21 студзеня распачалі працу новыя экспазіцыі, створаныя падчас аднаўлення Старога замка ў стылі эпохі караля Стэфана Баторыя. Да ўжо існых 5 экспазіцый дадаліся каралеўская лазня, пакоі пісара і каралеўская каплічка. Budzma.org распавядае, як гэтыя аб’екты звязаныя з айчыннай гісторыяй.
Пакоі пісара і яго асістэнта
Пакоі пісара і яго асістэнта ўяўляюць сабой дзве залы, дзе прадстаўлены рэканструяваныя інтэр’еры тых часоў. Пісарам караля Стэфана Баторыя быў Рэйнгальд Гейданштайн, менавіта яго асобе і дзейнасці прысвечана першая зала.
На манекене прадстаўлена адзенне, у якое мог апранацца ÿ XVI стагоддзі адукаваны чалавек, што займаў высокую пасаду пры двары. Доўгая дэлія, або мантыя, выканана з чорнага аксаміту. Жупан — з рукавамі, завужанымі на запясцях, зашпілены на дробныя чорныя гузікі з устаўкамі з камянёў. Галава пакрытая берэтам, такія ў тыя часы насілі вучоныя людзі.
Паўторана тагачасная печ, што грэла памяшканні. У XVI стагоддзі ў жылых пакоях для абліцоўвання печы выкарыстоўвалі кафлю, якую пакрывалі адмысловай палівай. Аздаблялі такую кафлю рознымі сюжэтамі або ўзорамі.
Прысутнічае і мэбля, якая ў тыя часы была даволі масіўнай, але часы рэнесансу дадаюць цікавыя дэталі ў аздабленні мэблі: пілястры, калоны, фрызы, карнізы, капітэлі. Часта рабілі дэталі мэблі ў выглядзе львіных лап, галоў бараноў, разнастайных масак і г. д. Ложак у сакратара і яго асістэнта крыху менш за чалавечы рост, ёсць меркаванні, што зроблена гэта было адмыслова, каб пісар не мог крэпка заснуць і пры першай патрэбе ўсхапіўся і быў гатовы аказваць паслугі гаспадару.
Тагачасныя прадстаўнікі высокіх класаў у грамадстве любілі засцілаць ложак дарагімі габеленавымі тканінамі, персідскімі і турэцкімі кілімамі. Узімку, акрамя пярыны, жыхары замкаў накрываліся коўдрамі, сшытымі з футра мядзведзя ці аленя.
У першым пакоі сядзіць памочнік сакратара — малады чалавек, былы шкаляр, выпускнік Віленскага калегіума. Як сын багатага мешчаніна, ён мог разлічваць на месца побач з такім высокапастаўленым чыноўнікам, як Рэйнгальд Гейданштайн.
Пакой сакратара або памочніка прадстаўлены мінімальным наборам неабходнай мэблі: ложак, пісьмовы стол, крэсла, камод.
Верхняе адзенне памочніка пісара — ферзея, аздобленая шаўковым шнуром і прыгожымі гузікамі, па гарлавіне прышыты дэкаратыўныя петлі-зашпількі. Жупан з шырокімі рукавамі, завужанымі на запясцях, з манжэтамі. Адзенне таксама зашпільвалася да таліі на мноства дробных гузікаў. На галаве — шапка з тканіны з натуральным футрам. Штаны вельмі вузкія, шыліся ў тыя часы з сукна.
Чым Райнгальд Гейдэнштайн уразіў Баторыя?
Рэйнгальд Гейдэнштайн нарадзіўся ў 1553 годзе ў Кёнігсбергу ў багатай нямецкай мяшчанскай сямʼї. Ён вучыўся ў трох найбуйнейшых еўрапейскіх універсітатах: у Кёнігсбергскім, Вітанбергскім і на юрыдычным факультэце Падуанскага ўніверсітэта. Кароль Стэфан Баторый бый вельмі ўражаны незвычайнымі здольнасцямі і высокай адукаванасцю маладога чалавека, і 7 чэрвеня 1582 года ў Гродне Гейдэнштайн быў прызначаны сакратаром каралеўскай канцылярыі.
Гейдэнштайн неаднаразова выконваў адказныя дыпламатычныя місіі, займаўся кадыфікацыяй законаў. Па загадзе караля Гейдэнштайн напісаў кнігу «Нататкі аб Маскоўскай вайне», у якой апісаў адзін з найважнейшых эпізодаў панавання Стэфана Баторыя — перамогу ў вайне за Інфлянты ў 1778–1582 гадах над войскам Івана Жахлівага. За гэтую працу пазней пісар атрымаў шляхецтва.
Стэфан Баторый пад Псковам. Ян Матэйка, 1872. Сакратар караля абведзены чырвоным кружком
А дзе мыўся кароль?
Каралеўская лазня згадваецца ў інвентарах Старога замка, і згодна з адным з дакументаў, ад 1650 года знаходзілася ў вежы над Нёманам, размяшчалася на другім паверсе. У лазні караля былі лавы, стол і агромністая печ, аздобленая выкшталцонай паліўной кафляй.
Лазня займае цэлы паверх вежы і складаецца з трох памяшканняў: сенцаў, топачнай і самога пакоя лазні. Сцены каралеўскай лазні аздоблены драўлянымі дэкаратыўнымі панэлямі. Роспіс панэляў каралеўскай лазні выкананы ў адпаведнасці з гістарычнымі аналагамі: малюнак ідэнтычны малюнку на кафлі канца XVI–XVII стагоддзяў, знойдзенай на тэрыторыі Старога замка. Кафля з падобнымі сюжэтамі сустракалася ў Лідзе, Каўнасе і Троках.
У памяшканні лазні прадстаўлены велізарныя драўляныя балеі для купання і прылады для мыцця. Тады маглі выкарыстоўваць мыла, дзеразу, мачала, венік. Дарэчы, банныя венікі з ВКЛ нават экспартаваліся у Еўропу. А незабыўны пах лазні адчуваецца адразу, як заходзіш у гэтыя пакоі.
Ці быў Баторый набожным?
Згодна з хронікай Яна Хашкоўскага, узгадваецца будаўніцтва Стэфанам Баторыем касцёла Святога Стэфана, распачатае ў Гродне ў 1586 годзе. Гісторыкі мяркуюць, што гэта першая ўзгадка аб замкавай каралеўскай капліцы. Створаная на тэрыторыі замка экспазіцыя капліцы прысвечана Святому Стэфану, хрысціянскаму першапакутніку, аб чым сведчыць надліс на лацінскай мове над уваходам: «НАЕС CAPELLA RENOVATA S.STEPHANO, PROTOMARTYRI ET ARCHIDIACONO, DICATA EST, PREDICATORI, QUI PRIMUS SANGUINEM SUUM FUDIT», што азначае ў перакладзе: «Гэта капліца створана і прысвячаецца Святому Стэфану, першапакутніку і архідыякану, прапаведніку, які першым праліў сваю кроў».
Экспазіцыя з капліцай мае камерны характар і знаходзіцца на верхнім паверсе ўязной вежы. У тыя часы размяшчаць капліцы было прынята ў слабых месцах палацаў і замкаў, каб Бог мог абараніць іх. Само памяшканне ў тыя часы прызначалася для прыватнай малітвы караля і яго блізкіх, а таксама тут маглі захоўваць рэліквіі.
З лістапада 2021 года музей у гродзенскім Старым замку аднавіў сваю працу пасля чатырохгадовай рэканструкцыі і адчыніў дзверы да новых экспазіцый. Замак аднаўляюць у выглядзе часоў уладарання Стэфана Баторыя, таму асноўныя экспазіцыі прысвечаны таму часу. Падрабязна азнаёміцца з імі можна тут.
Чытайце яшчэ: Ад драўлянага да мураванага. З гісторыіі Старога замка ў Гродне
Алесь Масевіч, budzma.org