21 ліпеня творчы дуэт Міхась Скобла – Таццяна Грыневіч-Матафонава выступіў у ашмянскай Школе-інтэрнаце для дзяцей-сіротаў і дзетак, што засталіся без бацькоўскай апекі. Сярод іншага юным слухачам была прэзентаваная аўдыё-анталогія “Галасы паэтаў”, куды ўвайшлі вершы 60 беларускіх творцаў у аўтарскім выкананні. Дзеці як заварожаныя слухалі жывыя галасы Янкі Купалы, Якуба Коласа і Уладзіміра Караткевіча – пісьменнікаў, чые партрэты яны бачылі хіба ў школьных падручніках.
Канцэртная праграма Т. Грыневіч-Матафонавай таксама складалася з песняў на вершы айчынных класікаў. Пачаўшы з “Трэба дома бываць часцей” (верш Р. Барадуліна), спявачка прызналася, што выступае перад землякамі з асаблівым натхненнем, паколькі сама нарадзілася і вырасла ў Ашмянах.
Паэт М. Скобла прачытаў некалькі вершаў, а пасля разварушыў залу, загадваючы вершаваныя загадкі (для самых маленькіх) ды правёўшы гістарычную бліц-віктарыну (для старшакласнікаў), пераможцы якой атрымалі прызы ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”, у межах якой адбылася сустрэча.