Урачыстасць сабрала шмат людзей, неабыякавых да справаў Ашмянскага краязнаўчага музея імя Ф. Багушэвіча. У ліку запрошаных былі прадстаўнікі афіцыйных устаноў і проста аматары музейных імпрэзаў. Ужо на ўваходзе можна было пазнаёміцца з новай выставай, прысвечанай юбілейнай даце.
Адкрыла мерапрыемства намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Людміла Каханоўская. У сваёй прамове яна павіншавала супрацоўнікаў музея з юбілейнай датай, пажадала творчага натхнення і поспехаў у здзяйсненні ўсіх задумаў, паведамляе 20 кастрычніка сайт газеты “Ашмянскі веснік”.
Адкрыццё ўстановы стала важнай падзеяй у культурным жыцці Ашмяншчыны і выклікала вялікую цікаваць людзей. Пра гэта сведчыць такі факт – у дзень адкрыцця музей наведала больш за дзве тысячы чалавек.
Больш падрабязна пра развіццё ўстановы прысутныя даведаліся з відэафільма “Гісторыя музея”, які агучыў Аляксандр Спірыдонаў. Ля вытокаў музейнай справы першапачаткова стаялі дырэктар Анатоль Кушнароў і яго падначаленыя Вікенцій Свенціхоўскі, Браніслава Лакуціеўская і Іван Багушэвіч.
Далейшыя архіўныя і даследчыцкія дасягненні па праве належаць дырэктару музея, пазней – супрацоўніку рэдакцыі раённай газеты, Аляксандру Каранеўскаму. Менавіта ён стаў укладальнікам кнігі “Памяць. Ашмянскі раён”.
Яшчэ адной старонкай гісторыі музею стала праца пад кіраўніцтвам Дануты Васілеўскай. Гэта была эпоха, калі краіна жыла “па запаветах Леніна”. У сценах музея ладзіліся піянерскія зборы, праводзіліся ўрокі мужнасці, адбываліся сустрэчы з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны і працы. Музейныя супрацоўнікі арганізоўвалі і выставы народнай творчасці, дзякуючы якім сталі вядомымі імёны многіх ашмянскіх умельцаў.
Надышлі складаныя часы, калі супрацоўнікам даводзілася працаваць ва ўмовах адсутнасці экспазіцыі, у ледзь прыстасаваных памяшканнях. Кіраўніцтва ўстановай узяла на сябе Жанна Іванова. Яна аддала музею больш за чвэрць стагоддзя, з іх пятнаццаць год яна ўзначальвала калектыў. За гэты перыяд адбыліся значныя змены: афармляліся перасоўныя выставы, на сустрэчы запрашалі народных майстроў і паэтаў, была ўведзена новая форма работы – музейны занятак, а калектыў далучыўся да ўдзелу ў міжнароднай акцыі “Ноч музеяў”, ішла праца над стварэннем тэматыка-экспазіцыйнага плана новай экспазіцыі. Але галоўнай падзеяй стаў доўгачаканы пераезд у гістарычны будынак былой аптэкі ў цэнтры горада. Пра гэта ў свой час паклапацілася Валянціна Лузіна. Тагачасны старшыня райвыканкама Юрый Адамчык ініцыятыву ўхваліў, і ў 2009-м годзе будынак пасля рэстаўрацыі адчыніў дзверы для жыхароў і гасцей Ашмяншчыны.
Жанна Іванова пастаралася прыгадаць імёны ўсіх сяброў і калег, з якімі ёй давялося сустракацца і працаваць. Словы ўдзячнасці яна адрасавала музейшчыкам са стажам – Валянціне Цішчанцы і Ірыне Бусловіч. Успомніла, што музейныя імпрэзы наведвалі госці не толькі з нашага горада і нават не толькі з Беларусі, але і з іншых краін Еўропы, Амерыкі і нават з Паўднёвай Афрыкі.
Вядучыя прыгадалі, што першым экспанатам, які быў зарэгістраваны ў кнізе паступленняў 26 ліпеня 1954 года, стала медная дзвюхакапеечная манета 1907 года. На сённяшні дзень у фондах музея сабрана каля 24 тысяч прадметаў, якія падзелены на 17 калекцый.
Цягам амаль сарака год аддзел фондаў узначальвала Валянціна Цішчанка. За гэты час змяніліся чатыры дырэктары, многа супрацоўнікаў, а яна працягвала сваю працу. У сваёй прамове яна падзялілася ўспамінамі пра былыя дні.
Вядучыя нагадалі і пра ўклад Вольгі Краско, якая наводзіла чысціню і ўтульнасць у музейных залах.
Сувеніры і музычны падарунак былі падрыхтаваныя для тых, хто звязаў з музеем частку свайго жыцця і завітаў на святочнае мерапрыемства.
Слова было прадстаўлена дырэктару СШ №1 Міхаілу Гружэўскаму. Ён зачытаў прывітальны адрас дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь, намесніка старшыні камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Наталлі Кучынскай. У ім была адзначана важная роля нашага краязнаўчага музея як цэнтра духоўна-патрыятычнага развіцця ў культурнай сферы Ашмяншчыны. Прагучалі словы падзякі за працу і добрыя пажаданні на адрас калектыву ўстановы. Асабіста ад сябе Міхаіл Мар’янавіч адзначыў, што музей стаў часткай яго выхаваўчай і вучэбнай работы. Вучні школы – пастаянныя наведвальнікі гэтай культурнай установы. Да таго ж, і музейшчыкі актыўна дапамагалі яму ў свой час пры стварэнні школьнага музея. Ён уручыў у падарунак працаўнікам музея кнігу па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Выступілі з вершаваным віншаваннем вучні СШ №1 і №3.
Верш пра музей і яго супрацоўнікаў адмыслова да юбілея напісаў і прачытаў Пётр Шакола. Акрамя верша ён падарыў музею кнігу Іосіфа Сталіна “Пытанні ленінізму” – можна сказаць, рарытэт.
Доктар мастацтвазнаўства і мастак Сяргей Шэмет – даўні сябар музея. Ён абавязаны музейным сценам не толькі магчымасцю выставіць свае творы, але і лёсавызначальнай сустрэчай са сваёй жонкай Веранікай Рэмізевіч. Родам з Ашмян, ён ніколі не парываў сувязі са сваёй малой радзімай. Вось і нядаўна на выставе ў Фларэнцыі (Італія) сярод іншых карцін можна было пабачыць і ашмянскі краявід. У падарунак музею ён прывёз выяву капліцы ў Гародніках з размешчаным побач помнікам Енджэю Снядэцкаму.
Музычным суправаджэннем упрыгожылі вечар Надзея Міцэвіч, Таццяна Казак, Наталля Давыдава.
А завяршыла вечар выступленне цяперашняга дырэктара музея Анастасіі Навіцкай. Яна ад імя свайго калектыву падзякавала ўсім гасцям за падарункі, вершы, карціны і песні, урэшце за тое, што прыйшлі.
Край.бай паводле сайта газеты “Ашмянскі веснік”