«Тыдзень таму тут толькі пачалі класці плітку. Але скончыць паспелі, нават не верыцца», — сказала ўслых жыхарка Заслаўя, калі зайшла ў парк, які нядаўна быў разбіты непадалёк ад чыгуначнай станцыі. Горад князя Ізяслава актыўна рыхтуецца да Дня пісьменства, які пачнецца ўжо заўтра — 6 верасня.
На падрыхтоўку да ўрачыстага мерапрыемства было выдзелена 200 мільярдаў беларускіх рублёў. За гэтыя грошы ў Заслаўі адрамантавалі адміністрацыйныя будынкі, школы, вуліцы, зрабілі штучны вадаём і помнік князю Ізяславу.
Да Дня пісьменства горад Рагнеды пачаў рыхтавацца яшчэ вясной. Толькі чамусьці за дзень да ўрачыстасці адны працоўныя ў спешцы кладуць плітку на сцежку каля сажалкі, іншыя закрываюць дом будаўнічай сеткай з фотаздымкамі горада, а пры дэталёвым аглядзе касцёла Панны Марыі аказваецца, што адрэстаўраваны толькі фасад будынка.
Але нельга сказаць, што стан Заслаўя за суткі да свята варты жалю. Улады горада пастараліся дадаць яму дэталяў. Адным з немалаважных набыткаў стала штучная сажалка, якую бачна, калі ўязджаеш у горад на электрычцы.
Вадаём знаходзіцца ў дзіцячым парку культуры і адпачынку. Да Дня пісьменства ў ім з’явілася лаўка, якая абавязкова спадабаецца вясельным парам. Яна апраўленая жалезнай канструкцыяй ў форме сэрца. Пакуль агульны выгляд трохі псуе будаўнічае смецце і рабочыя, якія ў спешцы спрабуюць дарабіць тэрыторыю.
Па дарозе да новага вадаёма можна будзе павітацца з драўляным мядзведзем. У чэрвені праходзіў пленэр, на якім дзевяць рамеснікаў рабілі скульптуры з дрэва. Вынікі іх працы можна пабачыць уздоўж алеі. «Мы вырашылі пазбегнуць палітыкі, таму што я добра разумею, у якой краіне жыву. Мы папрасілі аўтараў адлюстроўваць толькі персанажаў з беларускіх казак», — сказаў Мікалай Паграноўскі, дырэктар гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Заслаўе».
Яшчэ адным набыццём горада сталі каменныя скульптуры. Падчас пленэру творчай групы «Талака» ў рамках праекта «Благосвет» было падрыхтавана шэсць эцюдаў. Паглядзець на вынік працы «артэльшчыкаў» можна ля будынка музея. Там размешчаныя тры работы Віталя Чарнабрасава і герб князя Ізяслава, выкананы маладым скульптарам Ірынай Брэль.
На ўездзе ў горад быў усталяваны валун з выявай герба Заслаўя. На яго выраб у Аляксея Урублеўскага сышло шэсць дзён. Праз год побач з каменем павінен з’явіцца надпіс “Заслаўе”. Усе майстры працавалі на бязвыплатнай аснове.
Вянок калекцыі — скульптура Ізяславу
Адным са значных мерапрыемстваў у Дзень пісьменства стане адкрыццё помніка заснавальніку Заслаўя князю Ізяславу. У конкурсе на выраб манумента родапачынальніка дынастыі полацкіх князёў удзельнічала 14 чалавек. Перамогу атрымаў Аляксандр Прохараў. «Скульптар адносна малады. Гэта яго трэцяя манументальная скульптура. Першую ён зрабіў адразу пасля выпуску з Акадэміі мастацтваў. Гэта быў Кірыла Тураўскі, якога ўсталявалі ў дворыку БДУ. І колькі гадоў таму ён зрабіў помнік Усяславу Чарадзею ў Полацку», — ахарактарызаваў аўтара Мікалай.
На стварэнне манумента з бюджэту было выдзелена 500 млн беларускіх рублёў і 700 млн рублёў спонсарскіх сродкаў. Пакуль скульптура Ізяславу закрытая, убачыць заснавальніка Заслаўя ў бронзе жыхары горада змогуць 6 верасня ў 19:45.
Алiса Палуэкт. Фота: Аляксей Сталяроў