Фестываль AD.NAK! працягнуў серыю рэгіянальных прэзентацый. Чарговая з іх адбылася 30 траўня ў Гомелі. Узяць удзел у праграме семінараў, прысвечанай вынікам сёлетняга AD.NAK!-2, асноўным тэндэнцыям на рэкламным рынку Беларусі і блізкаму AD.NAK!-3 былі запрошаныя рэкламісты, дызайнеры і вольныя мастакі Гомельшчыны. Партнёрам прэзентацыі ў Гомелі выступіла паліграфічная кампанія “Артлекс”.
Са сваімі прэзентацыямі выступілі Сяргей Скараход, кіраўнік інтэрнэт-праекту Marketing.by (прэзентацыя Фестывалю AD.NAK! і пераможцаў найбольш вядомых сусветных фестываляў рэкламы гэтага года), Андрэй Эзерын, кіраўнік камунікацыйнага агенцтва EZERIN’COM (прэзентацыя камунікацыйнай праграмы “Краіна цмокаў. Малюем разам”) а таксама Алесь Плотка, прадстаўнік культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” (прэзентацыя брэнда і ўнікальных праектаў кампаніі).
“Рост колькасці удзельнікаў удвая і рост заявак у тры разы за адзін год –добры паказчык, – кажа Сяргей Скараход, адзін з арганізатараў Фестывалю. – Падчас падрыхтоўкі Другога фестывалю вялікая актыўнасць праявілася з боку рэгіянальных рэкламістаў. Мы ўпэўненыя, што серыя выязных сесій прыцягне яшчэ большую колькасць удзельнікаў конкурсаў з рэгіёнаў, што дасць добры градус драматургіі фестывалю і прымусіць журы як след папрацаваць”.
У 2012 годзе Фестываль пройдзе ўжо трэці раз, і актыўнасць рэгіянальных рэкламістаў на семінарах дае арганізатарам падставу чакаць павелічэння работ ад прадстаўнікоў рэкламнай галіны ў намінацыях і конкурсах.
Пра Фестываль:
AD.NAK! – гэта пляцоўка, якая аб’ядноўвае найбольш актыўную і перадавую частку прафесійнага грамадства ў галіне рэкламы, маркетынгу і PR, а яго галоўная мэта – звярнуць увагу прафесійных удзельнікаў рэкламнага рынку, а таксама грамадства Беларусі на рэкламу і іншыя сродкі маркетынгавых камунікацый, выкананых на беларускай мове.
Галоўная мэта Фестывалю ў 2012 годзе – даць новы штуршок у развіцці рэкламна-камунікацыйнага рынку Беларусі. Фестываль дазволіць па-іншаму паглядзець на свае брэнды і на свайго спажыўца, па-іншаму зірнуць на формы і сродкі камунікацыі брэндаў з пакупнікамі, запаліць больш агню ў вачах рэкламістаў, дапаможа ўбачыць больш яркіх і сучасных праектаў у розных кірунках і формах масавай камунікацыі.
Сёлета Фестываль працягвае арыентавацца на некамерцыйную сферу – сацыяльна значныя і культурніцкія праекты, што дэманструюць прафесійным удзельнікам рэкламнага рынку і бізнэсоўцам эфектыўнасць прасоўвання тавараў і паслугаў па-беларуску. Гэта дапаможа залучыць іх у працэс пошуку новых крэатыўных ідэй і формаў камунікацыі, адкрыць новыя магчымасці выкарыстання беларускай мовы ў рэкламе.
Дэдлайн прыёму працаў – 11 чэрвеня. Кульмінацыяй Фестывалю стане Вялікі фестывальны дзень, які пройдзе 5 ліпеня. Адукацыйная праграма Фестывалю будзе складацца з серыі майстар-класаў беларускіх і замежных прафесіяналаў у галіне рэкламы, а завершыцца дзень цырымоніяй узнагароджання пераможцаў.
фота – Аляксандр Ждановіч