Аднойчы ён сеў у човен і пачаў спасцігаць рэкі кіламетр за кіламетрам. Быць адначасова ліхім авантурыстам і ўпэўненым прагматыкам, выконваць традыцыі і імкнуцца да новых плыняў – рэчы, здаецца, часцяком несумяшчальныя, але рэальныя для гэтага чалавека. Наш герой, Андрэй Саўчанка, рэжысёр, акцёр і выкладчык, мастацкі кіраўнік тэатральнага праекта Андрэя Саўчанкі і акцёрскіх курсаў АРТФАКТАР, уласным прыкладам паказвае, як быць закаханым у сваю краіну і імкнуцца да пошуку гармоніі з прыродай і чалавечым светам. У новай серыі праекта «Захапленнi» ён разважае пра адпачынак па-беларуску, пра прагматычную і авантурную нацыю беларусаў, пра любоў да айчыннага клімату.
– Кожны чалавек вольны выбіраць, як яму адпачываць. Аднак у мяне ёсць дастаткова канкрэтнае разуменне, што, знаходзячыся ў горадзе асноўную частку жыцця, чалавек страчвае ўяўленне сябе як часцінкі прыроды і навакольнага свету і адчувае велізарны недахоп элементарнага кіслароду. Жаданне дыхаць свежым паветрам і адчуваць прастору роднай зямлі сталі для мяне галоўнымі крытэрамі ў выбары адпачынку ў Беларусі. Менавіта таму я падарожнічаю на чаўнах.
Аднойчы мае сябры селі ў човен у парку Горкага ў Мінску і паплылі па Свіслачы ў вандроўку. Я далучыўся да іх ў беларускай вёсцы Турэц. Гэта было маё першае сур’ёзнае падарожжа на чоўне, і пасля яго я стаў заўзятым аматарам захапляльных вандровак па беларускіх рэках.
Кожная мая вандроўка звычайна пачынаецца са званка да сяброў, з якімі мы разам здзяйсняем маленькія сплавы па рэках Беларусі. Калі мы адчуваем, што час надышоў, тэлефануем адно аднаму і кажам: “Ну што, праз тыдзень, у суботу, ты можаш?” Дамаўляемся пра час і дзень і вяртаемся дакладна ў тое самае месца Беларусі, дзе спыніліся апошні раз. І з яго робім наступны віток.
У сваіх падарожжах па рацэ я адчуваю сябе прагматычным авантурыстам.
Сутнасць авантуры ў маіх вандроўках простая: заўсёды прысутнічае вялікая імавернасць таго, што запланаваны маршрут абернецца сапраўднымі прыгодамі, непрадказальным кашмарным надвор’ем, моцнай плынню, парогамі з вострымі камянямі… Філасофія падарожжа прадуманая такім чынам, што ты будзеш не проста рухацца па плыні, а сутыкнешся твар у твар з выпадковымі здарэннямі. Напрыклад, неверагодная навальніца можа збіць з дарогі на вадзе і ўскладніць арыентацыю на мясцовасці. А падчас нашай апошняй вандроўкі было складана з транспартам, таму мы мусілі ісці 8 кіламетраў пешшу.
Насамрэч вандроўкі па беларускіх рэках з сябрамі патрабуюць дастаткова грунтоўнай падрыхтоўкі. У падарожжы на чаўнах ты павінен спланаваць рух і моц людзей і вывесці іх у адпаведны час у адпаведнае месца Беларусі: аўтамабіль з сябрамі не будзе заўжды чакаць цябе на любым прамежку тваёй вандроўкі, таму пытанне з транспартам таксама вырашаецца загадзя.
Паколькі падарожжа на чаўнах – наша даўняе захапленне, то з цягам часу ўзнікла традыцыя дзяліцца кавалачкам хлеба, сушкі або сухарыка з тым месцам, у госці да якога ты прыходзіш па забаву і адпачынак. Ведаеце, адчуваю сябе крыху спакайней, калі кавалак хлеба падарыў рэчцы або птушкам, якія прыляцяць на гэтую рэчку. Вось такая няхітрая традыцыя дзяліцца з прыродай, але мы сумленна яе выконваем.
Калі б мяне раптоўна закінулі ў іншую частку свету і запыталі, як мне жывецца ў нашай краіне, першае, што б я вымавіў, – “добра, мне у Беларусі добра”. Многія беларусы любяць скардзяцца, што ім чагосьці не хапае, напрыклад, сонца. Можна сказаць, што нам не хапае сонца, і гэта хутчэй за ўсё праўда. Калі б у нас было больш сонца, мы былі б больш адкрытымі, больш сустракаліся з людзьмі. Але для мяне беларускі клімат ідэальны: у нас бывае цёпла, бываюць дажджы, у нас бывае сонейка, бывае вясёлка.
Дарэчы, гэтым летам шмат разоў бачыў вясёлку. Кажуць, што там, дзе пачынаецца вясёлка, закапаты скарб. Мне чамусьці падаецца, што беларусы цяпер – скарбашукальнікі. Раней яны былі скарбахавальнікі: усе скарбы прыхоўвалі. Цяпер прыйшоў час гэтыя скарбы вырываць. Я маю на ўвазе не толькі грошы і каштоўнасці, але і дух, душу, гонар, нейкую сваю струну.
У нашай краіне ёсць супольнасць людзей, якія шукаюць сакральны, духоўны, актыўны адпачынак у Беларусі. Гаворка ідзе не пра бяздумнае ляжанне пад гарачым сонцам альбо “экатурызм” на градках, я маю на ўвазе паходы з намётамі, пешыя туры, сплавы па рэках, у якіх беларусы выкарыстоўваць сваю фізічную і духоўную моц.
Вось мае сябры прыехалі ў вёску Забор’е на Полаччыне, папрасілі, каб ім аддалі старую школу, зрабілі з яе велізарны дом і прымаюць там гасцей, арганізуючы актыўныя і дужа цікавыя віды адпачынку. Калі я там бываю, то адчуваю, быццам апынуўся ў нейкай іншай прасторы, нейкай іншай галактыцы, уяўляю, што жыву ў іншым рытме часу. На маю думку, гэты прыклад можа натхняць беларусаў на пошукі ўласнага адпачынку ў краіне, дзе яны жывуць.
Мне складана ўявіць сябе без сплаваў па маляўнічых рэках Беларусі. Па-першае, гэта добры адпачынак ад людзей, з якімі я шмат працую па абавязку службы (то бок я атрымліваю магчымасць зноўку засумаваць па іх), а па-другое, як цудоўна пасля такіх вандровак вяртацца дадому. Але між тым ты адчуваеш гонар ад усведамлення, што “мы гэта зрабілі”. Здзейснілі яшчэ адну неверагодную вандроўку ў краіне, якую любім.
Асаблівая падзяка удзельніцы экспедыцыі Вольхе Савіч за дапамогу ў здымках у якасці фатографа і аператара.
Ганна Трубачова, Аліна Віславус
Фота – Аляксандр Tarantino Ждановіч
Журналісцкае агенцтва «Таранціны і сыны»