У Магiлёве ў ДК вобласці ў межах «Залатога Шлягера — 2011» 4 кастрычніка адбыўся канцэрт вядомага беларускага гурта J: Морс. Рашэнне запрасіць гурт прыйшло да арганізатараў не адразу — усё ж гэта не зусім фармат звыклага “Шлягера”. Кагосьці такое новаўвядзенне парадавала, кагосьці здзівіла.
Група прыехала на “Шлягер” у межах свайго восеньскага тура па краіне з новым альбомам «Электрычнасць». Называецца тур «Электрыфікацыя ўсёй краіны», і ўвесь канцэрт лідар групы Уладзімір Пугач бегаў па зале і спрабаваў наэлектрызаваць млявую магілёўскую публіку.
Кагосьці разварушыць удалося. Хаця нельга не адзначыць, што з самага пачатку ў праходах танцавалі людзі, якія купілі квіткі сапраўды на выступ гурта, а не атрымалі іх ад прафсаюзаў і дырэкцыі замест прэміі (усе мы ведаем, як распаўсюджваюць квіткі на мерапрыемствы ў розных арганізацыях). Астатнія сядзелі ў здзіўленні — думалі, прыйдуць на «Шлягер», паслухаюць папсу, а тут J: Морс.
Пра выступ гурта нічога асаблівага таксама сказаць нельга. Выступілі добра, адыгралі, выклаліся. Якасны поп-рок — гэта ўсё ж не рок у чыстым выглядзе, так што нават бабулі і дзядулі, якія выпадкова трапілі на канцэрт, атрымалі задавальненне. Але фармат выступу, вядома, засмучае. Усё ж не тая музыка, каб пускаць людзей у залу, застаўленую шэрагамі крэслаў. Танцаваць моладзі было няма дзе, Уладзімір Пугач самотна і дарэмна бегаў па праходах, спрабуючы прымусіць людзей хоць падпяваць. Толькі пры канцы вечара ўсе больш ці менш уцягнуліся, пачалі спяваць, пляскаць, танцаваць пад сцэнай.
Вельмі шкада, што магілёўцы не знайшлі для гурта іншай пляцоўкі. На канцэрце адназначна не хапала драйву і энергетыкі, хоць група старалася з усяе сілы.
Зрэшты, для «Шлягера» гэта ўжо вялікае дасягненне, усё ж арганізатары пастараліся не даць яму памерці і паспрабавалі паступова падключыць да фестывалю і моладзь. Выбар стаяў паміж Аляксандрам Саладухам і групай J: Морс. Вельмі радуе, што арганізатары ўсё ж выбралі апошніх.