26 лістапада ў віленскім клубе Legendos прайшоў канцэрт Лявона Вольскага. Спявак прыехаў з новым альбомам «Emihranty».
У інтэрнэце альбом атрымаў змешаныя водгукі — так, вядомы музычны журналіст Аляксандар Чарнуха пісаў, што альбом выглядае пярэстай складанкай з неабавязковага матэрыялу, — але ж, мяркуючы па рэакцыі гледачоў у залі — дарэчы, паўнюткай — як мінімум віленскай публіцы ён спадабаўся. Шмат якім песням людзі падпявалі, было бачна, што яны паспелі стаць калі не ўлюбёнымі, то добра знаёмымі.
Трохгадзінны канцэрт складаўся з двух аддзяленняў, у якіх прагучала 37 песень. У першым музыкі выканалі ўласна «Эмігрантаў», а ў другім, электрычным, гучалі класічныя хіты з розных праектаў Лявона, ад NRM і Zet да «Народнага альбома». Апошні, дарэчы, «Эмігранты» нечым нагадваюць — плытка таксама пазіцыянуецца як сумесны праект, шмат у якіх трэках спявае не Лявон, а Кетэван Асраташвілі, беларуска-грузінская спявачка, актрыса ды тэлевядоўца.
У запісе таксама прымаў удзел Варшаўскі вольны аркестр. У Вільні яго, зразумела, не было, але ж апошнюю песню першага аддзялення, «Куды і калі», музыкі выканалі разам з віленскім беларускім дзіцячым хорам «Валошкі».
Скончыўся канцэрт «Простымі словамі». Вольскі паабяцаў наступную імпрэзу цягам паўгода — года, тым больш, што новы альбом, прысвечаны палітвязням, ужо запісваецца — дарэчы, якраз у Вільні.
Яўген Ерчак, budzma.org
Чытайце яшчэ: Не давай зарок ад турмы і ад эміграцыі. У чым адметнасць новага альбома Лявона Вольскага