23 студзеня ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” і акцыі 500-годнасць, прысвечанай юбілею беларускага друку, курортны пасёлак Нарач наведаў літаратар Андрэй Хадановіч. Сустрэча адбылася ў мясцовым літаратурным клубе “Кашалот”, у Цэнтры творчасці і турызму дзяцей і моладзі Мядзельскага раёна. Публіка сабралася розная – маленькія дзеткі, іх бацькі, а таксама сталыя аматары літаратуры. Паэт не меў выбару – і пачаў вершамі з кніжкі “Нататкі таткі” і гісторыямі яе стварэння. Па ходзе чытання аўтар звяртаўся да маленькіх слухачоў з пытаннямі, на якія атрымліваў слушныя, а часам і дасціпныя адказы. Потым гасцінная публіка дазволіла паэту перайсці да больш дарослага рэпертуару. Прагучалі вершы з кнігі “Цягнік Чыкага-Токіё”, а таксама некалькі вершаваных перакладаў з французскіх паэтаў Шарля Бадлера і Гіёма Апалінэра. Найбольш энтузіязму выклікаў верш “Беларускія мужчыны”, а таксама пераклад бадлераўскага “Запрашэння ў падарожжа”. Слухачы запрасілі паэта-перакладчыка часцей падарожнічаць і ў кірунку Нарачы, а госць з відавочнай радасцю злавіў іх на слове, паабяцаўшы прыехаць улетку. Літаратурны клуб толькі пачынае сваё жыццё – і арганізатары маюць намер зрабіць яго імпрэзы рэгулярнымі, тым больш цудоўная нарачанскія мясціны і іх не менш цудоўныя жыхары здольныя завабіць да сябе і іншых паэтаў, музыкаў ды перакладчыкаў.