Кожны тыдзень у сьвеце памірае адна мова. Разам з мовай у хуткім часе памірае і культура, без культуры праз пэўны час зьнікае і народ. Лінгвісты прагназуюць, што ад 6800 жывых моваў, якія існуюць на сёньняшні дзень, праз 125 год на зямлі застанецца 1/10. Самымі распаўсюджанымі ў сьвеце мовамі зьяўляюцца кітайская, ангельская, гіндзі, арабская, руская, японская, гішпанская.
Дасьледчыкі кажуць, што для таго, каб мова паўнавартасна жыла і разьвівалася, колькасьць носьбітаў мае быць ня меншай за адзін мільён чалавек. У такім выпадку беларуская знаходзіцца ў групе рызыкі, бо, паводле апошніх дадзеных, тых, хто стала размаўляе на мове, прыкладна 7-8 адсоткаў. І мне падаецца, што гэта лічба завышаная. Нас значна менш.
Сярод 6800 жывых моваў мільёнам носьбітаў могуць пахваліцца толькі 250. Астатнія, напэўна, і ёсьць тыя 9/10, якія могуць зьнікнуць праз 125 год. Дарэчы, сярод 6800 моваў пісьменнасьць маюць толькі 1000.
Наколькі важна для чалавека ўвогуле размаўляць на мове продкаў?
Як вядома, у аснове шматлікіх старажытных культур палягае мовацэнтрычны прынцып сьветабудовы, то бок прызнаецца, што спачатку было слова, мова, якая і стала ўмовай існаваньня жыцьця.
Санскрыцкі альфабэт, напрыклад, называецца Devanagari, што азначае “горад багоў”, бо кожны гук, кожная літара ў індыйскай касмагоніі зьяўляецца тым рухам, той сілай, якая на фізічным узрозні робіць магчымым наш пачуцьцёвы досьвед. Паводле індыйскай тэорыі сьветабудовы сусьвет разгортваецца з гука А, які і зьяўляецца пачаткам. Праз А ствараюцца найперш ўсе галосныя, потым зычныя, гукі складаюцца ў словы, з дапамогай якіх і матэрыялізуецца рэчаіснасьць. Першымі, хто прычыніўся да пабудовы сусьвету праз слова, былі рышы – індыйскія паэты.
Гісторыю стварэньня сусьвету праз прамаўленьне можна сустрэць і ў Эгіпце ў 6 стагодзьдзі да н.э. ў кульце бога Пта: “Ён памысьліў у сэрцы і прамовіў языком”. І стварыўся сусьвет.
У кабалістычнай традыцыі мова таксама лічыцца інструмэнтам стварэньня сусьвету. Сусьвет узьнікае праз тору, то бок першасная матэрыя – лінгвістычная, зь якой і паўстае ўвесь астатні сьвет. Таму зусім не выпадковым, а наадварот, вельмі ўсьвядомленым крокам выглядае адраджэньне габрэямі сваёй старажытнай мовы – іўрыту ў якасьці жывой, афіцыйнай, дзяржаўнай мовы. Мова, што лічылася выключна кніжнай на працягу амаль 2000 год, стала дзяржаўнай мовай Ізраіля ў 1948 годзе. Гэта добры прыклад і аргумэнт, дарэчы, для тых, хто лічыць, што лепш перайсьці на ангельскую, чым на беларускую, каб рухацца кшталту ў будучае разам з усім сьветам, а не ў мінулае з беларускай, адасоблена і самотна. Габрэі мелі рацыю, скарыстаўшыся мовай сваіх продкаў – каб рухацца ў будучыню. Больш за тое, яны самі гэтую будучыню і ствараюць дзякуючы сваёй мове, на свой, вядома ж, лад, паводле свайго ўяўленьня, адным словам – для сябе. Іўрыт як мова ёсьць краевугольным камянём у самаідэнтыфікацыі габрэяў ва ўсім сьвеце. Краіна, якая мае назву Дзяржава Ізраіль, пачалася з мовы, з таго, што некалькі асобаў вырашылі адрадзіць гэтую мову і зрабіць яе тым падмуркам, які згуртоўвае людзей і вядзе іх у будучыню. Ізраіль — прыклад таго, як нацыянальная дзяржава пабудаваная вакол мовы.
Я не спрачаюся, што ангельская неабходна ў якасьці мовы міжнародных стасункаў (хаця для міжнародных стасункаў, на мой погляд, лепш падыйшла б штучна створаная мова кшталту эсперанта, за якой не стаяла б ідэалёгія той ці іншай культуры і не было б насаджэньня чужога мэнталітэту праз мову), але варта ўсьведамляць, што паўнавартасным носьбітам ангельскай сярэднястатыстычны чалавек ніколі не стане. Маючы 700-800 словаў у актыўным ужываньні для падтрыманьня штодзённай шаблённай камунікацыі, звычайны чалавек, рухаючыся па шляху найменьшага супраціву, наўрад пойдзе далей у асвойваньні чужой мовы. Але ўявіце, што актыўны лексычны запас адукаванага эўрапейца (ангельская – родная мова) – 10000 словаў, пасіўны запас – больш за 50 000 словаў. А калі ўлічваць, что словы – гэта інструмэнт сьветабудовы, то што можна набудаваць з 800 адзінак лексыкі? Можна толькі пераймаць, даганяць, даказваць, штосьці камусьці заўжды даводзіць. Адсюль і пачуцьце, што мы заўжды ў ролі даганяючых. Адсюль і сорам за сваё.
Ужываньне ангельскай тымі, для каго дадзеная мова не зьяўляецца роднай, нагадвае мне беларускую трасянку. Граматычныя памылкі, лексычная прымітыўнасьць, акцэнт. Пры гэтым за беларускую трасянку нам сорамна, а за ангельскую – не.
І добра, калі ў новых адэптаў ангельскай застаецца родная мова для паўнавартаснага разьвіцьця моўных навыкаў і пабудовы паўнавартаснай жыцьцёвай прасторы. Але ў глябалізаваным сьвеце, пад моцным уплывам ангельскай, захаваньне нацыянальных моваў становіцца праблемай для многіх краінаў.
Гіндзі, напрыклад, адсоткаў на 70 складаецца ўжо з ангельскай лексыкі. Руская, мне здаецца, вось-вось дагоніць гіндзі з тынэйджэрамі, кейсамі, маркетамі, шопамі, лофтамі, ліфтамі, снэкамі, трафікамі, сіці, чартэрамі і г.д.. Ды й нямецкая не на апошнім месцы па колькасьці ангельскіх запазычаньняў. Для кагосьці, магчыма, такое моўнае забруджваньне не падаецца праблемай. Як па мне, хаос у галовах праз моўную блытаніну зьяўляецца адной з прычынаў таго, што маем сёньня ў глябалізаваным сьвеце: суцэльнае непаразуменьне. Атрымліваецца, што запазычваем для таго, каб далучацца да сьвету, але насамрэч губляем сябе, сваю індывідуальнасьць. Для мяне прагрэс – гэта разнастайнасьць, а не аднолькавасьць.
Дарэчы, адной з самых архаічных і чыстых моваў зьяўляецца ісьляндзкая. Носьбітаў ісьляндзкай на сёньняшні дзень налічваецца каля 300 тыс. чалавек. Значна менш, чым носьбітаў беларускай, аднак яны, ісьляндцы, нягледзячы на сваю нешматлікасьць і моцны шматвекавы ўплыў дацкай мовы і яшчэ больш моцны сучасны ўплыў ангельскай, захоўваюць моўную чысьціню, імкнучыся не пераймаць і не ўжываць словы іншамоўнага паходжаньня, так што ў ісьляндзкай вельмі мала запазычаньняў. Тым самым яны захоўваюць архаічнасьць мовы, ейную непаўторнасьць і самабытнасьць, абараняючы тым самым свой мэнталітэт, свой сьветапогляд і сваю культуру.
У Латвіі 150 000 латгальцаў адстойваюць права на дзяржаўнасьць сваёй роднай – латгальскай мовы, дарэчы, таксама адной з самых старажытных у сьвеце.
Існуе такі лінгвістычны тэрмін – дыглясія. Звычайна мясцовы дыялект, пачаўшы абслугоўваць патрэбы дзяржавы, паступова ператвараецца ў літаратурную мову. Адпаведна ўзьнiкаюць адмысловыя кніжныя спосабы выражэньня, якіх няма ў народных гаворках, але якія, сваім парадкам, уплываюць на дадзеныя гаворкі. Практычна кожная мова мае два плясты: народны і кніжны. Кніжны пляст заўсёды нясе адбіткі іншаземных уплываў. Лепш, каб гэтых уплываў было як мага менш, але здараецца і так, што літаратурная мова зусім ня мае сувязі зь мясцовымі гаворкамі.
У часы Полацкага княства літаратурнаю моваю была мова царкоўнаславянская, утвораная на аснове мясцовых гаворак ад старабаўгарскай з моцным уплывам позьнегрэцкіх і бізантыйскіх культурных мадэляў. Царкоўнаславянская мова абслугоўвала кніжную, найперш царкоўную, сфэру, а беларускія мясцовыя гаворкі служылі спосабам побытавых зносін і перадаваліся спачатку выключна ў вуснай форме.
Сучасныя мовазнаўцы называюць такое двухмоўе дыглясіяй. Дыглясія – гэта ўстойлівае спалучэньне дзьвюх моваў у адной культурнай прасторы. Устойлівасьць дасягаецца тым, што кожная мова пры дыглясіі выконвае сваю асобную функцыю, і функцыі гэтыя не перасякаюцца. Такая сытуацыя захоўвалася на тэрыторыі Беларусі на працягу стагодзьдзяў. Таму, напрыклад, мова перакладу Бібліі Францыскам Скарынай — гэта царкоўнаславянская мова, а мова яго аўтарскіх тэкстаў — старабеларуская, якая натуральным чынам паўстала з мясцовых гаворак.
Часьцей за ўсё дыглясія прыводзіць да таго, што мовы спакваля ўсё ж зрастаюцца ў адну сыстэму. Але ў Беларусі гэтага не адбылося. Мова, на якой мы размаўляем сёньня, і ў прыватнасьці літаратурная мова, мае мала запазычаньняў, бо паўстала на сваім, мясцовым грунце. Больш за тое, яна выціскала царкоўнаславянкую, ня зьмешваючыся зь ёй. Таму наша мова – самабытная і на мой погляд, мае вялікі патэнцыял для разьвіцьця. І гэтым варта ганарыцца.
У рускай мове, дарэчы, таксама існавала дыглясія, але нядоўга, бо дзьве мовы (царкоўнаславянская на рускай глебе і мова мясцовых гаворак) цесна перапляліся і злучыліся ў адну сыстэму. Сучасная расейская літаратурная мова, як лічаць многія мовазнаўцы, ёсьць вынікам разьвіцьця царкоўнаславянскае мовы на рускай глебе.
Для мяне мовацэнтрычны прынцып сьветабудовы зьяўляецца пераканаўчым і натуральным. Мова – гэта інструмэнт пабудовы сусьвету. Яна ўплывае на сьветапогляд, а, значыць, кіруе ўчынкамі і дзеяньнямі людзей.
Наколькі важным зьяўляецца захаваньне роднай мовы? Гэта залежыць ад мэтаў, якія чалавек ставіць перад сабой – пераймаць і запазычваць, то бок заставацца ў ролі даганяючых і зьнікаючых, ці ствараць рэчаіснасьць згодна са сваімі патрэбамі, захоўваючы індывідуальнасьць і самабытнасьць, узбагачаючы сусьветную культуру і спрыяючы культурнай разнастайнасьці.
Кожны робіць свой выбар.