На запрашэнне загадчыцы Заслаўскай дзіцячай бібліятэкі Натальлі Віктараўны Грыгор’евай 12 кастрычніка 2016 г. Уладзімір Сіўчыкаў правёў літаратурную сустрэчу з вучнямі 6-х класаў СШ №2. Імпрэза сталася таксама своеасаблівым ўрокам гісторыі і геаграфіі: пісьменнік хораша ведае старажытнае Заслаўе і яго наваколлі, бо, акрамя ўсяго, мае лецішча на знакамітай Лысай Гары. Уладзімір Сіўчыкаў расказаў дзецям пра знакамітых заслаўцаў — заснавальнікаў аднаго з самых старых беларускіх гарадоў княгіню Рагнеду ды князя Ізяслава, пра асветніка Сымона Буднага, пра князёў Пшаздзецкіх, а таксама пра слаўных сучаснікаў, сямейныя пары мастакоў Валянціна і Надзеі Макаранка, пра Віктара Маркаўца ды Таццяну Гаранскую. Гэтаксама доўжыўся аповяд на падставе падараванага бібліятэцы альбома “Гістарычнае Заслаўе. Жывапіс Віктара Маркаўца”, вялася гаворка пра Сабор Усіх Беларускіх Святых, спраектаваны, збудаваны і размаляваны мастаком. Распавёў Уладзімір Сіўчыкаў легенды і паданні пра Замэчак, першае заслаўскае гарадзішча, пра рэчкі Чарніца і Княгінька, пра Чорную і Сінюю горы, пра курганы на Дзехнаўцы, пра Федзькаў і Дзявочы камяні…
Пісьменнік азнаёміў вучняў з новым дзіцячым альманахам “Гарбузік”, са складзенымі ім кнігамі “Залатая яблынька”, “Сіняя Сьвіта” і “Зачараваны Замак”, а таксама з кнігай “Кастусь Тарасаў. Тры жыцьці княгіні Рагнеды”, якая нядаўна пабачыла сьвет у серыі “Мая беларуская кніга”.
З цікавасьцю паслухалі вучні вершы з кнігі Уладзіміра Сіўчыкава “Кошык Велікодны”. На заканчэнне пісьменнік і выдавец перадаў бібліятэцы дзясяткі кніг, даў аўтографы самым актыўным удзельніцам сустрэчы Сафіі Стэфановіч і Аліне Рэўтовіч.