Чаму польская вёска жыве лепш за беларускую? Чаму, калі цячэ дах, людзям трэба пісаць прэзідэнту? І што рабіць, каб мясцовая супольнасць магла сама вырашаць свае праблемы?
Пра гэта budzma.by размаўляе з Міраславам Кобаса, старшынёй асветніцкага грамадскага аб’яднання “Фонд імя Льва Сапегі”, якое вось ужо больш за 25 гадоў прасоўвае ў Беларусі ідэю развіцця сістэмы эфектыўнага мясцовага самакіравання.
— Пачнём з гісторыі. Якім было самакіраванне і ці было наогул ў XVI–XVII стагоддзях падчас улады вашага патрона канцлера ВКЛ — Льва Сапегі?
— Беларусь мае багатыя тысячагадовыя традыцыі самакіравання ў яго розных гістарычных формах. Прынамсі, з канца XIV па другую палову XVIII ст. каля 100 беларускіх гарадоў і мястэчак атрымалі права на самакіраванне ў выглядзе гарадскога Магдэбургскага права. У Статутах ВКЛ было шмат нормаў, звязаных з мясцовым самакіраваннем. З улікам таго, што Статут, на думку шмат якіх гісторыкаў, быў амаль што першай Канстытуцыяй у Еўропе, мы маем важкую спадчыну па гэтым пытанні. Іншая рэч, што мы шмат што страцілі, пасля таго як Беларусь прымусова ўвайшла ў склад Расійскай імперыі.
— А на чым базуецца беларуская сістэма мясцовага самакіравання сёння?
— Сістэма мясцовай і рэгіянальнай улады грунтуецца сёння на прынцыпах тэорыі дзяржаўнага мясцовага самакіравання, якую распрацавалі нямецкія навукоўцы Рудольф фон Гнейст і Лорэнц фон Штэйн у сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Яе асноўныя прынцыпы ў тым, што сістэма мясцовага кіравання і самакіравання — гэта працяг дзяржаўнай улады. Усе мясцовыя пытанні з’яўляюцца часткай агульнадзяржаўных пытанняў.
— А ці ведаюць нашы чыноўнікі, што кіруюць па мадэлі ХІХ стагоддзя?
— Сумняваюся. Пра самакіраванне, яго вытокі і сутнасць увогуле мала хто ведае ў нашай краіне. Гэтая тэма, на жаль, у апошнія гады не выклікае цікавасці ў даследчыкаў. Ужо мінула 10 гадоў, як з вучэбных планаў ВНУ выключылі асобную спецыялізацыю і дысцыпліну “мясцовае самакіраванне”, аб’яднаўшы яе з “мясцовым кіраваннем”, а часцяком і з “дзяржаўным кіраваннем”. І ўсяго тэма складае толькі 7% часу, што адведзены на курс падрыхтоўкі спецыялістаў для працы ў мясцовых органах улады. На маю думку, гэта сур’ёзная праблема, бо калі кадры не валодаюць неабходнымі ведамі, рэалізоўваць яго сучасныя прынцыпы амаль што немагчыма.
Патрэбны бюджэт грамадзянскага ўдзелу
— У Мінску 11-12 верасня прайшоў сумесны з Кангрэсам мясцовых і рэгіянальных уладаў Савета Еўропы круглы стол. Што гэта для нас азначае? Рэальнае жаданне ўладаў змяніць сістэму мясцовага кіравання?
— Лічу, што для краіны гэта знакавая падзея. Яшчэ некалькі гадоў таму цяжка было ўявіць, што дзяржава зацікавіцца гэтай тэмай і нешта арганізуе, бо лічылася, што ў нас усё ў парадку. Цяпер, мабыць, пачынае прыходзіць асэнсаванне, што не ўсё так добра. Сённяшняя цэнтралізаваная сістэма была сфармаваная ў 1996 годзе. Яна адыграла для пэўнага часу сваю пазітыўную ролю: не было хаосу кіравання ў 90-я гады, не адбылася дзікая прыватызацыя, захаваліся працоўныя месцы.
Але сёння яе рэсурс вычарпаны. Першыя званочкі былі яшчэ больш за 10 гадоў таму. У 2006 годзе ў прэзідэнта адбылася вялікая нарада па якасці кіравання ў рэгіёнах, бо з боку насельніцтва было шмат нараканняў на працу сельсаветаў, на іх недзеяздольнасць. Але тады замест правядзення рэальнай рэформы стварылі яшчэ больш жорсткую вертыкаль улады, сельсаветам не далі адпаведных паўнамоцтваў і фінансаў, маўляў, няма сэнсу распарошваць сродкі.
Сёння нараканняў ад насельніцтва ўсё больш. Паглядзіце навіны. Людзі пратэстуюць супраць зносу іх дамоў, разбурэння культурных і прыродных помнікаў, супраць адсутнасці інфраструктуры ў забудаваных мікрараёнах, супраць беспрацоўя і гэтак далей.
Плюсам старой сістэмы з’яўляецца тое, што загады зверху на месцах выконваюцца на 100%. Але вялікі мінус тое, што часта выкананне гэтых загадаў не прыносіць карысці людзям. З цэнтра ж не могуць дакладна бачыць, што патрэбна кожнаму сельсавету.
Органы ўлады ў сістэме кіравання павінныя быць стабільнымі, але мадэль і стыль кіравання — гэта заўсёды дынамічныя рэчы, якія мусяць адпавядаць патрэбам часу. Сёння ўжо цяжка кіраваць толькі з дапамогай адміністрацыйных метадаў, трэба вучыцца і авалодваць метадамі вядзення перамоваў і дасягнення дамоваў як з цэнтральнымі органамі кіравання, так і з грамадствам у асобе тэрытарыяльных супольнасцяў грамадзян.
— Напярэдадні мерапрыемства старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч у размове з маршалам Сената Польшчы адзначыў, што “ў Польшчы добры досвед рэгіянальнага развіцця, і мы маглі б запазычыць яго, каб паспяхова працаваць”. Растлумачце простымі словамі, чаму польская вёска ці гарадок жыве лепш за беларускую правінцыю.
— Першае. Мясцовая ўлада ў Польшчы падсправаздачная і падкантрольная людзям. Апроч дэпутатаў савета грамадзянамі абіраецца і старшыня выканкама, які адказны менавіта перад імі, а не перад вышэйшым кіраўніцтвам.
Другое. У першую чаргу мясцовае самакіраванне кіруецца інтарэсамі грамадзян.
У Польшчы першасны і асноўны лакальны ўзровень тэрытарыяльнага самакіравання — гмінны, другі — павятовы і найбольш высокі — ваяводскі. Дык вось, каля 50% сродкаў ад агульнай сумы мясцовых бюджэтаў застаецца на гмінным узроўні. Да нашых сельсаветаў даходзіць толькі 1% сродкаў ад сумы мясцовых бюджэтаў, хоць гэта самы блізкі да людзей узровень улады і колькасць саветаў першаснага ўзроўню ў нас самая вялікая — 1176 адзінак.
У Беларусі парушаны так званы прынцып “субсідыярнасці” (дапаможнасці). Згодна з ім сацыяльныя праблемы павінныя вырашацца на самым аддаленым ад цэнтра і на самым набліжаным да людзей узроўні, на якім іх вырашэнне магчымае і эфектыўнае. Таму асноўныя паўнамоцтвы і фінансавыя рэсурсы мусілі б канцэнтравацца на ўзроўні сельсавета, пасёлка ці малога горада.
Трэцяе. У Польшчы рэгіёны самі складаюць свой бюджэт, вызначаюць патрэбы і даюць сродкі пад іх. А ў нас наадварот — што дасталася ад вышэйшых узроўняў, на тое і вырашай праблемы. Атрымліваецца, што сельсавет мае не бюджэт, а каштарыс. Вось чаму, калі дах пацёк, трэба пісаць прэзідэнту.
Чацвёртае. У Польшчы рэальна працуюць формы ўдзелу грамадзян у мясцовым самакіраванні. У мясцовых бюджэтах закладаюцца сродкі на фінансаванне ініцыятываў жыхароў. Гэта называецца бюджэт грамадзянскага ўдзелу. Мы жадаем пераканаць нашу ўладу, што гэта вельмі карысны механізм, што трэба выдаткоўваць хаця б 0,1% гадавога бюджэту раёна (прыкладна 40 тыс. даляраў) на ініцыятывы грамадзян.
У нас каля 24 000 сельскіх старастаў. Але ў іх няма сродкаў, каб забяспечваць нават першачарговыя патрэбы мясцовай грамады. А былі б хоць нейкія рэальныя грошы — старасты, грамадскія арганізацыі, актывісты былі б здольныя эфектыўна ўдзельнічаць у вырашэнні мясцовых праблем. Мы гатовыя абгрунтаваць гэтую прапанову.
Вось ужо некалькі год Фонд імя Льва Сапегі сумесна з Еўрапейскай асацыяцыяй мясцовай дэмакратыі — ALDA — праводзіць конкурс міні-праектаў TANDEM. Таму мы маем лічбы, якія пераканаўча даказваюць эфектыўнасць фінансавання мясцовых ініцыятываў. З 2008 года ў розных рэгіёнах Беларусі ўжо рэалізаваныя 99 міні-праектаў, на якія было выдаткавана амаль паўмільёна еўра. Конкурс прадэманстраваў, што нашыя людзі не абыякавыя, што яны гатовыя паляпшаць уласнае асяроддзе, а не марнець за “чаркай і скваркай”. Праз конкурс мы маем жаданне падтрымаць мясцовых актывістаў і наладзіць паразуменне паміж імі і мясцовымі ўладамі, бо культура дыялогу ў нас пакуль на нізкім узроўні з абодвух бакоў. Трэба разумець, што не будзе вяртання да той мадэлі сацыяльнай абароны, якая існавала за Савецкім Саюзам. Гэта азначае, што трэба адыходзіць ад патэрналісцкага падыходу ўладаў да грамадзян і спрыяць развіццю мясцовых ініцыятываў.
Замест суботнікаў — рэальная талака
— Назавіце 2 самыя цікавыя праекты, якія вы падтрымалі?
— У Ашмянскім раёне ў Кальчунскім сельсавеце быў рэалізаваны цікавы праект, накіраваны на павелічэнне ролі сельскіх старастаў. Старасты вёсак пры падтрымцы мясцовай улады стварылі ў межах сельсавета свой клуб, які назвалі “КУТ” (“культура управления территорией”). Кожны з іх сустракаўся з аднавяскоўцамі для абмеркавання надзённых праблем, якія можна вырашыць талакой. Пасля гэтых сустрэч былі напісаныя праектныя заяўкі. У выніку конкурсу заявак “Добрая справа” тры найлепшыя з іх былі падтрыманыя міні-грантамі: у адной вёсцы — аднаўленне пешаходнага мастка праз рачулку, у другой — абсталяванне дзіцячай гульнявой пляцоўкі, у трэцяй — пасадка грамадскага пладовага саду. Усю гэтую працу выканалі самі жыхары — добраахвотна ў свой вольны час.
Частка сродкаў агульнага міні-праекта пайшла на развіццё сацыяльнага цэнтра сельсавета: былі набытыя кросны для творчага рамеснага гуртка, тэнісны стол для здаровага адпачынку моладзі і дарослых, мультымедыйны праектар і рассоўны экран, некалькі ровараў і танометраў.
З падлеткаў-старшакласнікаў была створаная група валанцёраў, якія на роварах ездзілі па вёсках сельсавета і дапамагалі самотным людзям сталага веку з вадой, дровамі, смеццем, развозілі пошту і кнігі з бібліятэкі, вымяралі крывяны ціск, дэманстравалі на адкрытым паветры кіно жыхарам цэлай вёскі.
Кальчунскі прыклад аказаўся станоўчым і заразлівым. Клубы сельскіх стараст пачалі стварацца і ў іншых сельсаветах Ашмяшчыны, імі зацікавіліся ў іншых раёнах і нават абласцях.
Другі цікавы праект у пасёлку Птушкафабрыка на Кобрыншчыне здзейсніла раённае грамадскае аб’яднанне “Клуб дзелавых жанчын “Бона”. У пасёлку жыве некалькі сотняў жыхароў, у тым ліку дзяцей каля трохсот чалавек. Але для іх не было аніякай спартыўнай ці гульнявой пляцоўкі. Дзеці былі вымушаныя гуляць проста на дарозе.
Таму актывісты “Боны” разам з бацькамі мясцовай дзятвы і проста неабыякавымі жыхарамі вырашылі зрабіць на лугавіне побач з пасёлкам сучасную, бяспечную і добра абсталяваную дзіцячую пляцоўку. Тут нават сельсавет дапамог — дадаў суфінансаванне. Раённыя ўлады таксама зацікавіліся праектам і паспрыялі яго рэалізацыі.
Калі праект толькі пачынаўся, з боку жыхароў яшчэ адчуваўся недавер — людзям было дзіўна, што нехта ў іх запытваецца, што яны для сябе жадалі б зрабіць. Спачатку на талаку прыходзіла валанцёрыць няшмат — 2-3 чалавека. Але потым, калі людзі ўбачылі, што праца рухаецца, пачалі далучацца, і колькасць удзельнікаў талакі пачала вымярацца дзясяткамі, некаторыя добраахвотна працавалі цэлымі сем’ямі, дзятва дапамагала дарослым.
Людзі прыносілі нават свае матэрыялы і прылады: хтосьці — цэмент, хтосьці — інструменты, хтосьці — газонакасілку ці бетонамяшалку. Гэта і ёсць асноўнай каштоўнасцю праекта — людзі прыходзілі не як на абавязковыя суботнікі, а добраахвотна, бо былі скіраваныя на цікавы для сябе і ўсёй грамады вынік.
Пад уплывам згаданых праектаў выканкамы нават пачалі разглядаць пытанне аб выдзяленні з мясцовых бюджэтаў сродкаў на грамадзянскія ініцыятывы, але высветлілася, што гэта пакуль зрабіць нельга, бо сёння закон не прадугледжвае такой бюджэтнай лініі.
Мы, дарэчы, сёлета зрабілі прэзентацыю гэтых праектаў падчас сесіі Кангрэса мясцовых і рэгіянальных уладаў Савета Еўропы ў Страсбургу.
Папулярнасць такіх конкурсаў расце. На TANDEM -IV мы атрымалі аж 160 праектных заявак на 8 міні-грантаў! Спадзяюся, мы здолеем у траўні наступнага года абвясціць чарговы конкурс. Але трэба разумець, што калі сёння ёсць замежны спонсар для падтрымкі ў Беларусі грамадзянскіх ініцыятываў, то заўтра яго можа і не быць. Таму ўжо сёння неабходна дбаць пра тое, каб фінансаванне грамадзянскіх ініцыятываў было ўстойлівым, каб бюджэты грамадзянскага ўдзелу былі трывала замацаваныя ў нашых законах і ў практыцы фармавання мясцовых бюджэтаў.
Ганна Кручкова,
фота — Аляксандра Кісялёва
Дарэчы
Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе, якая не далучылася да Еўрапейскай хартыі мясцовага самакіравання. Што трэба рабіць сёння для паскарэння гэтага працэсу? На думку Міраслава Кобаса, у якасці першых крокаў патрэбныя:
– афіцыйны аналіз і ўдасканаленне беларускага заканадаўства на яго адпаведнасць Еўрапейскай хартыі з удзелам экспертаў Кангрэса мясцовых і рэгіянальных уладаў Савета Еўропы
– распрацоўка дзяржаўнай Канцэпцыі развіцця ў Беларусі мясцовага самакіравання.