Беларускія музыкі з вялікім поспехам выступілі на ўсіх шасці пляцоўках восьмага фестывалю вольнай творчасці «Пустые Холмы-2010», які гэтым разам праводзіўся ў Масальскім раёне Калужскай вобласці (Расія) з 10 па 14 чэрвеня і сабраў дзесяткі тысяч аматараў нефарматнай творчасці. Такі своеасаблівы Вудсток па-руску.
Кожны з нашых гуртоў — «Серебряная свадьба», «Аддис-Абеба», «НаГуаль», Bo Selektah, Fratrez, Re 123 + — за двое сутак знаходжання на фэсце паспеў адыграць па некалькі канцэртаў. Прыемна было чуць, як над «Пустымі ўзгоркамі» (1-я сцэна) разносіцца тысячагалосая «Малобюджетная любовь», а над «Кракадзіл і Сонца» (2-я сцэна) — «Шифроваться».
Святлана Бень і яе хатні вожык
«Серебряная свадьба»
Аматараў джаз-кора, прычым матэматычнага (вялікая рэдкасць!), парадавалі эксперыменты хлопцаў з Kusudama. А Botanic Project у межах туру прэзентавалі на «Холмах» свой новы альбом «Ом». І зусім «касмічна» прагучаў псіхадэлічны квінтэт з Салігорска Mouches a L’Orange.
Акрамя асноўнай музычнай праграмы, Святлана Бень паказала свой бясконца сумны спектакль «Хатні вожык», Леанід Паўлёнак правёў майстар-клас па фанемным спеве, а Анака — ленд-арт «Сэрца дрэва» (абвальванне ствалоў дрэў поўсцю розных колераў, прыгожа!).
«Аддис-Абеба»
На сцэне з вымоўнай назвай «Смажаны певень» выступіла мінчанка Аюна (a.u.n.a.) са сваёй сольнай праграмай, дзе вееры з агеньчыкамі змянялі поі і струны.
Дарэчы, назвы ўсіх фестывальных пляцовак вельмі арганічна падабраныя і аформленыя. Да прыкладу, камерная сцэна «Краіна Цудаў» (аформленая па матывах «Алісы ў краіне цудаў») стыль музыкі — акадэмічная камерная музыка, джаз, імправізацыі, сцэна «Лятучы карабель» — фальклорная паляна, сцэна «Вакол свету» — свабодны мікрафон, сцэна «Падводны свет» — электронна-тэатральная, «Чараўнік Смарагдавага гораду», вядома ж, джэмавая, а разнастайныя майстар-класы размясціліся на Узгорку Сямі Вятроў.
Анака
Фэст «Пустые холмы» справядліва называюць адным з найбуйнейшых і цікавых open-air фестываляў Расіі не толькі таму, што ён адкрыты для ўсіх музычных стыляў і плыняў, але і таму, што ўдзел у гэтым некамерцыйным праекце можа ўзяць любы ахвотны. Сярод удзельнікаў фэсту — Panplaneta (Польшча), «Божычы» (Украіна), «Умка и Броневик», «Оргия праведников», «Выход», Аляксандр Костараў, Рома ВПР, Феликс Лахути и Funk family з Масквы, «Сказы лесу», Ole Lukkoye і «О-па» з Санкт-Пецярбурга ды шмат іншых добрых выканаўцаў.
Bo Selektah
Слоган «Гэта фестываль, які робіце вы!» у поўнай меры адпавядае таму, што там адбываецца.
Аюна