Берасце стала апошнім горадам, дзе прайшоў прэс-клуб пад правакацыйнай назвай “Хто каму вінен”, арганізаваны кампаніяй “Будзьма беларусамі”. На сустрэчу былі запрошаныя людзі, непасрэдна звязаныя з фармаваннем інфармацыйнай прасторы ў горадзе і рэгіёне, а таксама прадстаўнікі НДА.
“Наша мэта – не распальванне канфлікту “хто каму вінен”, а спроба прыйсці да нейкага паразумення”, – кажа мадэратарка прэс-клуба Марта Мартынюк, рэдактарка партала natatnik.by.
Удзельнікі прэс-клуба абмеркавалі тэму супрацоўніцтва СМІ і НДА, медыя выказалі думкі наконт таго, на якім месцы мусяць стаяць сацыяльныя тэмы ў рэдакцыйнай палітыцы, а таксама паспрабавалі дапамагчы адно аднаму.
На сустрэчу былі запрошаныя таксама і госці з Мінска – кіраўнік аддзела праектаў часопіса “Імёны” Юлія Бабруйская і рэдактарка часопіса Адар’я Гуштын.
Як робяць “Імёны”?
Вопыт часопіса “Імёны” ўнікальны для Беларусі. За два гады існавання “Імёны” сабралі больш за 600 000 рублёў у падтрымку праектаў.
“Часопіс задумваўся ў 2016 годзе як анлайн-платформа з кнопкай, націснуўшы на якую, любы чалавек мог перавесці грошы са сваёй карткі ў падтрымку дабрачыннага праекта”, – кажа кіраўнік праектнага аддзела “Імёнаў” Юлія Бабруйская.
Але не кожны праект можа трапіць на старонкі часопіса. Усе яны праходзяць пільны адбор.
“Мы працуем з праектамі, якія будуюць доўгатэрміновую і шматступенную сістэму дапамогі, якія могуць пацвердзіць сваю эфектыўнасць. Калі мы разумеем, што арганізацыя не зусім дапамагае сваім падапечным, у нас узнікаюць пытанні, – дадае Юлія. – Мы не працуем з арганізацыямі, які пераследуюць нейкія палітычныя мэты альбо з тымі, якія прапагандуюць мэты рэлігійныя. Мы па-за палітыкай і рэлігіяй, мы за чалавека і дапамогу яму”.

Юлія Бабруйская
Рэдакцыя вельмі задаволеная, што аўдыторыя часопіса чуллівая. Але ўсё роўна стараюцца вытрымліваць баланс паміж пазітывам і негатывам у публікацыях.
“Увесь час немагчыма чытаць толькі вельмі складаныя тэксты. Таму час ад часу мы робім натхняльныя гісторыі”, – тлумачыць рэдакцыйную палітыку спадарыня Гуштын, рэдактарка “Імёнаў”.
“Мы вельмі шчыльна працуем з праектамі, – дадае яна. – Адразу кажам: вы зацікаўленыя, каб вас падтрымлівалі, мы зацікаўленыя ў тым самым, таму павінныя гэта класна паказаць”.
Адар’я абураецца, што многія арганізацыі пішуць прэс-рэлізы, якія нікому не патрэбныя, і прапануе больш увагі аддаваць людзям з моцнымі гісторыямі і цікавым лёсам.
А як працуюць журналісты з Берасця?
Людміла Селех, журналістка “Брэсцкай газеты”, за гады працы ў рэдакцыі зразумела, што чытачоў папяровага выдання цікавіць “жорсткі сац”. Але не кожная тэма знойдзе месца на старонках газеты.
“Мы адразу пытаем, што чалавек зрабіў для таго, каб самастойна вырашыць гэтую праблему, і толькі потым ёю займаецца наш журналіст”, – кажа спадарыня Селех.
“Брэсцкая газета” часцей за іншыя СМІ займаецца сацыяльнай тэматыкай, а таксама актыўна супрацоўнічае з актывістамі і НДА. Што трэба, каб надрукавацца ў “Брэсцкай газеце”?

Людміла Селех
“На маю думку, СМІ – гэта таксама актывісты. Таму вельмі важна, каб актывісты і проста актыўныя людзі падтрымлівалі добрыя стасункі з рэдакцыяй, – кажа Людміла і дадае: – Нават лепш, калі падтрымліваецца кантакт с канкрэтным журналістам, лепш як для ініцыятывы, так і для журналіста. Таму што ён у тэме і ведае пра гэтую тэму ўсе”.
Пра прэс-рэлізы ў Людмілы неадназначнае меркаванне: з аднаго боку, яны даюць разуменне таго, чым займаецца арганізацыя, а з іншага, рэлізы рассылаюцца аднолькавыя ў розныя рэдакцыі – ад іх няшмат эфекту. Таму спадарыня Селех прапануе: “Звяртайцеся да журналістаў наўпрост. Да шкілета прэс-рэліза трэба дадаваць фактуру”.
З іншага боку – актывісты
Алена Каховіч, менеджарка культурных і сацыяльных праектаў АРР “Дзедзіч”, распавядае, як арганізацыя вырашыла праблему супрацоўніцтва са СМІ… адкрыццём свайго СМІ.
“Раней у нас быў моладзевы сайт, дзе людзі пісалі свае думкі наконт таго, што адбываецца ў Берасці. Цяпер мы проста акумулюем інфармацыю, якая можа быць цікавай берасцейскім студэнтам і актывістам”, – кажа Алена.
АРР “Дзедзіч” з мінулага года рэалізуе праект “Рэгіянальны медыяцэнтр”. У межах праекта прадстаўнікі НДА вучацца працаваць са СМІ і рыхтаваць цікавыя інфармацыйныя нагоды. На сустрэчы запрашаюць журналістаў і актывістаў, каб патрэніравацца і зрабіць сумесна нейкі матэрыял.

Алена Каховіч
“У нас ужо было некалькі сустрэчаў, на якія прыязджалі нават госці з Мінска (Антон Матолька, напрыклад) і распавядалі, як найлепш супрацоўнічаць са СМІ. Будзем запрашаць гасцей і далей”.
Асноўнай памылкай актывістаў Алена лічыць тое, што ў большасці арганізацый няма чалавека, які б адказваў толькі за сувязь са СМІ. Спадарыня Каховіч склала для НДА некалькі прапаноў:
-
– проста распавядаць, чым вы займаецеся;
-
– разумець, навошта вам увогуле СМІ;
-
– рассылаць прэс-рэлізы (1 раз);
-
– звяртацца наўпрост да знаёмых журналістаў;
-
– не ленавацца прыдумляць розныя фарматы;
-
– праз людзей распавядаць пра вашу дзейнасць.
“Журналіст вам нічога не павінен”
Тэма выклікала зацікаўленасць аўдыторыі і бурную дыскусію. Некаторыя пагадзіліся з выступоўцамі, іншыя вырашылі паспрачацца.
“Нам патрэбныя такія людзі, як у “Імёнах”, якія дапамогуць нам знайсці патрэбны ракурс для матэрыялу. Я калісьці напісала для партала “Зялёная сетка” 18 матэрыялаў пра акцыі па прыбіранні смецця. І я ўжо ведала, з якога боку падысці да наступнага матэрыялу”, – кажа Таццяна Гурава з экалагічнай арганізацыі “Час зямлі”.
“Можа, у нас няма такіх СМІ, як “Імёны”? На нашым мясцовым узроўні не хапае такога рэсурсу, які б асвятляў сацыяльную тэматыку”, – дадае яе калега Рыгор Цярэнцеў.
За СМІ ўступілася Адар’я Гуштын: “У Берасці каля 10 часопісаў і парталаў. Некаторыя з іх чытаю нават я, седзячы ў Мінску. Таму калі вы кажаце, што няма каму пісаць, гэта не так. Але СМІ патрэбны хайп. Ну дык лавіце гэты хайп! І яшчэ: калі вас няма ў медыя, лічыце, што вашай кампаніі таксама няма. Для грамадства гэта нуль”.

Адар’я Гуштын
Да дыскусіі далучыўся фрылансер Уладзімір Крыўчэня: “Трошкі трэба разумець, што матэрыял – гэта тавар, які трэба прадаць. Ваша тэма – гэта ваша тэма, вы яе ведаеце. А журналіста гэтай тэмай трэба зацікавіць”.
Потым дыялог увогуле зрабіў нечаканы паварот: Юлія Бабруйская выказала здагадку, што некаторым арганізацыям СМІ ўвогуле пакуль непатрэбныя.
“Але медыя не могуць быць непатрэбнымі”, – абурылася Адар’я.
“Я не пра тое. Можа, на дадзеным этапе не кожная акцыя мусіць асвятляцца ў СМІ. Калі вашая мэта – прыцягнуць людзей у канкрэтным раёне Берасця, то буйным берасцейкім СМІ гэта можа быць нецікава. Але калі вы падымеце праблему ўсяго горада – гэта тэма для буйнога СМІ”, – патлумачыла Юлія.
Кропку ў спрэчцы паставіла спадарыня Гуштын: “Вам трэба памятаць, што журналістаў, якія спецыялізуюцца на вашай тэматыцы, няма. І яшчэ: журналіст вам нічога не павінен. З пазіцыяй “ён павінен напісаць так, як мы лічым” вы нікуды не прасунецеся”.
Вікторыя Гамалінская
Фота – Дзяніс Трацюк