У межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” 23 верасня паэт Міхась Скобла і спявачка Таццяна Грыневіч-Матафонава наведалі з выступамі Ашмяны. Паэтычна-музычныя сустрэчы адбыліся ў школах №2 і №3. Сталічныя госці расказалі пра кампанію “Пяцісотгоднасць”, прысвечаную 500-м угодкам беларускага кнігадрукавання, пазнаёмілі вучняў і настаўнікаў са сваёй творчасцю, зладзілі бліц-конкурсы на лепшае веданне айчыннай літаратуры і гісторыі.
“Яшчэ пяцьсот гадоў таму ў прадмове да кнігі “Юдзіф” Францішак Скарына афарыстычна сфармуляваў думку, якая магла б легчы ў аснову беларускай нацыянальнай ідэі: птушкі ведаюць гнёзды свае, рыбы адчуваюць віры свае, пчолы бароняць вуллі свае, таксама і чалавек да таго месца, дзе нарадзіўся і выгадаваўся, павінен мець вялікую павагу”, – зазначыў у сваім выступе М. Скобла. А Т. Грыневіч-Матафонава у свой час заканчвала ашмянскую школу №2, таму з асаблівым хваляваннем выступала перад сваімі ж настаўнікамі і юнымі землякамі. Па словах спявачкі, гэта была своеасаблівая творчая справаздача перад малой радзімай, гучалі песні з дыскаў-сольнікаў, прэзентаваўся таксама і дыск “Галасы паэтаў”, з якога ашмянскія школьнікі ўпершыню ў жыцці пачулі жывыя галасы Янкі Купалы і Якуба Коласа.