24 студзеня ў Горадні ў галерэі “Крыга” адкрылася выстава, прысвечаная паўстанню 1863 года. Цікавую прамову на адкрыцці сказаў генеральны консул Рэспублікі Польшча Анджэй Хадкевіч:
— Дзякуй вялікі за запрашэнне на выставу. 150-годдзе студзеньскага паўстання — важная падзея для гэтых земляў. Гэтае паўстанне, у адрозненне ад папярэдніх, Касцюшкі і Лістападаўскага, зрабіла вялікі ўплыў на фармаванне беларускага народа. З’явіўся Кастусь Каліноўскі, які пачаў выдаваць “Мужыцкую праўду” і першы раз звярнуўся да сялянаў па-беларуску. Менавіта дзякуючы яго звароту да мясцовага насельніцтва на Гарадзеншчыне сяляне найбольш масава ўдзельнічалі ў паўстанні. Яго адозвы, няважна як мы іх ацэньваем, трапілі да людзей. Мы павінныя прапагандаваць веды пра гэтую падзею. Канечне, гэта трагічная падзея, паўстанне было задушанае і прынесла шмат ахвяраў. Была сасланая ў Сібір інтэлігенцыя, але для земляў Заходняй Беларусі гэта быў пачатак новага шляху. Святкаванне ў Польшчы — частка агульнага святкавання: з літоўцамі, з украінцамі, з беларусамі і латышамі — з усімі народамі, на землях якіх было паўстанне. І я вельмі ганаруся, што разам з вамі адзначаю гэтую гадавіну.
Акрамя гэтага выступілі гісторыкі і мастацтвазнаўцы. Выстава праходзіць да 5 лютага. Раю кожнаму госцю горада над Нёманам на яе схадзіць.
Андрэй Мялешка
Фота Андрэя Мялешкі і Аляксандра Саенкі