Як жа цешыць, што наш любімы фармат даўно перарос прэзентацыі чыста культурніцкіх ідэй! 7 снежня выступоўцы казалі зусім не пра выставы, тэатры і кнігі, а пра тое, што набалела і што тычыцца побыту жыхароў канкрэтнай мясцовасці. А яшчэ ў нас значна пашырылася геаграфія заявак: актыўна паляпшаць, здавалася б, цалкам празаічныя рэчы ў сваёй штодзённасці гатовыя жыхары не толькі вялікіх гарадоў, але і зусім малых вёсачак.
У лістападзе кампанія “Будзьма беларусамі!” і Цэнтр даследавання грамадскага кіравання “СІМПА” абвясцілі Кірмаш праектаў для Мінскага рэгіёна. Збор завяршыўся паспяхова, і цяпер у кошыку Кірмашу ёсць ажно 13 цікавых задумаў. Каб падрабязна абмеркаваць кожную з іх, прэзентацыю раздзялілі на два этапы, першы з якіх днямі прайшоў у Мінску.
А каб аўтары ідэй атрымалі максімальна якасную ацэнку праекта, арганізатары запрасілі трох дасведчаных экспертак: трэнерку і кансультантку па развіцці мясцовых супольнасцяў Офіса еўрапейскай экспертызы і камунікацыі Марыну Корж, дырэктарку бабруйскага тайм-клуба “13:87”, куратарку стартап-школы, сацыяльнага прадпрымальніка і грамадскую актывістку Наталлю Халанскую і сузаснавальніцу праваабарончай установы “Human Constanta”, юрыстку Ганну Бараноўскую.
Першая прэзентацыя была ад Любові Ермаковай. Мінчанка будуе дом у вёсцы Новае Поле, што за 25 км ад сталіцы, і таму вельмі зацікаўленая, каб жыццё там было насычаным. Яна прапанавала стварыць турыстычную гасцёўню пры летняй сядзібе Друцкіх-Любецкіх. Сядзіба вядомага роду з’явілася ў ХІХ стагоддзі, а некалькі гадоў таму яе “адрадзілі”: пакрылі рознакаляровай тынкоўкай. На тэрыторыі сядзібна-паркавага комплексу няма нічога, акрамя аграрна-эканамічнага каледжа.
Любоў, якая сама працуе ў турбізнесе, бачыць праблему вельмі ясна: турысты заязджаюць у вёску, аднак ім там няма чаго рабіць.
— Прыязджаюць, пастаяць і паедуць. Няма дзе ні прысесці ці гісторыю даведацца, ні кавы выпіць, ні грошы пакінуць, — кажа Любоў.
У яе ёсць папярэднія дамоўленасці з дырэктарам каледжа, які не супраць суседнічаць з цэнтрам для заезджых гасцей, і каля 15 чалавек аднадумцаў. Для рэалізацыі яе задумы патрэбны касметычны рамонт, мэбля, аздабленне і інфармацыйныя стэнды. З сервісаў у інфацэнтры будзе магчымасць замовіць экскурсію, адпачыць і выпіць гарбаткі.
Марына Корж параіла Любові вывучыць вопыт рэстаўрацыі Любчанскага замка. Там ёсць добрыя кейсы і працы са студэнтамі-архітэктарамі і спонсарамі.
— І яшчэ я не адкідала б ідэю свята, каб была нагода прыехаць і затрымацца ў Новым Полі не толькі на экскурсію, — гаворыць Марына.
Надзея Маслоўская з Аксакаўшчыны расказала пра праблему, ад якой пакутуюць ці не ўсе мясцовыя жыхары. Вёска калісьці будавалася для персаналу цэнтра медычнай рэабілітацыі. Пасля тут пачалі купляць дамы звычайныя людзі. Месца для жыцця цудоўнае, бо знаходзіцца ў лесе, адно што ўвесь час забруджанае.
— У Аксакаўшчыне жыве каля 1200 чалавек, аднак часта прыязджаюць наведнікі пацыентаў цэнтра. Мясцовыя праводзяць суботнікі, але чысціня захоўваецца нядоўга, — кажа Надзея.
Яна хоча стварыць сцяжыну здароўя на паляне, дзе смецяць найчасцей: каб інфраструктура сама падказвала ахвочым кінуць паперку пад ногі, што брудзіць тут нельга. Што менавіта пабудуюць у гэтай прасторы, будзе залежаць ад фінансавання, патлумачыла аўтарка ідэі. Паляна знаходзіцца на тэрыторыі лясніцтва, з якім актыўныя маладыя сем’і ўжо наладзілі кантакт.
Эксперткі параілі Надзеі пазнаёміцца з экалагічнымі арганізацыямі, якія маглі б дапамагчы распрацаваць маршрут, і падказалі, куды яшчэ можна звярнуцца па рэсурсы для сцяжыны здароўя.
Валерыя Шкода з Узды прадставіла зусім наватарскую для “Кірмашоў праектаў” ідэю: пабудаваць у родным гарадку пляцоўку для сабак.
Ва Уздзе жыве больш за 9 тысяч людзей, у многіх ёсць сабакі, а вось прасторы дазволенага выгулу зусім няма. Валерыя марыць пра спецыяльную пляцоўку на вуліцах Савецкай ці Сцяпанава, бо ўжо нагледзела там прыдатныя месцы. Плюс гэтых месцаў у тым, што побач смеццевыя бакі, якія штодзень вывозяцца. А яшчэ тут ёсць шматпавярховікі, на сценах якіх было б добра намаляваць мурал з выявай сабакі.
— У старшыні райвыканкама сабака ёсць? — пытаецца адна з экспертак.
— Не ведаю. У нас стары сыходзіць, новы старшыня яшчэ не пачаў працаваць.
— Падарыце яму сабаку на дзень прызначэння, — жартуюць эксперткі.
Марына Корж гаворыць, што праз Офіс еўрапейскай экспертызы і камунікацыі нядаўна праходзіў падобны праект у Рэчыцы. Так што план, і дакументацыя, лічы, гатовыя.
— У Бабруйску досвед з пляцоўкай для сабак быў негатыўны. Яе пабудавалі, але ёй ніхто не стаў карыстацца. Напэўна, там стала брудна, так што мусіць быць добрае пакрыццё. І адразу прадумвайце, хто будзе дзяжурыць, — параіла Наталля Халанская.
Прэзентацыя Яраслава Стасілевіча з Маладзечна, здаецца, была самай лаканічнай. Яраслаў расказаў пра Беларускі клуб імя Андрэя Цікоты, альбо CIKOTACLUB. Там цягам двух гадоў 7-10 чалавек збіраюцца слухаць лекцыі і дыскутаваць пра філасофію і гісторыю. Для функцыянавання клуба ёсць усё, акрамя спікераў: філосафаў, мастакоў, мастацтвазнаўцаў.
Экспертак літаральна прарвала на парады: напішыце ў CityDog.by, у 34mag, зрабіце аб’яву ў сацыяльных сетках і папрасіце яе рэпостнуць, напішыце ў грамадскія аб’яднанні, бо сёння ў кожным куточку Беларусі саспела багата спікераў, якім ёсць што сказаць зацікаўленай аўдыторыі.
Праекту “Антыкавярня “Кропка Gut”” з Бараўлянаў патрэбна больш за запрашэнне цікавых гасцей, бо гэтая прастора створаная, каб вырашаць глабальныя праблемы вёскі. Гэтае месца, як і Аксакаўшчыну, даўно абжылі маладыя сем’і, а вось з інфраструктурай для адпачынку тут цяжкасці. Аксана Бярнацкая калісьці адкрыла ў Бараўлянах прыватную ўстанову “ЭкаЖыццё”. З раніцы тут дзіцячы садок і курсы, а вольны час жанчына гатовая аддаць мясцовай моладзі.
— Нам няма дзе пасядзець. Мы, моладзь, тулімся ў пад’ездах, — акрэсліла праблему школьніца Каця.
Так каля цэнтра Аксаны згуртавалася добрая каманда і пачала дзейнічаць. Актывісты нават запрашалі трэнерку, каардынатарку “Social Weekend” Валерыю Ваўкагонаву, якая дапамагла сфармуляваць праблемы і абмеркаваць, што з гэтым усім рабіць.
У антыкавярні ўжо адбыліся першы кінапрагляд і паб-квіз, а яшчэ школьнікі стварылі групу “Кропкі Gut” “Вконтакте”. Цяпер камандзе праекта патрэбная тэхніка для кінавечароў, новыя сябры і ідэі.
Дырэктарка тайм-клуба “13:87” Наталля Халанская параіла калегам дакладна вызначаць для сябе мэтавыя аўдыторыі, бо патрэбы іх розныя і часам могуць быць несумяшчальныя. Напрыклад, у Бабруйску школьнікі не захацелі прыходзіць у тайм-клуб, пакуль там адпачывалі мамы з дзецьмі.
Праект Надзеі Ракавец са Старых Дарог не сказаць што ўнікальны, але для мястэчка вельмі актуальны.
— Горад засмечаны графіці, калі іх можна так назваць. У сацыяльных сетках мы правялі апытанне сярод школьнікаў пра тое, што ім хацелася б бачыць на сценах будынкаў. Самы папулярны адказ — старадарожскі арнамент, — расказала Надзея.
Яе праект прадугледжвае намаляваць 5 выяваў на цагляных сценах горада за 5 месяцаў. Згода мясцовых уладаў, каманда валанцёраў і арганізатараў ужо ёсць, патрэбная фінансавая падтрымка.
Наталля Халанская згадала не вельмі пазітыўны, але павучальны вопыт Бабруйска.
— У Бабруйску старшыня гарвыканкама рэзка супраць графіці ў горадзе і ўвесь час пра гэта кажа. Аднак адзін мурал усё-ткі ёсць. Гарвыканкам сам намаляваў яго на 630-годдзе Бабруйска. Аказалася, што з гэтым муралам ніхто не хацеў фатаграфавацца, выкладаць у сацсеткі і ўвогуле побач стаяць. Падумайце пра ўцягненне людзей, каб яны адчувалі, што гэтыя малюнкі на сценах належаць не толькі мастакам, але і ім самім, — параіла Наталля.
Пакуль гэта ўсе ідэі для Міншчыны, сабраныя ў рамках “Кірмашу праектаў”, а працяг будзе неўзабаве.
Хрысціна Марчук
Фота Зарыны Кандрацьевай
Глядзіце таксама: