З’яўленне фатаграфіі спарадзіла спрэчкі пра знікненне жывапісу, з’яўленне кінематографа — пра непатрэбнасць фатаграфіі, з’яўленне тэлебачання — пра хуткае апусценне кінатэатраў. Але, як мы бачым, усяму знаходзіцца патрэбнае месца і час. Пра тое, як узаемадзейнічаюць паміж сабой мастацтва слова і мастацтва руху, чаму варта вучыць студэнтаў, навошта шмат чытаць і глядзець кіно, у новай серыі праекта «Захапленнi» расказвае кінасцэнарыст, драматург і рэжысёр Андрэй Курэйчык.
— Мяне цяперашняга не было б без захапленняў усяго майго жыцця — кіно і літаратуры. Чытанню я заўсёды прысвячаў вельмі вялікі адрэзак часу. Ужо ў дзесяць-адзінаццаць гадоў праводзіць за кнігамі каля шасці гадзін было для мяне нормай. Аказалася, што я не кампанейскі хлопец і люблю знаходзіцца дома. У асяроддзі бацькоўскай бібліятэкі мне ніколі не было сумна: савецкая фантастыка, сусветная класіка, біяграфіі і даследаванні захаплялі так, што неўзабаве я пачаў не толькі чытаць, але і пісаць пераймальныя тэксты.
Пазнаёміўшыся з кнігай і закахаўшыся ў яе, мне таксама захацелася пісаць. А калі ў пачатку дзевяностых з’явіліся замежныя фільмы («Кінг-Конг», «Зорныя войны», «Палёт навігатара», «Каханак лэдзі Чатэрлі»), мая дзіцячая свядомасць трапіла ў палон магіі кіно. З тых часоў кінематограф стаў маім другім захапленнем, і сёння ў мяне гіганцкая калекцыя кінастужак — ад класікі да найноўшых фільмаў і серыялаў. Усё гэта, вядома, паўплывала на тое, што сярод маіх пісьменніцкіх эксперыментаў значнае месца пачалі займаць кінасцэнары.
Я лічу, што мова літаратуры вельмі дрэнна перакладаецца на любыя іншыя мовы мастацтва. Бо ўяўленне, якое патрабуецца ад чытача падчас чытання любога мастацкага твора, стварае такія вобразы, сілу якіх цяжка пераадолець. Менавіта таму, да прыкладу, удалыя экранізацыі вядомых літаратурных твораў атрымліваюцца вельмі рэдка. Як бы ні стараліся сцэнарысты, рэжысёры і акцёры выканаць свае задачы максімальна прафесійна, іх праца можа лёгка абясцэніцца адной думкай гледача: «Я сабе гэта ўяўляў зусім па-іншаму».
Існуюць аўтары, творы якіх асабліва цяжка змясціць у рамкі кіно. Для мяне такі аўтар — Дастаеўскі. Мне здаецца, што акцёры проста не ў стане прапусціць праз сябе той гіганцкі аб’ём думкі, запалу, энергіі, якія закладзены ў тэкстах Фёдара Міхайлавіча. Магчыма, трэба пакінуць спробы экранізацыі, даўшы чытачам права самім візуалізаваць складаную філасофію і псіхалогію твораў вялікага пісьменніка. У той жа час, можна бачыць супрацьлеглыя сітуацыі, калі фільм атрымліваецца лепшым за кнігу. Прыкладам такога выніку для мяне ёсць «Салярыс» Андрэя Таркоўскага. У дадзеным выпадку адбыўся нейкі неверагодны прарыў у развіцці той філасофіі, той пачуццёвасці, вобразнасці, якая толькі пазначаная ў кнізе Станіслава Лема. Рэжысёр раскрыў сэнсы твора значна глыбей, чым гэта зрабіў сам пісьменнік.
Чытачы назавуць нямала кніг, якія ўзрушылі светаўспрыманне людзей самых розных краін і культур. Кінааматары вылучаць дзясяткі кінастужак, якія немагчыма сцерці з памяці. І тое, і другое ўздзейнічае на мысленне ўдумлівага гледача і чытальніка. Пры гэтым я заўсёды памятаю, што літаратура — гэта мастацтва, якое існуе тры тысячы гадоў, а кіно — крыху больш за сто. Уплыў, які зрабілі кнігі на чалавецтва, цяжка пераацаніць — ён каласальны. І хоць колькасць чытачоў памяншаецца, яны нікуды не знікнуць. Таму што замяніць адчуванні, якія атрымліваеш ад чытання, на тыя, што дае прагляд фільма, немагчыма. Важна, каб чалавек не «праскочыў» магчымасць стаць чытачом. І тады, адчуўшы глыбіню і тонкасць узаемадзеяння ўласнага інтэлекту з аўтарскім тэкстам, ён не стане замяняць чытанне глядзеннем, але знойдзе спосаб і час атрымліваць задавальненне ад абодвух відаў мастацтва.
У мяне заўсёды знойдзецца час прачытаць кнігу або паглядзець фільм. Гэта проста частка майго жыцця. Але варта адзначыць, што з кіно гэтае пытанне вырашаецца прасцей дзякуючы маёй працы ў хатніх умовах. Калі я пішу, мне некамфортна знаходзіцца ў цішыні, можа дайсці нават да страху і нянавісці да ўласных герояў. Для вырашэння гэтай праблемы я ўключаю той ці іншы фільм, які гляджу краем вока. У гэтым ёсць пэўныя перавагі: назіраючы фантастычныя ўзоры сусветнага кінематографа, адчуваеш яшчэ большую патрэбу і са сваімі персанажамі зрабіць нешта зусім незвычайнае і вельмі цікавае. Кіно натхняе мяне рабіць кіно.
Кіно для мяне — гэта тое, што я раблю нават не таму, што ведаю, як гэта рабіць, а таму, што гэта і ёсць я ў самой сваёй сутнасці. Магу вызначыць сябе як чалавека кінематографа, які разумее, як будаваць кадры, пісаць кінадыялогі, праявіць характары герояў, раскрыць драматургію, і ўсё гэта — на нейкім інтуітыўным узроўні. Хоць я выкладаю гэтую навуку, што змушае лагічна тлумачыць яе законы студэнтам, зусім дакладна перадаць усё ўменне пранікаць у самую глыбіню працэсу мне не ўдаецца. З часам я ўсвядоміў, што кіно для мяне — гэта пакліканне, ключамі якога немагчыма падзяліцца на рацыянальным узроўні. Дзе б і чаму б чалавек ні вучыўся, кожны мае свой, індывідуальны шлях развіцця.
Чалавеку, звязанаму з творчасцю, заўсёды цікава ўзаемадзейнічаць з асяроддзем, у якім ён жыве. У гэтым ключы беларускі кінематограф для мяне — адна з першачарговых праблем, з якімі я працую. Хоць у нас ёсць пэўная гісторыя і выдатныя ўзоры кінамастацтва, усё ж відавочная адсутнасць уласнай аўтэнтычнай мовы кіно, падобнай да той, што ёсць у Францыі, Італіі, Румыніі, Расіі. Але ў нас ёсць шанец нарадзіць яе. Таму кожнаму, хто прысвячае сябе кінематографу ў нашай краіне, варта здымаць пра тое, што баліць, пра сучасную Беларусь, той мовай — умелай, няўмелай, — якой атрымліваецца выказвацца. І калі нешта зрушыцца, зможа з’явіцца кіно.
Я стараюся зрабіць свой уклад у развіццё нашага кінематографа не толькі навучаннем студэнтаў, але і ўласнымі пастаноўкамі. Мой вопыт здымкі незалежнага кіно «Вышэй за неба» паказаў, што можна не толькі такі фільм зняць, але і зацвердзіць яго на дзяржаўным узроўні. Атрымалася ў мяне — атрымаецца і ў іншых.
Калі ты здымаеш свой уласны фільм, трэба быць гатовым да вырашэння любых праблем. Хтосьці пойдзе шляхам размеркавання функцый, я ж стараўся максімальна ўключацца ў кожны працэс. Але гэта быў не абавязак, гэта была магчымасць: быць рэжысёрам, глядзець праз аб’ектыў аператара, прыдумляць эскізы, дэкарацыі, касцюмы з мастаком і гэтак далей. Калі я раблю пастаноўку ўласнага сцэнару, то, як пісаў Андрэй Таркоўскі, узнікае цэласнасць, гармонія, сіла таго ладу, які першапачаткова нарадзіўся, а затым дайшоў да экрана. Вядома, не разлічваць на дапамогу іншых досыць наіўна і я не замкнуўся сам на сабе. Супрацоўніцтва з маім калегам, сябрам, другім рэжысёрам карціны Дзмітрыем Марыніным адкрыла новыя гарызонты ў кіраванні, тэхналогіі працэсу, драматургіі і эстэтыцы. Дзякуючы такому ўзаемадзеянню маё жаданне быць на здымачнай пляцоўцы «ўсім і ўся» было рэалізаванае яшчэ больш прадуктыўна.
Ёсць шмат людзей, з якімі б я хацеў папрацаваць разам. З прадстаўнікоў старэйшага пакалення гэта Сяргей Юрскі, Валянцін Гафт, Сяргей Шакураў, Эмануіл Вітарган, Наталля Ценякова. У некаторых новых фільмах і серыялах я бачу бліскучых маладых акцёраў. Яны асабліва жывыя і нават нейкія незвычайныя. У Беларусі таксама ёсць шмат унікальных артыстаў, з якімі мне было б вельмі цікава супрацоўнічаць. Такія людзі натхняюць на напісанне новых сцэнараў і здымку новых карцін.
Добры сцэнар — палова справы. Мне здаецца, што драматургаў у кожнай краіне свету можна пералічыць на пальцах адной рукі. Так заўсёды было, ёсць і будзе, нас заўсёды нашмат менш, чым паэтаў і літаратараў, да прыкладу. Драматургія — вельмі спецыфічная прафесія, пра якую кажуць, што яна парламент літаратуры. Прадуманая, глыбокая, шчырая праца драматурга і рэжысёра можа даць вельмі каштоўны плён. Пачаць можна з экранізацый таго, што ўжо напісана. Булгакаў, Сомерсэт Моэм, Шэкспір — усё гэта магчымасці зрабіць разумнае, добрае, яркае кіно для новага пакалення кінаманаў і проста масавага гледача.
Вельмі цікава рухацца наперад разам з прагрэсам узаемадзеяння традыцыйных, раней дастаткова закрытых відаў мастацтва. Цяпер тэатр, кіно, тэлебачанне, літаратура, мастацкія формы злучаюцца разам. Мне здаецца, працэс іх узаемапранікнення вельмі хутка прывядзе да нейкай сінтэтычнай формы. І я спадзяюся, што гэтая форма спародзіць і новыя ўзроўні сэнсаў, якія транслююцца мастацтвам.
Ганна Трубачова, Ганна Шапашнікава
Фота — Аляксандр Tarantino Ждановіч
Журналісцкае агенцтва «Таранціны і сыны»