У Стоўбцах шукалі ключы ад сэрца беларускага і замежнага турыста, а таксама непаўторныя брэнды горада.
Сустрэча пад назвай “Турыстычныя Стоўбцы: чым мы адметныя?” прайшла ў раённым цэнтры пад эгідай кампаніі “Будзьма беларусамі!”, цэнтра даследавання грамадскага кіравання “Сімпа”, мясцовай філіі ТБМ і Стаўбцоўскага райвыканкаму. У якасці пляцоўкі была абраная ўтульная зала гімназіі №1, дзе сабралася блізка 40 чалавек.
Мадэратарамі сустрэчы выступілі рэгіянальны каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!” Марыя Шарый і прадстаўнік Стаўбцоўскага ТБМ Міхась Мацкевіч. Госці вечара – вядомы гісторык і даследчык 1920-30-х гадоў Ігар Мельнікаў (Заслаўе), арганізатар фестывалю “У госці да Лепельскага цмока” Вольга Маханенка (Лепель) і загадчык аддзела маркетынгу Нацыянальнага агенцтва па турызме Ірына Гардзіенка.
“Райвыканкам заўжды рады, што ў нас ёсць творчыя неабыякавыя людзі, – прывітала ўсіх прысутных прадстаўніца структуры Святлана Жыбуль. – Прыемна бачыць цвет нашага краю, які пачынае ствараць тое, што патрэбна ўсім нам. Варта аб’яднацца, каб Стаўбцоўшчына квітнела. Цікава знаходзіцца тут і пачуць вашы прапановы і меркаванні”.
Французам цікавыя птушкі і прырода, габрэям – могілкі
Першае пытанне Міхась Мацкевіч скіраваў да Ірыны Гардзіенкі: маўляў, чым Стоўбцы могуць быць у прынцыпе цікавыя турысту? Ірына пачала здалёк, абмаляваўшы агульную сітуацыю, якая склалася вакол краіны ў турыстычным плане.
“Спачатку Беларусь агулам пазіцыянавалася як “тэра інкогніта” ў сэрцы Еўропы, – тлумачыць Ірына. – Цяпер сітуацыя змянілася. Мы вызначылі для краіны мэтавыя рынкі. Найбольшы рынак – Расія. З 4 мільёнаў замежнікаў, якія прыбываюць да нас штогод, адзін мільён рускіх. Яны ездзілі і будуць ездзіць – гэта варта ўлічваць. Рэшта гасцей – нашы краіны-суседзі, а таксама еўрапейцы, якія карыстаюцца 5-дзённым бязвізам. У залежнасці ад краіны варта вызначаць цікавасці і ўгадваць пажаданні”.
У якасці прыкладу кропкавага падыходу да замежнікаў Ірына распавядае, што французы збольшага едуць глядзець прыроду ды птушак. Гасцей з Ізраілю цікавіць спадчына юдаізму ў Беларусі: старыя могілкі, сінагогі, забудова габрэйскіх кварталаў і інш.
“Фішкі Беларусі – гісторыя і прырода, – працягвае Ірына, – гэта тое, што адразу кідаецца ў вочы. Варта мець на ўвазе, што замежнікі нашай гісторыі не ведаюць. Напрыклад, калі да нас прыязджалі бельгійцы і мы павезлі іх па замках, то трохі хваляваліся: ну чым мы іх зможам здзівіць? У выніку яны былі шакаваныя, казалі: “Аказалася, у вас ёсць сярэднявечная гісторыя, а мы думалі, толькі спадчына СССР”.
Паводле Ірыны, успрыманне Беларусі еўрапейцамі як “савецкай атлантыды” варта проста прыняць і… умець прадаць. Найбольш паспяховым можа аказацца акурат мікс з савецкай спадчыны, тэхналагічнай сучаснасці і сівой даўніны. Цалкам адкідаць савецкі пласт, на думку Ірыны, бессэнсоўна, тым больш калі можна рабіць на гэтым стаўку.
Стоўбцы: у цені Міра і Нясвіжа
Што да Стоўбцаў, то Ірына ўпэўненая: патэнцыял ёсць, тым больш што турысты, якія прыязджаюць па 5-дзённым бязвізе, рэдка ад’язджаюць далёка ад Мінска, таму горад аказваецца акурат у сферы дасяжнасці.
Тут не вытрымаў старшыня Таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч: “Ці не здаецца вам, што блізкасць да Мінска – не плюс а мінус? Бо Стоўбцы заўжды будуць у цені Міра і Нясвіжа. Ці не здаецца, што турысты заўжды будуць абмінаць гэтае месца?”.
На гэтай ноце ўзбунтавалася ўжо зала: маўляў, не горш тут за Мір ці Нясвіж, а турыст па дарозе можа і завярнуць. Хлопец з залы нават паспрабаваў раскласці турыстычны патэнцыял краю па палічках, дакладней, па сферах. Першая – “літаратурны агратурызм” (радзіма Якуба Коласа, літаратура і этнаграфія). Другая – міф пра польска-савецкае памежжа ў 1920-х гадах (вакзал, дзе было КПП, “стражніцы” ў лесе і г.д.). Трэцяя – “мастацкі турызм”, то бок пленэры для творцаў, якім тут ёсць што памаляваць.
Колас, віціны і “Брама паміж Захадам і Усходам”
Але што думаюць жыхары Стоўбцаў на вуліцах пра свой горад і яго патэнцыял? Міхась Міцкевіч разам з калегам напярэдадні сустрэчы зрабіў апытанку, дзе можна ўбачыць і пачуць настроі мясцовага насельніцтва. Рэзюмаваць адказы можна наступным чынам:
“Які першы вобраз, які ўзнікае, калі вы чуеце слова “Стоўбцы”?” – Курортны горад, лета, “рай для турыстаў”, санаторый “Высокі бераг”, Якуб Колас, чыгуначны вакзал, царква св. Ганны, “добрыя людзі” і г.д.
Калі б прыехаў замежнік, куды б вы яго звадзілі? – Царква, “Высокі бераг”, “пляж, які нагадвае Юрмалу”, музей Коласа, музей Дзержынова, парк, Альбуць, Рубяжэвічы.
Чаго не хапае для развіцця турызму? – Кавярняў, рэкламы, фінансаў, выразна пазначанага цэнтра горада, разважальных мерапрыемстваў, краязнаўчага музея, фестывалю.
Цікава таксама было пазнаёміцца з вынікамі апытання ў “Кантакце”, дзе жыхары галасавалі за брэнд горада. У выніку на першым месцы аказаўся Якуб Колас і ягоны міф. Другое – міф “Брамы паміж Еўропай і СССР у 1920-30-я”. Трэцяе – міф судаходства, а менавіта традыцыі віцінаў, якія некалі плавалі па Нёмане (на гербе Стоўбцаў акурат выяўленая віціна).
“Колас не можа стаць турбрэндам!”
Атрымліваецца, Якуб Колас – татальны пераможца і адназначны брэнд горада? Са скептычнай нотай да дыскусіі зноў далучыўся Астаповіч:
“Некарэктна арыентаваць на замежнага турыста нашую культуру. Мы заўжды будзем прайграваць, калі будзем адно прадаваць спадчыну. Колас цікавы нам. Але для замежнага турыста ён ніяк не будзе цікавы, калі гэта не адмысловец-славіст. Таму Колас не можа стаць турбрэндам! Гэта патэнцыял для ўнутранага беларускага турыста”.
Не ўсе ў зале былі згодныя з такім падыходам. За народнага пісьменніка заступіўся Стась, хлопец з задніх шэрагаў:
“Я асабіста вадзіў рускіх у Смольню, па Коласавых мясцінах. Ім паказалі, як жылі сяляне, “Новая Зямля” як кніга пра сялянаў, пра побыт… Усё гэта ім было цікава акурат у этнаграфічным ключы. У нас пакуль не можа быць іншага – хай гэта папсовы брэнд, але яго ведаюць і на Віцебшчыне, і на Гомельшчыне. Колас – брэнд Стаўбцоўшчыны!”
Цікава пры гэтым, што самі жыхары Стоўбцаў, нават людзі старэйшага пакалення, педагогі, якія былі ў зале, адзначаюць, што вобраз Коласа, на вялікі жаль, пакуль “мёртвы” – пра яго ведаюць як пра помнік або “святога з німбам”, але нічога не ведаюць пра Коласа як пра чалавека. А гэта ажывіла б вобраз і дадало цікавасці як сваім, так і прыезджым.
Усе ідэі марныя, пакуль не будзе дзе выпіць кавы і набыць магніт
На апошнім этапе сустрэча выглядала ўжо як класічны “мазгавы штурм”. Ігар Мельнікаў прапанаваў, фактычна, цэльную канцэпцыю Стоўбцаў як “брамы паміж Захадам і Усходам”, арыентаванай на міжваенную эстэтыку і польска-савецкі след. Гэта і анімаваныя экскурсіі ў форме тагачасных памежнікаў, і рэтра-цягнік, які ідзе з Мінска ў Стоўбцы, і адноўленыя “стражніцы” ў лесе. Матэрыял, які зацікавіць і беларусаў, і палякаў, і рускіх.
Вольга Маханенка прапанавала свой вопыт падзейнага турызму з раскруткай брэнду “Лепельскага цмока” – то бок інтэрпрэтацыю старажытных пластоў гісторыі, нават фантастычных, на якія ёсць попыт. Гэта і гісторыя, і этнаграфія, і адмысловы фестываль як штогадовы хэпенінг.
Прагучала цікавая версія пра брэндынг “стаўбцоўскай віціны” – грузавога судна, якое хадзіла па Нёмане да ХІХ ст. Маўляў, у Нясвіжы ёсць ладдзя, чаму б не збудаваць віціну ў Стоўбцах і не расказаць пра гэта ўсяму свету? Да таго ж “судаходны міф” можна інтэрпрэтаваць і ў кантэксце вікінгаў, якія тут былі гістарычна, а значыць, можна зладзіць адмысловы фэст “на вадзе”.
На жаль, усе прамоўцы са скрухай канстатавалі, што пакуль у Стоўбцах няма нават элементарнай інфраструктуры. Няма дзе выпіць кавы, схадзіць у прыбіральню, набыць мапу, магніт альбо буклет з апісаннем горада і яго гісторыі. На вакзале, які можна лічыць сімвалам міжваеннага горада, “нельга фатаграфаваць”, а старыя казармы 1930-х гадоў у стылі канструктывізму зусім нядаўна былі “адрэстаўраваныя” да непазнавальнасці – аб’ект, лічы, страчаны.
Такім чынам, пакуль не будзе наладжаны самы элементарны турыстычны сэрвіс і не будзе забяспечаная ахова спадчыны, якая дазволіць гораду захаваць гістарычны твар, усе прыгожыя праекты будуць цярпець фіяска. Зрэшты, шанец у Стоўбцаў яшчэ ёсць – галоўнае яго не ўпусціць.
Алесь Кіркевіч, фота: Павел Савіцкі