Такіх суседзяў на мапе Беларусі больш няма: найпрыгажэйшы Полацк, дзе кожная вуліца дыхае таямнічасцю і гісторыяй, і Наваполацк, монагорад нафтавікоў, які з’явіўся дзякуючы ўсесаюзнаму камсамольскаму будаўніцтву. Адлегласць у 6 кіламетраў паміж імі можна пераадолець на звычайнай маршрутцы. Як геаграфічная блізкасць самага старажытнага і самага прамысловага горада ўплывае на іх культурніцкую афішу і кантакты паміж актывістамі? Пра гэта ішла гаворка на афлайнавым ток-шоў у Полацку 27 сакавіка.
Вядоўца, каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі” па Віцебскім рэгіёне Уладзь Булаўскі, трохі адступіў ад традыцыйнага пачатку і перадаў слова выканаўцы абавязкаў старшыні “Таварыства беларускай мовы” Валянціне Крук. Напярэдадні ТБМ правяло беларускую дыктоўку і вырашыла падвесці яе вынікі і адзначыць “выдатнікаў”. Калі меркаваць па колькасці ўдзельнікаў дыктоўкі, якія прыйшлі ў той вечар на ток-шоў, з веданнем беларускай мовы ў горадзе над Дзвіной усё даволі няблага.
А што наконт гарадскога культурніцкага актывізму? Вядоўца просіць спікераў расказаць пра свой досвед і апошнія навіны.
Культурніцкі актывіст і вядомы музыка Стась Сілка пераспрабаваў у родным горадзе багата актыўнасцяў: ад забаўляльных да адукацыйных. З апошняга — кватэрнікі, а найбліжэйшым часам ён збіраецца ўзяцца за новую для сябе тэму — лекцыю да Міжнароднага дня касманаўтыкі. Акрамя ўсяго гэтага Стась — старшы навуковы супрацоўнік Музея традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я.

Стась Сілка
Выкладчыца Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Таццяна Цярэшчанка расказала пра Цэнтр урбаністыкі і дызайну. Аказваецца, у Полацку ёсць супольнасць архітэктараў, якім цікава выходзіць з івэнтамі на гарадскія пляцоўкі. Самым плённым для іх быў 2016 год, калі актывісты правялі Тыдзень урбаністыкі, а ў рамках Форуму пра энергаэфектыўнае асвятленне зладзілі гарадскі пікнік з інсталяцыямі “Светасфера”.
Трэцяя спікерка, Вольга Бізікава, дырэктарка сацыяльна-культурнай установы “Віцебск для мяне”, мае шмат чым пахваліцца, бо аддала немалую частку жыцця добрым справам для Віцебска. Праз курсы для актывістаў “Віцебскі арнамент” прайшоў не адзін дзясятак чалавек (у тым ліку палачанін Стать Сілка), а дзякуючы “Творым чацвяргам” гараджане разам з выканаўчымі ўладамі арганізуюць маркеты, фэсты, канцэрты, святы, лекцыі і выставы.
І яшчэ пытанне да залы: хто з Полацка, хто з Наваполацка, а хто жыве і там, і там? Большасць рук падымаецца ў адказ акурат на апошняе пытанне.
Пазіцыі акрэсленыя, вядоўца хіліць да канкрэтыкі: наколькі розныя культурныя афішы Полацка і Наваполацка? Гарадскія актывісты абодвух гарадоў дзейнічаюць разам ці паасобку?
— Фармальна людзі працуюць у адным горадзе, а жывуць у іншым, але па духу гэта два вельмі розныя гарады. Аб’яднаць іх не паварочваецца язык, — кажа Таццяна.

Таццяна Цярэшчанка
З ёй згодны Стась Сілка, які дадае, што з крайняга дома Наваполацка відаць Сафійка (так, з любоўю мясцовыя называюць Сафійскі сабор), аднак гэта зусім не азначае, што нага кожнага навапалачаніна хаця б раз ступала на прыступкі высокай лесвіцы, што вядзе да некалі славутага храма, а сёння не менш знанай арганнай канцэртнай залы і музея.
— Нягледзячы на адлегласць, шмат жыхароў Наваполацка не ведае Полацк, за выключэннем вакзала, і наадварот, — рэзюмуе Стась.
— Наколькі гарадскія стэрэатыпы ўплываюць на гарадскі актывізм? — падхоплівае тэму Уладзь Булаўскі.
— Я сабе слаба ўяўляю, напрыклад, свята гукання вясны ў межах Наваполацка: бетонныя дамы забіваюць атмасферу аўтэнтыкі. А вось у Полацку традыцыйныя абрады выглядаюць больш арганічна, — кажа Стась.
— Я думаю, працаваць з любымі фарматамі мерапрыемстваў можна ўсюды, але па-рознаму, — разважае Таццяна Цярэшчанка.
— Ды не. У шматпавярховікі Наваполацка лепей упісаць стрыт-арт, самы сучасны індастрыял, поп-арт, — спрачаецца Стась, які, відаць, мае іншы густ.
— А ў нас у Полацку быў гарадскі пікнік на Кургане славы, куды цудоўна ўпісаўся вулічны фестываль! — кажа з залы архітэктарка Вераніка Панізнік.
Вольга Бізікава асаблівых стэрэатыпаў пра Віцебск не ўспомніла, хіба толькі Шагала. Яна расказала, як актывісты абыгралі віцебскія вятры (горад стаіць на ўзгорках) і віцебскія фестывалі (адзін толькі Славянскі базар чаго варты) і запачаткавалі “Свята ветру” — сямейны івэнт у парку з запускам паветраных змеяў.

Вольга Бізікава
У мінулым годзе самы старажытны горад Беларусі быў моладзевай сталіцай, а сёлета ягоны прамысловы сусед нечакана атрымаў чаргу культурнай сталіцы краіны. Вядоўца пытаецца, што цікавага было ў Полацку летась і што рыхтуецца цяпер у Наваполацку ў рамках гэтых дзяржаўных акцый.
Спікеры салідарныя ў меркаванні, што афіцыйныя статусы мала заўважныя гараджанам, балазе ў 2017 годзе праходзілі вялікія ўрачыстасці на Дзень пісьменства, Дзень горада і ў межах Года кнігадрукавання і ў Полацку, і ў Наваполацку.
— Год культуры, моладзі, лёгкай прамысловасці — гэта мала адбіваецца на падзеях. Афіцыйныя званні мала натхняюць, — кажа Стась Сілка.
— Гэта карысна ва ўзаемадзеянні з гарадскімі ўладамі. Мы можам прапаноўваць свае падзеі як частку плана года, — дарэчна ўмешваецца актыўная госця з залы, архітэктарка Вераніка.
— Цяпер у Наваполацку ідзе праект “Ад інклюзіўнай школы да інклюзіўнага горада”. Мы спрабуем працаваць у яго рамках, — падтрымлівае калегу Таццяна.
Спікерка кажа пра праграму Еўрапейскага саюза для паглыблення ўзаемадзеяння мясцовых уладаў і грамадзянскай супольнасці. Значыць, дамовіцца і дзейнічаць разам для патрэбаў свайго горада актывістам і чыноўнікам у Наваполацку ўсё-ткі рэальна.
— Дык як вы плануеце скарыстацца Годам культуры? — пытаецца Уладзь Булаўскі.
— У канцы жніўня праект пра энергаэфектыўную мадэрнізацыю асвятлення скончыцца фестывалем святла, — дзеліцца далёкімі планамі Таццяна.
— Я хачу сказаць пра вялікую праблему! У нас няма пляцоўкі, дзе мы маглі б абменьвацца інфармацыяй пра мерапрыемствы. Усе класна робяць сваю справу паасобку, — самая актыўная ўдзельніца з залы Вераніка пераводзіць увагу на “вечную” праблему актыўных гараджан.
Наладжваць камунікацыю паміж гарадскімі ўладамі і грамадскім сектарам добра навучыліся ў Віцебску. Там “сацыяльна адказны” бізнес — рэстаран “Торвальд” — рады бачыць у сваім памяшканні сустрэчы неабыякавых гараджан. Вольга Бізікава кажа, што “чыноўнікі туды пакуль не дайшлі”, што не перашкаджае апошнім падтрымліваць актывістаў і ўключаць іх прапановы ў гадавыя планы.
Кампанія “Будзьма беларусамі!” таксама стварае прастору для размовы паміж гарадскімі актывістамі. На заканчэнне Уладзь Булаўскі аб’явіў пра Кірмаш праектаў для гарадоў Віцебскай вобласці. Ідэі таго, як палепшыць культурніцкую афішу і інфрастуктуру, можа даслаць любы ахвочы, а пасля абараніць яе на публічнай прэзентацыі.
Праекты будуць прымацца да 20 красавіка на пошту [email protected], [email protected] (атрымаць падрабязную інфармацыю можна па нумары +375259133876). Прэзентацыю плануецца правесці 25 красавіка ў Полацку, адрас арганізатары назавуць дадаткова.
P.S. Толькі не пераблытайце горад! Аднойчы Стась Сілка арганізаваў спектакль у рэстаране “Славянскі” на праспекце Скарыны ў Полацку. Ягоны сябар чамусьці прыехаў у рэстаран “Народны” на Маладзёжную вуліцу ў Наваполацк. Відаць, для мясцовых у гэтым ёсць штосьці сугучнае.
Хрысціна Марчук, фота – Арцём Казакоў