• budzma.org
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram Tiktok www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Музыка
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • Гісторыя за 5 хвілін
  • Трызуб і Пагоня
  • Разумняты
  • Вандруем разам
  • Афіша
10.05.2018 | Грамадскі сектар

“Больш за 60% ахвяр — хлопчыкі. І гэта нельга замоўчваць”

Нармальнаму чалавеку цяжка зразумець, як можна згвалціць ці забіць дзіця. Што даводзіць людзей да такіх злачынстваў і як можна спыніць гэтую сацыяльную “хваробу”? Заснавальнік Міжнароднага грамадскага аб’яднання “Разуменне” Андрэй Маханько ведае адказ на гэтыя пытанні. 18 гадоў арганізацыя сістэмна змагаецца з гвалтам над дзецьмі. Але з кожным годам працаваць усё складаней. Пра мізэрныя перспектывы грамадства без педафілаў, інтэрнатаў і дзіцячых калоній — у інтэрв’ю budzma.by.

Унёсак “Разумення”

— Якія галоўныя змены ў стратэгічным, інфраструктурным і ментальным кірунках вам удалося дамагчыся за 18 гадоў працы?

— Стратэгічна нашае аб’яднанне паказала ўсяму свету, што ў Беларусі можна эфектыўна змагацца з гвалтам над дзецьмі. Прычым мы здольныя ствараць нацыянальныя прадукты, запатрабаваныя ва ўсім свеце. Сёння мы ўплываем на фармаванне сістэмы абароны дзяцей у 22 краінах. Мы вывучылі досвед Амерыкі, Вялікабрытаніі, Ісландыі і Швецыі, далучылі свой вопыт, распрацавалі злучаную мадэль аховы дзяцей ад гвалту і прадэманстравалі яе на сусветных форумах, за што ў 2014 годзе атрымалі прэстыжную міжнародную ўзнагароду. Гэты падыход цяпер укараняюць некалькі краін, у тым ліку ЗША.

З інфраструктуры нашая арганізацыя адкрыла 20 пакояў апытанняў, прыязных для дзяцей, і сёлета плануем адкрыць яшчэ два — у Лідзе і Крычаве. Такія пакоі — альтэрнатыва траўмавальным судовым і следчым працэсам, праз якія вымушаныя праходзіць дзеці пасля гвалту. Нам удалося значна знізіць кошт такіх пакояў. Калі першы каштаваў каля $30 000, то цяпер — менш за $1000. Больш за 3 тысячы дзяцей прайшлі праз гэтыя пакоі. За дзесяцігоддзе эфектыўнасць выкрыцця сэксуальнага гвалту ўзрасла ў 2,5 разы. У 2008 былі зафіксаваныя 238 выпадкаў, у 2017 — 606. Калі б былі сродкі, мы б адкрылі 50 такіх пакояў, бо падстаў спыняцца няма. У Швецыі, напрыклад, дзе такая ж колькасць насельніцтва, як у Беларусі, выпадкаў сэксуальнага гвалту над дзецьмі ў 4 разы болей. У нас, упэўнены, не менш, проста не ўсе выкрываюцца, большасць замоўчваецца. Але чаму нельга замоўчваць гвалт? Таму што пацярпелыя ў будучыні самі могуць стаць гвалтаўнікамі. У мінулым годзе ў Беларусі з усіх ахвяр 64% склалі хлопчыкі. Паводле розных дадзеных, ад 1/3 да 2/3 з іх могуць паўтарыць гвалт у сталым узросце. Сапраўдных педафілаў, якія маюць псіхічныя адхіленні і патрабуюць лячэння ў спецыялізаваных псіхіятрычных лякарнях, не больш за 5%. А астатнія 95% — гэта так званыя сітуацыйныя педафілы, большасць з якіх — ахвяры нейкага гвалту ў дзяцінстве, прычым не толькі сэксуальнага, але і фізічнага, і псіхалагічнага. Значная частка сярод іх — хлопчыкі, якіх выхоўвалі аўтарытарныя маці.

Траўма — штуршок для руйнавання псіхікі. Навукова даказана: калі ў чалавека было 4 выпадкі глыбокага “таксічнага” стрэсу, гэта паўплывае на ўсе сферы яго жыцця, пачынаючы ад сардэчна-сасудзістых захворванняў да ўжывання наркотыкаў і гвалту. Таму так важна працаваць з гэтымі траўмамі як мага раней. І сёння, калі адзначаць ментальныя змены, усё больш людзей перастаюць саромецца казаць пра тое, што адбылося з імі ці з іх дзецьмі. І гэтыя змены я звязваю менавіта з сеткай пакояў апытанняў і нашай інфармацыйнай кампаніяй аб тым, што найлепшая прафілактыка — лячыць траўму. Але, на жаль, усеагульнага разумення гэтага яшчэ няма. Хаця ёсць ананімны прыём у дзіцячых псіханеўралагічных лякарнях, ёсць спецыяльна падрыхтаваныя намі спецыялісты. Часцей за ўсё праца з такімі траўмамі не патрабуе доўгатэрміновых укладанняў, дзесяці сустрэч з псіхолагам можа быць досыць, каб зняць ганебныя наступствы і будаваць нармальнае жыццё. Але лячыцца ідуць не ўсе — праз стэрэатыпы, сорам, няведанне. Вось свежы прыклад. Хутка ў Сіднэі будзе агалошаны прысуд святару РПЦ, які вазіў у Аўстралію на аздараўленне хлопчыкаў з Расіі, Украіны і Беларусі. Больш за 250 з іх былі згвалтаваныя. І толькі адна маці з Беларусі звярнулася да мяне, каб я дапамог ёй знайсці добрага тэрапеўта для пацярпелага сына.

 

Парушаны парадак

— Можна было б дабіцца больш значных вынікаў, але сваё паўналецце нашая арганізацыя сустракае з пустым бюджэтам ва ўмовах абвостранай барацьбы за рэсурсы і змены прыярытэтаў донараў, — працягвае Андрэй Маханько. — Нядаўна значная арганізацыя Humentum правяла даследаванне ў галіне гуманітарнай дапамогі. Высветлілася, што да такіх НДА, як наша, даходзіць у свеце толькі 0,2% сродкаў. Больш чым палова рэсурсаў ідзе ААН, яшчэ каля 30% — офісам буйных міжнародных арганізацый. Малыя аб’яднанні не могуць цягацца з такімі гігантамі. Таму вось ужо трэці год мы не робім нашых традыцыйных лагераў для дзяцей з інтэрнатаў. Не можам абнавіць і зрабіць больш эфектыўнай створаную намі Агульнанацыянальную дзіцячую лінію дапамогі, якую перадалі Міністэрству аховы здароўя.

З верасня мінулага года большасць з нас працуе на валанцёрскай падставе. Пакуль мы нешта робім, створаная сістэма працуе. Але наколькі нас хопіць, цяпер невядома. Мы паспрабавалі парушыць гэты новы парадак фінансавання грамадскага сектара. Стварылі, напрыклад, праект www.AI-globalhelping.com — глабальную платформу, якая наўпрост, абыходзячы тысячы лішніх пасярэднікаў, звяжа эфектыўныя арганізацыі свету з глабальнай донарскай супольнасцю. Але сутыкнуліся з неразуменнем і нават супрацівам з боку партнёраў. Да таго ж ёсць яшчэ і ўнутраная праблема нашага грамадскага сектара: мы перасталі казаць адно пра аднаго добра, замест супрацоўніцтва сварымся. З усіх гэтых прычын грамадскае развіццё сёння, на маю думку, у заняпадзе.

Пра булінг і аранжавы ашыйнік

— Калісьці вы казалі, што “краіна без сірот і інтэрнатаў” магла б быць добрай нацыянальнай ідэяй для Беларусі. Пакуль гэтага не адбылося: у дзіцячых інтэрнатах знаходзіцца каля 3 тысяч дзяцей з 20 тысяч сірот. Ці можна было б паскорыць закрыццё ўсіх інтэрнатаў?

— Колькасць інтэрнатаў штогод планамерна скарачаецца. Але паскорыць гэты працэс у цяперашніх эканамічных умовах нельга, на маю думку. Людзям сёння цяжка ўзяць дадатковую адказнасць за новага члена сям’і. Краіны, дзе сёння няма дзіцячых інтэрнатаў, — ці заможныя, ці маюць глыбокія родавыя традыцыі, якія не дазваляюць пакідаць дзяцей. Напрыклад, ва Узбекістане, калі дзіця застаецца сіратой, апеку над ім бярэ махалля — камуна. Нейкая сям’я прымае сірату да сябе, а ўся камуна ці квартал дапамагае выхоўваць. У нашай краіне, на жаль, няма ні традыцыі, ні неабходнага дабрабыту.

— Ці павінныя існаваць калоніі для непаўналетніх?

— У ідэале дзіцячых калоній не мусіць быць. У Ісландыі, напрыклад, няма турмы для дзяцей. Там адзіны хлопчык, які ўчыніў сэксуальны гвалт, ходзіць у аранжавым ашыйніку, а другі — у такім жа за забойства. Калі яны падыходзяць, напрыклад, да дзіцячай пляцоўкі, ашыйнікі пачынаюць верашчаць. Там няшмат злачынцаў, бо працуюць іншыя метады — не ізаляцыя, а сацыялізацыя. Вось у Беларусі сёння гавораць пра стварэнне спецыяльнага цэнтра ўтрымання непаўналетніх. Навошта яшчэ адна інстытуцыя? Зноў ізаляцыя, якая прынцыпова нічога не зменіць. Калі зыходзіць з нашых рэалій, то невялікая турма ўсё ж пакуль патрэбная, але толькі для непаўналетніх забойцаў і гвалтаўнікоў. Гэтая турма мусіць быць адкрытай для праваабаронцаў і грамадскіх арганізацый, бацькоў, бо дзеці павінныя захоўваць кантакты з сям’ёй, грамадствам для рэсацыялізацыі.

У наяўнай калоніі для непаўналетніх разам з забойцамі сядзяць дзеці і за менш значныя парушэнні. Акрамя яе ў нас існуюць яшчэ спецшколы і спецустановы закрытага тыпу, адкуль перыядычна збягаюць выхаванцы. Я лічу, што з гэтых установаў усіх падлеткаў трэба выпусціць на волю, як і палову — з калоніі. А каб яны зноў не трапілі ў ганебнае асяроддзе і не паўтарылі правапарушэнняў, трэба ствараць для іх фостарныя (прыёмныя) сем’і. Такія сем’і спецыялізуюцца на працы з ахвярамі сэксуальнага гвалту, непаўналетнімі правапарушальнікамі разам з біялагічнай сям’ёй: даглядаюць дзіця і адначасова працуюць з мамкай-недарэкай, якая п’е, напрыклад. Гэта патрабуе грошай, але значна эфектыўнейшае за турмы.

— У Беларусі ёсць сур’ёзны школьны булінг?

— Лічу, што ёсць. Я адзначаю, што ў нас каля 2/3 дзяцей пакутавалі ад булінгу і 100% пакутуюць ад неадэкватнага ціску з боку настаўнікаў. Таму ў краіне апошнія гады і пачала развівацца школьная медыяцыя.

— Як думаеце, сентэнцыя “дзяцей нельга біць” укаранілася ў нашым грамадстве?

— Мне здаецца, што фізічнае пакаранне ўжо не актуальнае для беларускіх сямей. Сёння іншая праблема — дзеці не атрымліваюць падтрымкі ад бацькоў, бо тыя працуюць на 2-3 працах, каб іх выгадаваць. Мы вярнуліся ў крызісныя часы, калі бацькі праз занятасць і выжыванне не даглядаюць сваіх дзяцей. Дадайце яшчэ тое, што руйнуецца інфраструктура дзіцячых лагераў, пазашкольныя актыўнасці робяцца недасягальнымі. Дзеці зноў бадзяюцца без нагляду. Адсюль — усе астатнія праблемы.

 

Ганна Кручкова

Фота Аляксандра Кісялёва


Дапамагчы “Разуменню” можна ахвяраваннем праз АРІП, код паслугі — 4441811 (для грамадзян). Юрыдычным асобам, якія дапамагаюць “Разуменню” праз бязвыплатную спонсарскую дапамогу, будзе скасаваны падатак на 10% прыбытку паводле арт.140 Падатковага кодэкса. Вашая дапамога пойдзе на адкрыццё новых пакояў апытання, а таксама на падрыхтоўку псіхолагаў, якія апытваюць пацярпелых дзяцей. Даведкі па тэлефоне +375-29-7611201 і электроннай пошце [email protected]. Больш падрабязна — на ponimanie.org

 

 


Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Грамадства

На якой мове мусіць размаўляць лагапед з беларускамоўнымі дзецьмі? Іна Кулей аб працы беларускамоўнага лагапеда

Іна Кулей — лагапед, якая працуе з беларускамоўнымі дзецьмі. Нядаўна яна адкрыла свой лагапедычны кабінет у Варшаве....

valiancina_shauchenka
Грамадства

Шчасце і бяда археолага. Пра самаабмежаванне ў імя навукі

Нядаўняе адкрыццё трэцяй вежы Крэўскага замка прымусіла паразважаць: колькі таямніц яшчэ хавае наша зямля? Раскрыць іх дапаможа...

valiancina_shauchenka
Грамадства Музыка

«Radyjo Niamiha». Гурт Syndrom Samazvanca анансаваў выхад альбома кавераў на песні беларускай рок-сцэны 1990-х

Новы альбом «Radyjo Niamiha» ад беларускага гурта Syndrom Samazvanca з’явіцца ў сеціве 6 кастрычніка, але ўжо цяпер на Bandcamp...

valiancina_shauchenka
Культура Літаратура

«Будуць беларусы — будзе беларуская кніга». У Батумі стартаваў фестываль інтэлектуальнай кнігі Pradmova-2023

Беларусам Батумі сёлета пашчасціла першымі прымаць у сябе фестываль інтэлектуальнай кнігі Pradmova. Якая будучыня чакае...

Апошнія навіны

    Грамадства
    На якой мове мусіць размаўляць лагапед з беларускамоўнымі дзецьмі? Іна Кулей аб працы беларускамоўнага лагапеда
    Грамадства
    Шчасце і бяда археолага. Пра самаабмежаванне ў імя навукі
    Грамадства Музыка
    «Radyjo Niamiha». Гурт Syndrom Samazvanca анансаваў выхад альбома кавераў на песні беларускай рок-сцэны 1990-х
    Культура Літаратура
    «Будуць беларусы — будзе беларуская кніга». У Батумі стартаваў фестываль інтэлектуальнай кнігі Pradmova-2023
    Вандруем разам
    7 архітэктурных цудаў Мсціслава
    Музыка
    Змрочна, таямніча і якасна: свежыя трэкі беларускіх музыкаў на паразважаць і пасумаваць
    Літаратура
    Уладзіслаў Сыракомля: вялікі юбілей 2023-га і ягонае «Mы aдвыклi aд вяcны...»
    Гісторыя Асоба
    Дабіраліся галубкоўцы туды, куды ніколі не заглядаў тэатр. Гісторыя Уладзіслава Галубка - народнага артыста Беларусі, расстралянага бальшавікамі
    Захапленні
    «Каб заўсёды быў побач». Паглядзіце, якія мілыя кішэнныя хаткі робіць мінская мастачка
    Літаратура
    Шматаблічны Адам Глобус. Топ-7 кніг ад творцы
    Гісторыя
    Браты супраць брата. Як Кейстут і Альгерд скінулі Яўнута са стальца вялікага князя?
    Культура
    Куды схадзіць на выходных? Падборка цікавых імпрэз на 30 верасня і 1 кастрычніка
    Грамадства Забавы
    Тэст для вандроўнікаў: пазнай мясціны, дзе нарадзіліся ці жылі нашыя славутыя землякі
    Мастацтва
    З’явілася галерэя рэпрэсаванага беларускага мастацтва. Карціны можна замовіць з дастаўкай па ўсім свеце
    Грамадства Гісторыя
    На раскопках пад Мінскам знайшлі манету, якой 1250 гадоў

Афіша

  • 01.10

    Фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA ў Батумі

  • 01.10 — 08.10Восеньскі салон у Мінску
  • 01.10 — 19.11Фотавыстава Андрэя Логінава «CHAROMUSHKI ODYSSEY 1930-2023» у Познані
  • 01.10 — 13.11Выстава «Васіль Быкаў. Праз абрысы і лініі» ў Віцебску
  • 01.10Фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA ў Батумі
  • 01.10PRADMOVA ў Батумі
  • 01.10Музыка беларускіх кампазітараў і космас: імпрэза ў мінскім планетарыі
  • 01.10Прэзентацыя кнігі «Алесь Бяляцкі» ў Нью-Ёрку

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: [email protected]

Папулярнае

    • Святлана Курс: Беларусамі быць цяжка. Але ж цікава і шыкарна
    • Чучхэ ў самым сэрцы Еўропы альбо Што чакае беларускую нацыянальную культурную прастору
    • Тэст для вандроўнікаў: пазнай мясціны, дзе нарадзіліся ці жылі нашыя славутыя землякі
    • Анімэ, манга і фанфікі ў беларускай культурнай прасторы. Дзе шукаць?
    • «Я аддала апошняе на сваю мару». Беларуская мастачка рызыкнула ўсім, што мела, і адкрыла ў Варшаве фотастудыю
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип