Па-за сценамі тэатра, які з’яўляецца яе асноўным месцам працы, яна рэгулярна паўстае ў вобразе клоўна. Аднак бутафорскі нос яна надзявае не ў цырку або на дзіцячых святах, а ў дзіцячым анкалагічным цэнтры, куды рэгулярна накіроўваецца, каб падарыць трохі радасці, спагады і падтрымкі тым, каму воляю лёсу зусім не да смеху. Ганна Маслоўская-Анісенка, актрыса Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, яна ж Доктар Нюша, расказвае ў новай серыі праекта «Захапленнi» пра сваю няпростую, але самую любімую ролю:
Да кожнага тут трэба знайсці свой падыход і асаблівыя словы, ад якіх чалавеку будзе лягчэй. Мамам хворых дзетак важна падзяліцца сваім цяжкім душэўным грузам, і ў такія моманты трэба проста ўважліва слухаць і суперажываць. Хворае дзіця хутчэй за ўсё будзе радае цаццы, бо нават у цяжкім фізічным стане ўсё роўна застаецца малым. А вось да падлетка, які выдатна ўсведамляе, што з ім адбываецца, патрэбны зусім іншы падыход. І вось калі атрымліваецца правільна падысці да кожнага, і нават самы няшчасны або закрыты чалавек усміхаецца табе ў адказ і кажа “дзякуй”, адчуваеш незвычайны душэўны ўздым і разумееш, што гэта адзін з найважнейшых сэнсаў у тваім жыцці.
Жанр бальнічнай клаўнады з’явіўся ў Амерыцы, а з канца дзевяностых гадоў мінулага стагоддзя паступова пачаў распаўсюджвацца ў Еўропе. На сёння ў свеце існуе шэсць арганізацый, у якіх працуюць прафесійныя дактары-клоўны. І хоць такая дзейнасць носіць назву “клаўнада”, яе сэнс бліжэйшы да тэрапіі добрага настрою: да хворага дзіцяці прыходзіць клоўн у белым халаце, сімвалізуючы сабой доктара, які прыносіць боль, потым у працэсе ўзаемадзеяння ў галаве дзіцяці адбываецца пэўны пераварот, і белы халат перастае выклікаць толькі негатыўныя асацыяцыі. У мяне часцяком былі выпадкі, калі дзеці казалі: “Цяпер да мяне хай прыходзіць толькі доктар Нюша”.
У пачатку маёй дзейнасці асноўнымі маімі інструментамі былі палымянае сэрца і энтузіязм, цяпер ёсць цэлая каманда клоўнаў, якія праходзяць спецыяльнае навучанне. Яны маюць уяўленне пра захворванні, з якімі сутыкаюцца. Веданне элементаў псіхалогіі ў нашай прафесіі — проста неабходная рэч, як і захаванне санітарна-гігіенічных нормаў. Але ў асноўным мая праца — гэта жывая імправізацыя, уменне ўважліва слухаць, выпрацаванае шматгадовым вопытам.
Неяк мы спрабавалі прыцягнуць да гэтай працы клоўнаў з цырка, але яны “не прыжыліся”: рэч у тым, што гэта вельмі вялікая розніца — адлегласць ад цябе да дзіцяці ў бальнічнай палаце і ад цябе да публікі ў глядацкай зале. Калі ты на арэне цырка або на сцэне і публіка там удалечыні, ты можаш быць кім заўгодна і рабіць што хочаш — любую ілюзію або фокуc. А вось калі ты знаходзішся з чалавекам на адлегласці выцягнутай рукі, то вельмі складана нешта паказваць. Дакладней, тут якраз важнае не шоў, а наадварот, неабходна быць гранічна сумленным і шчырым, і тады дзеці хутчэй адгукнуцца і пойдуць на кантакт.
Няпроста прыняць думку, што нехта з уласнай ініцыятывы рэгулярна наведвае такое невясёлае месца, як дзіцячы анкацэнтр. Аднак я не лічу, што сёння мала неабыякавых людзей. Кола маіх блізкіх зносін, а таксама выпадковыя знаёмыя, якія ўваходзяць у маё жыццё, — гэта, як правіла, шчырыя і неабыякавыя людзі, і я ў нейкі момант раптам са здзіўленнем зразумела, што яны тым ці іншым чынам таксама дапамагаюць камусьці. Так, мала хто ходзіць у анкалогію, але нехта абараняе бяздомных жывёл, іншыя змагаюцца за захаванне прыроды. Магчыма, мне проста вельмі шанцуе, але сярод маіх знаёмых абыякавых людзей няма.
Сёння тэма дабрачыннасці вельмі папулярная, многія вядомыя людзі і арганізацыі збіраюць грошы на лячэнне хворым дзеткам або ладзяць публічныя візіты ў дзіцячыя дамы ці інтэрнаты. Часам гэта робіцца ад шчырага жадання дапамагчы, часам — каб прапіярыцца і прыгожа заявіць пра сябе на публіцы. Аднак я цалкам упэўненая, што, незалежна ад сапраўдных матываў чалавека, дапамога іншым — гэта карысць. Бо калі чалавек мае патрэбу ў грашах, леках або цёплых рэчах, яму, у прынцыпе, усё роўна, што думаў чалавек, які пазбавіў яго патрэбы. Аднак калі чалавек робіць добрую справу з адкрытым сэрцам і высокімі матывамі, ён падключаецца да вялікага закону Сусвету, які заснаваны на балансе «даваць-атрымліваць», і вынік гэтай дзейнасці залічваецца на больш высокім духоўным узроўні. Я ў гэтым упэўненая.
Я выдатна разумею, чаму многія валанцёры прыязджаюць у лякарню толькі адзін раз — вельмі складана бачыць боль і пакуты і па ўласнай волі ісці ў гэтае месца зноў. Патрэбны, безумоўна, асаблівы склад характару і вопытныя людзі побач, якія дапамогуць правільна перажыць гэты балючы вопыт і трансфармаваць яго ў больш спелае разуменне жыцця. Я выдатна памятаю сябе ў тыя моманты, калі пасля цяжкага спектакля, напрыклад, хочацца проста пабыць «гароднінай», легчы і не ўставаць. Або калі ўзнікае цяжкая жыццёвая сітуацыя і здаецца, што ў цябе проста няма сіл, каб ісці ў бальніцу, проста няма чаго даць іншым. Але калі ты перасільваеш сябе і ідзеш туды, дзе камусьці яшчэ горш, у тваім жыцці могуць з’явіцца моманты, якія ты ніколі не забудзеш.
Прыходжу я аднойчы ў трансплантацыю, дзе за падвойным шклом ляжыць хлопчык-падлетак, з якім можна мець зносіны толькі па тэлефоне, і ведаю, што яму фізічна вельмі дрэнна, ён змагаецца за жыццё. Мы ведаем адно аднаго і не раз размаўлялі, але цяпер ён не можа гаварыць, таму што на ім кіслародная маска, і я проста ківаю яму галавой, маўляў, як ты? І вось ён для мяне гэтую маску здымае, паварочваецца, робячы над сабой неверагодныя намаганні, і паказвае мне “клас!”. Я запомніла гэта на ўсё жыццё. Пасля такіх падзей прыязджаеш у тэатр, слухаеш бытавыя праблемы сяброў і разумееш, якая ўсё гэта мітусня. З часам я стала нашмат разумнейшай і навучылася ставіцца да жыцця мудрэй, то бок усведамляючы, як шмат вакол нас непатрэбнага глупства і як шмат мы праз яго ў жыцці прапускаем. Гэтая якасць з’явілася ў мяне ў тым ліку дзякуючы візітам у бальніцу.
Цяпер асаблівы час, мяжа стагоддзяў. Гэта, як правіла, пэўны дэкаданс, змена каштоўнасцяў і выпрацоўка новых правілаў гульні ў грамадстве. У такія перыяды асабліва востра адчуваецца, наколькі мы, людзі, розныя і як можам быць далёкія адно ад аднаго ў плане светапоглядаў. Акрамя таго, крызіс, які адбываецца ў галовах і душах, нязменна правакуе эканамічныя катаклізмы, войны і пераразмеркаванне сіл у сусветнай прасторы. Менавіта таму ў такія моманты вельмі важна ўнутрана трымацца за праўдзівыя каштоўнасці і імкнуцца жыць па запаветах, якія былі нам дадзеныя калісьці даўно і будуць актуальнымі заўсёды. Я ў гэта веру, па такіх прынцыпах выхоўваю сваіх дзяцей і стараюся гэтую веру трансляваць іншым, у тым ліку і з дапамогай маёй дзейнасці.
Ганна Трубачова, Юлія Капусціна
Фота — Аляксандр Tarantino Ждановіч
Журналісцкае агенцтва «Таранціны і сыны»
Мультымедыйны праект кампаніі «Будзьма беларусамі!»