Аграсядзібы за апошнія дзесяць гадоў ператварыліся ледзь не ў галоўны від адпачынку для турыстаў і мясцовых жыхароў – уявіце самі, цяпер на тэрыторыі Беларусі дзейнічае больш за паўтары тысячы аграсядзібаў. Але ці можна назваць іх беларускімі ў поўным сэнсе гэтага слова? Ці трэба надаваць уласнай сядзібе нацыянальны каларыт? Ці зможа беларускасць стаць паспяховым бізнес-трамплінам для ўладальнікаў сядзібаў?
Гэтыя і іншыя пытанні кампанія “Будзьма беларусамі!” абмеркавала разам з уласнікамі аграсядзібаў Віцебскай вобласці і запрошанымі экспертамі падчас семінара “Што такое аграэкасядзіба ў беларускім стылі?”, што адбыўся ў Лепелі.
Віцебская вобласць налічвае больш за сотню актыўных аграсядзібаў, але ці ўсе ўласнікі прапануюць сваім гасцям апроч адпачынку хаця б кавалачак беларускай культуры?
“Сёння аграсядзібы “канфліктуюць” з катэджамі, – расказвае эксперт, саўладальнік партала Holliday.by Андрэй Барашка. – Апошнія, дарэчы, з’яўляюцца проста месцам адпачынку і не маюць ніякага культурніцкага пасылу”.
“Што важна для турыста, які вырашыў правесці свой адпачынак на сядзібе? Не ў апошнюю чаргу – асоба гаспадара, – кажа Валерыя Кліцунова, старшыня праўлення грамадскага аб’яднання “Адпачынак у вёсцы”. – Сядзіба – гэта працяг, увасабленне індывідуальнасці гаспадара. Мы мусім быць адметнымі, інакш навошта камусьці да нас увогуле ехаць? Пры гэтым дзяліць сядзібы на правільныя і няправільныя не мае сэнсу”.
Удзельнікі дыскусіі, гаспадары аграсядзібаў, кажуць, што мэтавыя турысты, канечне, цікавяцца аўтэнтыкай – старымі рэчамі, гісторыяй мясцовасці, “духам месца”, але такіх турыстаў адносна няшмат.
Адразу прыгадаўся турыстычны комплекс у Наносах – адкрыўся ён зусім нядаўна, аднак месцы ў ім распісаныя надоўга наперад, і, дарэчы, Наносы, можна сказаць, створаныя на беларускім каларыце.
Турысты, якія цікавяцца адпачынкам на аграэкасядзібах, пытаюцца пра дадатковы комплекс паслугаў – што ўласнікі могуць прапанаваць у крокавай дасяжнасці ад месца (асаблівым “попытам” карыстаюцца лес і возера).
“За тры гады ў мяне ў сядзібе спыняўся толькі адзін заходні турыст, немец, – дзеліцца досведам адзін з уласнікаў. – Яго цікавіла якраз аўтэнтыка, каб прыбіральня была на дварэ, каб былі хатнія жывёлы, якіх можна пакарміць. Але гэта быў выключны выпадак, урэшце, у Літву і Латвію людзі едуць не за мясцовым каларытам?”
У пошуках новай фішкі
Ці варта засяроджвацца на мясцовым каларыце? Паколькі панятак гэты вузейшы за агульнанацыянальны, то і вынікі могуць быць цікавымі.
“Я маю невялікі ўласны музей этнаграфіі, – кажа адзін з удзельнікаў дыскусіі. – Калі расказваць пра тое, што калісьці адбылося проста на гэтым месцы, у нашай мясцовасці, то турысты будуць слухаць і нават не захочуць сыходзіць. Прывязка да месца – вельмі моцны фактар”.
“Ці павінна ўсё ў сядзібе быць аўтэнтычным? – разважае Вольга Маханенка, галоўны спецыяліст Лепельскага райвыканкама, каардынатарка некалькіх турыстычных праектаў, уладальніца аграсядзібы. – І ўвогуле, што мы разумеем пад аўтэнтычнасцю? Мову – гэта найперш. Пэўныя старыя рэчы, якія могуць адразу зацікавіць турыста, – гэта другое. Можа, варта прапанаваць гасцям паўдзельнічаць у нейкіх абрадавых традыцыях, увесці ў адпачынак інтэрактыўнасць? Урэшце, чаго хоча замежнік? Пажыць вясковым жыццём, адпачыць, як кажуць палякі, нікога не бачыць, адпачыць ад рэкламы, ад цывілізацыі”.
Якія ж пункты ў “праграме адпачынку” выяўляюцца самымі перспектыўнымі, што прапанаваць турысту?
- Цішыня і прырода
- Вясковы лад жыцця: сельская гаспадарка, побыт, жывёлы
Мясцовыя асаблівасці. Але ці дастаткова гэтага? І ці хіба нашых аграсядзібаўцаў не ў тым, што яны сябе ад пачатку не зусім правільна пазіцыянуюць.
“Мы даследавалі некалькі сайтаў з прапановамі па адпачынку на аграсядзібах, – кажа Андрэй Барашка. – З больш чым 900 прапановаў, анкет на сайтах толькі адзін уласнік пазіцыянуе сваю сядзібу не праз фота дома. А як абраць з 900 аднолькавых фота? Назвы сядзібаў таксама не вельмі арыгінальныя, аднак ёсць спробы пазіцыянаваць сябе менавіта праз аўтэнтыку – сядзіба “Тартак”, ці “Дзедава спадчына”. Часам трапляюцца назвы на трасянцы, і гэта дае падставы думаць, што гаспадар слаба клапоціцца пра “якасць” нацыянальнага каларыту сваёй сядзібы”.
“Толькі дзевяць з 900 гаспадароў прапануюць сваім турыстам нейкія майстар-класы, – працягвае думку спадара Андрэя Дарына Дзем’янкова, менеджар па працы з кліентамі парталу Holiday.by. – Калі побач з вашай сядзібай праходзіць зялёны маршрут, згадайце гэта ў сваёй аб’яўцы, калі вы лічыце, што нешта можа стаць турыстычнай фішкай, вы самі павінны гэта прасоўваць”.
Уласнікі аграсядзібаў прыгадваюць і пра тое, што ў Беларусь турысты часам едуць у пошуках савецкага каларыту. Гэта добра ці не? Адны мяркуюць, што гэта праблема для Беларусі, бо не хочацца быць адзінай краінай, якая назаўжды засталася “там”. Некаторыя лічаць наадварот – “менавіта за гэта нас паважаюць суседзі, за тое, што мы не адмовіліся ад савецкага мінулага”. Насамрэч гэтая спрэчка ў турыстычным бізнесе існуе не першы год і будзе існаваць яшчэ вельмі доўга.
“Турысты не заўжды атрымліваюць тыя эмоцыі, на якія разлічваюць, – кажа стваральнік сайта shukaj.by Яраслаў Ліхачэўскі. – Не трэба на сто адсоткаў падстройвацца пад турыста, варта падстроіцца ў першую чаргу пад сябе і такім чынам даць турысту тыя ўражанні, на якія ён нават не разлічвае. Часам ёсць адчуванне, што ўласнікам аграэкасядзібаў проста бракуе “гарызантальнай” камунікацыі паміж сабой, а гэта тая рэч, якая дапамагла б бізнесу развівацца”.
І ўрэшце, што галоўнае для беларусаў, калі мы хочам, каб да нас ехалі з цікавасцю? Ганарыцца месцам, дзе жывеш, і з гонарам прасоўваць сваю і нацыянальную гісторыю – яно і турыстам цікава будзе, і для бізнесу карысна.
Мікалай Левертаў, фота Зарыны Кандрцьевай