З 30 чэрвеня па 1 жніўня на турбазе Плешчаніцы праходзіў ІІ Міжнародны злёт аматараў актыўнага ладу жыцця (арганізатар – гандлёвая марка “Экспедыцыя”). Яго мэтай было ўзнавіць атмасферу паходаў ды турсцяжынак, што многім любая з часоў студэнцтва, камусьці – яшчэ з дзяцінства, а для нямногіх адданых зрабілася сапраўдным ладам жыцця.
Пра сямейны характар пікніку-слёту сведчылі ўсюдыісныя дзеці ды сабакі: вось для іх гэта было сапраўднай экспедыцыяй за межы надакучлівага гораду. Што да дарослых – прыярытэтам для іх зрабіўся культурны адпачынак. А экстрэмальныя віды спорту былі хутчэй вострай прыправай да яго, чым маральным абавязкам сапраўдных мужчынаў. Кожны жадаючы, аднак, мог пакатацца на квадрацыкле ці на зорбе, прайсці паласу перашкодаў у духу прыгодніцкага рэаліці-шоў або проста пагуляць у валейбол, футбол, бадмінтон… Ды хоць бы і шашкі: каму на што хопіць моцы.
На гэтым, шчыра кажучы, даволі ненапружаным фоне сапраўднай падзеяй сталася барацьба за Кубак Федэрацыі водна-маторнага спорту ў Беларусі па аквабайку. Ахвочых пазмагацца было не так многа, аднак гэта былі сапраўдныя асы аквабайку: у відовішчным мерапрыемстве прынялі ўдзел госці з Літвы, Латвіі, Расіі. Перамагла, дарэчы, Беларусь: аказваецца, і ў нашай сухапутнай краіне гадуюцца аквабайкеры міжнароднага ўзроўню.