Гурт IQ48 урэшце выйшаў на публіку і даў вялікі канцэрт у “Графіці” напярэдадні афіцыйнага інтэрнэт-рэлізу сваёй праграмы HMR. “Здаровых ласёў” падтрымала каманда Monkey Bite.
На невялічкай сцэне клуба “Графіці” малпай скача вакаліст каманды Monkey Bite Жэня Доўнар, марна намагаючыся завесці нешматлікіх наведнікаў канцэрту. “Можа, пап’яце піва і будзеце каўбасіцца?” – з надзеяй пытае ён падчас свайго энергічнага сэту. Monkey Bite – рэдкі падвід айчынных музыкаў, якія працягваюць традыцыі старога добрага беларускага року. Адзін з галоўных арыентыраў музыкаў – падзабытая ўжо каманда ZET. Яны таксама спрабуюць граць вясёлы панк-рок на вострасацыяльную тэматыку. Чаго вартая хоць бы іх песня “Гарбаты” пра канфлікт беларускамоўнага чалавека з тутэйшым расійскамоўным асяродкам.
Рэагуюць на высілкі музыкаў досыць вяла, хоць часам падпяваюць. Апошнім часам арганізатары выступаў беларускіх выканаўцаў сутыкнуліся з сапраўднай праблемай – людзі неахвотна ходзяць на канцэрты. Ці то цікавасць страчаная, ці то рэклама слабая. Зрэшты, канцэрты “праблемных” гуртоў ужо рэдка хто бярэцца ладзіць, а імпрэзы з удзелам “патэнцыйна праблемных” рэкламуюць асцярожна, каб не прыцягнуць залішняй увагі. Канцэрт MUSE на перапоўненым стадыёне, які дэманстраваўся падчас канцэрту на экране, выглядаў як здзек у сувязі з нашай абсурднай сітуацыяй.
Зрэшты, упадніцкага настрою не адчувалася. Абедзве каманды стараюцца несці пазітыў. Monkey Bite пры канцы выклалі адзін са сваіх галоўных козыраў – песню “Камяні”, на якую нядаўна прадставілі live-кліп. “Там тое самае, толькі ў нас кашулі іншыя”, – пажартавалі музыкі, прадстаўляючы свой твор. Бісу ў іх не было, проста патрабаванне ад некага з гледачоў: “Сыграйце яшчэ адну”, – якое музыкі задаволілі ўмомант.
Саша Ракавец з IQ48 паабяцаў у пачатку “выканаць пару шлягераў” і пачаў з аднаго з апошніх – песні “Сабой заставацца”. Выглядала, што музыкаў не надта хвалявала, што яны граюць перад паўпустой залай. Прынамсі, аддача ад іх адчувалася стопрацэнтная. Пад канец выступу вакаліст так распаліўся, што скокнуў на барную стойку, на якой і выканаў пару песняў. Пад канец траўня IQ48 урэшце афіцыйна выкладае ў сеціва свой апошні альбом HMR з нагоды 10-годдзя сваёй канцэртнай дзейнасці. Больш за тое, акром уласна альбома ў інтэрнэт-версію ўвойдзе яшчэ другая частка, куды ўключаныя розныя каверы ды рэміксы.
Не абышлося без хіта “Выйсце”, які па традыцыі выконваецца з Аляксандрам Памідоравым. Цяперашні рок-кароль скарыстаўся выпадкам ды запрасіў усіх на свой рэдкі канцэрт, які пройдзе тут жа 14 траўня. Наступную песню “Просты хлопец” Ракавец прысвяціў усім дзяўчатам, хто “без пантоў і загонаў ды ў адэкваце”, а перад кранальным “Парыжам” абвясціў: “А цяпер мядляк – дамы наліваюць кавалерам”. А скончылася выкананнем “Прыяцеля” на барнай стойцы.
Мікалай Дубавіцкі
Фота: Аляксандр Ждановіч