыяцыя была арганізавана ўжо у 1874-м, Аб’яднанне рэгбі — у 1879-м.
Агрэсіўнае прасоўванне футбола, рэгбі, крыкета, хакея на траве і тэніса было часткай брытанскай палітыкі па барацьбе з ірландскім супрацівам, які ў XIX стагоддзі адбываўся не толькі на культурным і сацыяльным узроўнях, але і суправаджаўся некалькімі ўзброенымі паўстаннямі.
Папулярызацыя англійскіх спартыўных гульняў выклікала зваротную рэакцыю ў асяродках ірландскіх патрыётаў. Іх турбаваў не толькі паступовы заняпад традыцыйных гэльскіх відаў спорту, але і яшчэ большае накідванне брытанскага светапогляду на калектыўнае сумленне ірландцаў.
Таму ў 1884-м была створана Гэльская атлетычная асацыяцыя (Cumann Luthchleas Gael,больш вядомы англамоўны варыянт назвы Gaelic Athletic Association-GAA).
Акрамя дэклараванага развіцця ірландскіх відаў спорту, танцаў, мовы, тэатраў, галоўнай мэтай было сістэмнае супрацьстаянне брытанскім уплывам. Першай задачай была структурызацыя спаборніцтваў, працы клубаў, сістэматызацыя правілаў. Можна сказаць, што ірландскія спартыўныя актывісты вырашылі стварыць сетку клубаў па брытанскім узоры на базе ўжо існых лакальных спартыўных супольнасцей, якія да гэтага часу не мелі агульнай асацыяцыі.
Спартыўны бум у Ірландыі дазволіў GAA даволі хутка арганізаваць супрацоўніцтва паміж клубнымі і рэгіянальнымі структурамі. І ў 1887 годзе пасля лакальных спаборніцтваў былі праведзены першыя агульнаірландскія чэмпіянаты па гэльскім футболе і хёрлінгу.
Гэльскі футбол — традыцыйная ірландская гульня, больш падобная на рэгбі. Фота: cdn.britannica.com
Асацыяцыя амаль адразу супрацьпаставіла сябе брытанскім спартыўным структурам. Вельмі моцным крокам было ўвядзенне у 1905 годзе забароны (у GAA гэта называецца гучна — The Ban) спартоўцам, прыхільнікам, супрацоўнікам Асацыяцыі любым чынам удзельнічаць у брытанскіх спаборніцтвах.
Ірландскі спорт як элемент палітычнага супрацьстаяння
Даволі знакавай падзеяй не толькі для GAA, але і для ірландскай гісторыі была трагедыя, якая адбылася ў 1920-м на галоўным стадыёне асацыяцыі Croke Park у Дубліне. Калі ў адказ на забойствы ў гэты дзень паўстанцамі некалькіх брытанскіх паліцэйскіх і калабарантаў, узброеныя англійскія баевікі і іхныя мясцовыя памагатыя ўчынілі страляніну падчас гульні па гэльскім футболе.
У выніку былі забітыя 13 гледачоў і 1 футбаліст, 80 чалавек з 5000 прысутных на стадыёне былі параненыя. Пазней гэтыя падзеі назавуць «Крывавай нядзеляй».
На матчы па хёрлінгу адзін з заснавальнікаў Ірландскай рэспубліканскай арміі Майкл Колінс робіць сімвалічны ўкід мяча. Фота: irisharchaeology.ie
Нягледзячы на тое, што GAA разглядалася брытанцамі ў якасці аднаго з пунктаў арганізацыі супраціву — гэта арганізацыя заўжды была зрэзам ірландскага грамадства. Яго, насуперак распаўсюджаным меркаванням, нават за часы актыўнай барацьбы за незалежнасць на пачатку XX ст. раздзіралі супярэчнасці і непрыхаваная нянавісць.
Гісторыкі адзначаюць, што і на лакальным, і на ўзроўні цэнтральных структураў GAA увесь час кантактавала з брытанскай адміністрацыяй. Нават падчас актыўнай фазы паўстання 1916–1921 гг., калі былі забітыя дзясяткі і інтэрнаваныя сотні ўдзельнікаў Асацыяцыі.
Даследчык спартыўнай гісторыі і былы спартовец GAA Пол Роўз адзначае: «Адразу пасля пачатку Паўстання 1916 года GAA імкнулася ўзаемадзейнічаць з брытанскімі ўладамі, каб абараніць спартыўную дзейнасць арганізацыі...»
Не спынялася прыхаванае супрацоўніцтва з брытанцамі GAA нават падчас грамадзянскай вайны 1922–1923 гг. Калі краіну ахапіла ўзброенае супрацьстаянне паміж легальнымі ірландскім структурамі, якія пагадзіліся на стварэнне Ірландскай Вольнай Дзяржавы (фарміраванне, падкантрольнае Брытаніі, з некаторымі элементамі аўтаноміі), і часткай ІРА і іншымі мілітарнымі арганізацыямі, якія засталіся на непрымірымых незалежніцкіх пазіцыях.
Вядомыя нават факты, калі ўдзельнікі Асацыяцыі працавалі настаўнікамі ў брытанскіх школах. Але гэта не ўплывала на іхні ўдзел у структурах GAA. Хаця, напрыклад, першы прэзідэнт Ірландыі быў выключаны з арганізацыі пасля наведвання гульні па англійскім футболе, што было забаронена да 1971 года не толькі для спартоўцаў, але і прыхільнікаў ці фундатараў.
Можна сказаць, што Гэльская атлетычная асацыяцыя дзякуючы сваёй супярэчлівай гісторыі дэманструе, што спорт заўжды ёсць адлюстраваннем грамадскіх працэсаў. Зрэзам супольнасці, на якім добра бачныя ўсе супярэчнасці суіснавання людзей у палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай сферах.
Больш чым толькі спорт
Тым не менш нельга забывацца на тое, што GAA была і застаецца не проста элементам ірландскага грамадства, але і аб’ектам па фарміраванні палітычнага кантэксту і арганізацыі сацыяльнага жыцця на лакальных і агульнанацыянальным узроўнях.
Як адзначаюць ірландцы з поўначы выспы, падчас гарачай фазы ўзброенага супрацьстаяння паўстанцаў з брытанскімі ўладамі ў 1966–1998 гг. GAA у Паўночнай Ірландыі разам з касцёлам з’яўлялася арганізацыяй, якая падтрымлівала жыццё грамадаў. Менавіта спартыўныя спаборніцтвы і клубнае жыццё каталіцкай супольнасці акупаванай часткі Ольстэра спрыялі яднанню на лакальным узроўні. Асацыяцыя неаднаразова падтрымлівала палітычных вязняў.
А перамогі паўночнаірландскіх камандаў у агульных з паўднёвай часткай выспы спаборніцтвах дазвалялі адчуць еднасць нацыі і ўзаемную падтрымку ў часы тэрору і ўзброенай барацьбы ІРА.
Чэмпіён агульнаірландскіх спаборніцтваў па гэльскім футболе з Паўночнай Ірландыі Джо Броўлі (Joe Brolly) так ацэньвае ролю GAA падчас гарачай фазы канфлікту: «Увесь час трывае дыскусія аб уплыве супрацьстаяння 1969–1998 гг. на гэльскія гульні на поўначы. Нельга сказаць, што ён быў выключна адмоўны. Хаця было забіта шмат сябраў GAA...
Але клубы з поўначы ў тыя гады найбольш паспяхова выступалі на агульнаірландскіх спаборніцтвах.
Бо гэтыя тры дзесяцігоддзі асацыяцыя зрабіла нашу супольнасць на поўначы выспы надзвычай згуртаванаю. Таму што ўсё, што ў нас тады было — гэта GAA».
Вольны дух спорту
Ад самага пачатку свайго існавання Асацыяцыя не мела на мэце стварэнне структуры з уніфікаванай і аднастайнай сістэмай кіравання. Нават мадыфікацыя правілаў гульняў праходзіць праз складаную сетку ўзгадненняў на рэгіянальных узроўнях. Асацыяцыя не мае адзінага статуту як такога і дагэтуль. Так званы афіцыйны гід арганізацыі ёсць дакументам для рэгуляцыі агульнага кірунку працы клубаў. А кожнае рэгіянальнае аддзяленне мае ўласны статут, які не заўжды ва ўсім адпавядае дакументам цэнтральных органаў.
Кіраванне дзейнасцю асацыяцыі было і застаецца зараз калегіяльным. Любое рашэнне ўзнімаецца ад рэгіянальных камітэтаў да цэнтральных органаў і прымаецца пасля перамоваў і ўзгаднення на ўзроўні клубаў.
Такім чынам, кожны ўдзельнік клуба — гулец, ветэран, мецэнат альбо прыхільнік — можа выступаць з ініцыятывамі. Якія пры належнай падтрымцы з боку аднаклубнікаў могуць быць рэалізаваныя не толькі на лакальным узроўні.
Адзін з лагатыпаў GAA. Фота: siiimagesmeda.s3.eu-west-1.amazonaws.com
Такая складаная сістэма арганізацыі прыняцця рашэнняў не аднаразова крытыкавалася. У сувязі з разбудовай Асацыяцыі рэалізацыя некаторых ініцыятываў, асабліва мадэрнізацыя правілаў, займае шмат часу. Але пакуль што «Гэльскія атлеты» не збіраюцца змяняць алгарытм прыняцця рашэнняў, каб не парушаць традыцыю першынства ролі клубаў у жыцці Асацыяцыі. І кіравацца прынцыпам аб’яднання на падставовых каштоўнасцях, дапускаючы шматварыянтнасць і ўвесь час дамаўляючыся, шукаючы кансэнсус.
Такім чынам, спартыўная арганізацыя спрычынілася да развіцця ў ментальнасці ірландцаў запыту на нізавую дэмакратыю, моцныя мясцовыя структуры, пабудаваныя на дабрачынных, валанцёрскіх прынцыпах, давер да шараговых сябраў клубаў.
Удзел сябраў Асацыяцыі ў барацьбе супраць брытанцаў заклаў у падмуркі грамадства разуменне неабходнасці спорту для фарміравання патрыятызму і адказнасці ў моладзі.
Для сучаснага спорту, як на захадзе, так і на ўсходзе ўзгаданыя каштоўнасці наўрад ці ўласцівыя.
Дыктат з боку бізнесу, палітыкаў схаваў ад звычайных гледачоў і прыхільнікаў цноты вольнага духу і чыстага суперніцтва, уласцівыя першым спартовым энтузіястам. Большасці сучасных спартоўцаў з тысячнымі даходамі няма справы да таго, хто ім плаціць. Яны згодныя паўтараць любыя тэзы пра «спорт па-за палітыкай», альбо іншыя. Абы задаволіць крыніцу сваіх даходаў, няхай і поўную крыві.
У такім разе той вялікай колькасці гледачоў і прыхільнікаў, якія плацяць за квіткі на арэны, глядзяць трансляцыі, варта добра задумацца, ці не з’яўляецца «спажыванне» такога спорту амаральным учынкам. Падобным да канфармізму большасці спартоўцаў-мільянераў. А яшчэ зазірнуць у гісторыю, даведацца пра сутнасць спорту і ягоную першапачатковую высокую місію.
Тым больш, што прыклад GAA яскрава сведчыць пра тое, што «іншы спорт» магчымы — з гульцамі-валанцёрамі, якія не атрымліваюць заробкі, удзелам мясцовых супольнасцей у працы клубаў, стварэннем Асацыяцыяй палітычных кантэкстаў на нацыянальным узроўні.
Аляксей Гайдукевіч, budzma.org