Навошта першакласны беларускі самелье скупляў па вёсках “чарніла”? Чаму ніколі ў жыцці ён не каштаваў гарэлкі? Калі нарэшце ў Беларусі здарыцца “вінны бум” і што для гэтага трэба? Прапануем вам правілы жыцця, развагі і парады ад Аляксандра Кульбачкі.
Аляксандр Кульбачка – беларускі самелье, намеснік дырэктара і арт-дырэктар віннага бара “Хороший год” у Мінску, арганізатар і вядоўца “Віннай школы”. Спектр абавязкаў шырокі: “Часам яшчэ і бармен, і афіцыянт, толькі што бакалы не мыю – у мяне рука ў іх не ўлазіць”, – жартуе Аляксандр. А яшчэ гэта чалавек, які любіць віно і гатовы расказваць пра яго гадзінамі.
Каб не пераказваць усё і захаваць пэўную таямніцу, мы вырашылі даць у матэрыяле адно ўрыўкі размовы – каб чытач злёгку пакаштаваў пах і густ прадукту, каб захацелася яшчэ. Гэта, зрэшты, таксама частка “віннай філасофіі”: не “накідацца”, а маленькімі глыткамі каштаваць атмасферу і легенду напою.
Гарэлка беларусам зразумелая, віно – пакуль не
Беларусы баяцца віна. Чаму? Бо не разумеюць. Гарэлка – гэта зразумела. Просты ўваход, просты выхад. Ты дакладна ведаеш, што гарэлка з табой зробіць: калі возьмеш чарачку, калі вып’еш бутэльку – усё ведаеш, усё прадказальна. З віном па-іншаму. Зразумела, за стырно я не сяду, але я цалкам у сваім розуме, мяне не гайдае. Таму што ў віне не галоўнае колькасць, галоўнае – задавальненне, працэс. Не больш за тое.
Няважна, што ты піў – важная атмасфера
Вінны бар “Хороший год” працуе ўжо каля года. Ён з’явіўся не сам сабою. Ведаеш, як дзіця нараджаецца з любові (добра, каб так было заўжды), бар нарадзіўся з любові. Мы вельмі любім віно, атмасферу, стылістыку, шчыра. Па сутнасці, няважна, што ты піў, важна, ад якой атмасферы ты атрымаў асалоду. Дзеля гэтай атмасферы мы і адкрыліся. Месца з’явілася таму, што нідзе нічога падобнага не было. Яно мусіла ўзнікнуць.
Гарэлкі не каштаваў ні разу
Да 21 года я наогул нічога не піў. Не хацеў. Мне падавалася, што свет і без гэтага прыўкрасны. Я бачыў людзей, якія пілі гарэлку, і мне не хацелася рабіцца тым, у каго яны ператвараліся… Нецікава было, такім я буду ці не. Я чытаў кнігі, глядзеў кіно, мне было цікава: заможныя, цікавыя людзі – яны паўсюдна пілі віно. Чаму?! Нідзе не вялося пра тое, што яны “накідваліся” гарэлкай…
Ганзейскі саюз не быў збудаваны на гарэлцы. На гарэлцы была збудаваная зусім іншая дзяржава, самі ведаеце якая… Дарэчы, гарэлкі я не каштаваў дагэтуль, ні разу ў жыцці. Не ведаю нават яе смаку.
“Людзі ў дарагіх пінжаках не могуць гэта піць!”
Неяк мы з сябрам такі вырашылі паспрабаваць віно (мне – 21 год). Нам параілі: “Бярыце малдаўскае паўсалодкае, не прагадаеце! Не бярыце дарагое, сэканоміце грошы”. Мы ўзялі з ім два пакеты, паехалі ў Смаргонь. На беразе возера разлілі па пластыкавых кубачках… Я сяджу і кажу яму: “Слухай, людзі ў дарагіх пінжаках не могуць гэта піць! Чаму мяне адварочвае?..” Тады я зразумеў, што такое віно – не для мяне.
І гаворка тут не пра Малдову. Няма краіны з дрэнным віном: у кожнай можа быць як добрае, так і мярзотнае. Тое самае з пакетам. У Паўднёвай Афрыцы віно ў пакеце – гэта норма, яно прыстойнае. Бярэш сабе пакет ды ідзеш у горы! Так у нас склалася: пакет – значыць так сабе.
Крызіс, віно і 12 тостараў
Падчас крызісу 2011-га беларусы кінуліся скупляць тэлевізары, халадзільнікі, 12 тостараў… Усё што можна. А я мяняў даляры і скупляў віно, сабраў цікавую калекцыю. Дакладна яшчэ не ведаў, што браць, купляў дарагое: тое, што раней для мяне было недасяжным. Нават не ў фінансавым, а ў маральным плане. Я не мог зразумець, як можна аддаць столькі грошай за бутэльку віна! А тут пачаў разумець: можна.
Яно не стаяла, мы пілі разам з сябрамі. Але культуры піцця тады яшчэ не разумелі: пілі з пластыкавых кубачкаў, жалезных турыстычных кубкаў… з чаго толькі не пілі. Гэта нармальна, гэта першае знаёмства з віном.
“Старэйшыя браты” і сумеснае шчасце
А далей быў вінны гурток. Што гэта? Збіраюцца людзі, купляюць віно, ардынарнае ніхто не бярэ: тое, што можна набыць у краме, нецікавае. Ідзі і сам сабе набудзь. Купляецца тое, што я маральна і фізічна не магу пацягнуць. А вось адну пятнаццатую аплаціць – магу. Мы скідваемся і разам п’ём. Але галоўнае – гэта атмасфера. Бо ты збіраешся з тымі, хто лепшы за цябе, хто больш ведае, хто разумее і разбіраецца, хто можа быць табе “старэйшым братам”, чый досвед для цябе – неверагодны. А твае веды, імпэт – добрыя для іх. Мы разам вучымся.
Няма такога самелье, які лепшы за ўсіх, яго не існуе. Кожны з нас вучыцца. Быць самелье – гэта практыкавацца. Ведаць смакі, разбірацца ў трэндах, ведаць, што і як. Разам з гэтымі людзьмі ў мяне атрымліваецца значна лепей, менавіта гэтым гурток і жыве – сумесным шчасцем ад ужывання віна.
Віно як падарожжа ў легенду
Кожны з нас праходзіць кропку задавальнення першасных патрэбаў. Ты сыты, апрануты, нават нейкае мастацтва любіш. Пасля ў цябе застаюцца нейкія грошы, і што далей? Гэта падарожжы, прадметы раскошы. Віно – адзін з варыянтаў. Гэта фактычна падарожжа без асаблівых грошай, падарожжа ў легенду, якую ты п’еш і смакуеш.
Кожны з нас можа пражыць без віна, гэта нескладана. Але віно – гэта магчымасць акунуцца ў сусветы, куды акунуцца немагчыма. Гэта не проста ўзяць італьянскае віно і выпіць, не. Гэта значыць пакаштаваць зямлю Тасканы на смак. І калі ты насалоджваешся “Шато Марго”, ты адчуваеш гэтую глебу, пыл, камяні, сонца.
Дрэнныя бары? Проста “вымерлі”
Мы адстаём ад Варшавы, Вільні гадоў на пяць. Ад Кіева, Масквы, Пецярбурга – гады на два-тры. Вінны бум у Варшаве ўжо прайшоў гадоў пяць таму. Раней, калі сустракаліся пан і паненка, у іх на стале стаяла піва – гэта была норма. Цяпер мы тое ж бачым у Беларусі. Але сёння ў Варшаве падчас спаткання на стале будзе бутэлька віна. Як і ў Германіі, самай “піўной” краіне.
Віно стала дэмакратычным і зразумелым, у вінны маркетынг укладзеныя шалёныя грошы. У Маскве і Пецярбургу вінныя бары ўжо на кожным рагу: яны нават канкураваць перасталі, проста суіснуюць. Маўляў, мы ходзім сюды, а вы туды – каму як бліжэй. І ўсе добрыя па якасці, бо дрэнныя проста “вымерлі”.
Мая ўстанова такая, які я сам
Мінск таксама да гэтага прыйдзе. Цяпер усё пачынаецца, закручваецца. Вось мы адкрыліся, пасля яшчэ з дзясятак з’явіцца, каб у выніку было ў горадзе 20-30 – на любы густ. Нехта захоча больш кухні, нехта дыджэя, нехта дзяўчынку ў спадніцы, якая ледзь майткі прыкрывае… Гэта нармальна, такі чалавек проста пойдзе ў іншае месца. А да нас пойдзе асаблівая публіка. Ты бачыш, які я сам. Дык вось, я магу стварыць толькі такую ўстанову, як я сам, і нічога болей.
Пладова-ягадныя: дрэнная сыравіна і бязбожная эканомія
Ці можна гэта наогул называць віном? Так. Вернемся да вытокаў: віно – гэта напой з вінаграду. Рэшта – пладова-ягадныя віны: з яблык, маліны, брусніцаў, бульбы, слівы, з чаго хочаш. У Латвіі з рэвеню робяць. Гэта не добра і не дрэнна, проста гэта пладова-ягадныя віны, яны ёсць. Праблема ж нашых пладова-ягадных – гэта дрэнная сыравіна… наогул, усё дрэннае. На ім бязбожна эканомяць.
Некалі мы паклікалі сюды, у бар, найлепшых беларускіх самелье. Вось за той стол. Папярэдне мы спецыяльна ездзілі па вёсках, каб сабраць калекцыю “чарніла” – мацёрага-мацёрага. Куплялі тое, чаго ў Мінску нават няма. Выставілі лінейку і ўсё пілі. Мы стараліся адмовіцца ад стэрэатыпаў і паспрабаваць… І ведаеце што? Мы знайшлі нейкае віно з маладзечанскага завода – дык там нават патэнцыял адчуваецца!
Каб беларусы напружыліся – змаглі б!
Зразумей, існуе, напрыклад, херас – мацаванае віно. Гэта частка сусветнай віннай культуры, класна. І калі наша яблычнае мацаванае віно зрабіць нармальна, даць яму час, падабраць нармальны вінаматэрыял, вытрымаць тэхналогію – яно добра атрымаецца! Каб нашы напружыліся – змаглі б, упэўнены. І тады ў сваю вінную мапу я даклею чырвоную налепачку на месцы Беларусі, каб усе бачылі – тут яно ёсць!
Ну і сама культура піцця. Калі ты будзеш браць любое віно, раскручваць яго “вінтом” і “засаджваць” ля пад’езда – нават калі віно будзе супердарагое – вынік адзін: ты будзеш валяцца пад гэтым пад’ездам. Але калі мы кажам аб правільным ужыванні – гэта зусім іншае.
З жонкай – легальна, з Васільевічам – не!
У Беларусі ёсць сапраўдныя вінадзелы – “гаражысты”. Калі б іх віны можна было прадаваць, яны б стаялі тут. А яны не могуць атрымаць ліцэнзію. І таму гэта толькі для сябе і для сяброў фактычна. У нас дазволена рабіць віно для асабістых патрэбаў.
Глядзіце які ланцужок. Вырошчваць вінаград – легальна. Збіраць – легальна. Давіць сок – легальна. Працэс браджэння – нелегальны (брага можа выкарыстоўвацца для самагонаварэння). Зрабіў віно – легальна. Але брага нелегальная – усяго адно звяно ў ланцужку! Далей: ты паспрабаваў, атрымалася! Ты і твая жонка паспрабавалі – клас, легальна. Ты запрасіў Васільевіча з суседняй дачы – нелегальна: ты не можаш ладзіць дэгустацыі для трэціх асобаў. Ніхто не будзе караць, гэта маразм, але нелегальна.
“Свабоду не стрымаць”
Ці звязаная вінная культура з эканомікай? Стабільнасць уплывае на сярэдні і ніжэйшы класы. Тым, хто вышэй за сярэдні, наогул усё адно. Гэтыя людзі ўжо і так адэпты віннай культуры. Усе яны любяць віно. Калі і надалей у Беларусі будзе стабільная эканамічная сітуацыя, рост, астатнія падцягнуцца за лакаматывам. Калі беларусы перастануць баяцца заўтрашняга дня, яны пачнуць піць віно, купляць яго дадому, сядзець у рэстаранах.
У Вольскага ёсць песня “Свабоду не стрымаць”, ведаеце? З віном тое самае. Калі ты пачаў… гэта як каханне. Калі любіш – знойдзеш магчымасць быць разам. Хай не кожны дзень, раз на два тыдні, бутэлька на дваіх, але гэта будзе таямніца, дотык да велічы. А грошы – яны ж прыходзяць і сыходзяць. Яны з’явяцца, навошта за іх чапляцца?
Каб не стаяць у супермаркеце “як баран”…
Згодны, зайшоўшы ў супермаркет, у вінны аддзел, лёгка разгубіцца. Непадрыхтаваны чалавек стаіць як баран, не ведае, што выбраць. Але, па-першае, цяпер ёсць мабільныя праграмы (Vivino Wine Scanner): фоткаеш бутэльку і спраўджваеш, што за яна. Калі адзнака большая за 3 і ўсяго болей за 100 водгукаў – бяром і не думаем, гэта самае простае.
Можна таксама арыентавацца на цану. Віно, таннейшае за 17 рублёў, найхутчэй будзе не вельмі. Я для сябе такую мяжу зрабіў. Зразумела, існуе маса выключэнняў – можна і за 11,40 адшукаць шыкоўную бутэльку, але гэта ўдача. Можна і за 40 купіць фігню, але імавернасць зніжаецца. 17 – гэта пэўная ватарлінія. Наўрад ці трэба пачынаць адразу з віна за 50 рублёў: ты яго проста не зразумееш. Звярніце ўвагу на віны Новага Свету – яны прасцейшыя, але нядрэнныя. Гэта добры пачатак шляху.
Вінная школа: калі за стырном – проста паслухай
Каб прыцягнуць людзей, мы праводзім Вінную школу. Хочаш даведацца пра віно – прыходзь і вучыся, гэта нічога не каштуе, бясплатна. Пазваніў ці прыйшоў, запісаўся і слухаеш лекцыю. Некаторыя прыходзяць нават не каштуючы, бо, напрыклад, за стырном. Хай паслухаюць, што тут такога? На віннай школе, зразумела, мы ладзім дэгустацыйныя сэты. Ажно 20 рублёў каштуе – неверагодная сума! Не хочаш плаціць – проста прыйдзі і паслухай.
Чаму робім гэта бясплатна? Бо я ведаю, што вінныя багі нам абавязкова аддзячаць. Людзі, якіх мы вучым, рана ці позна вернуцца гасцямі, сарафанным радыё, яны запросяць сваіх сяброў і г.д. Веру, што калі ты робіш нешта добрае, яно абавязкова вернецца.
Алесь Кіркевіч,
фота – Аляксандра Сергеевіч