• budzma.org
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram Tiktok www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Музыка
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • Гісторыя за 5 хвілін
  • Трызуб і Пагоня
  • Разумняты
  • Вандруем разам
  • Афіша
24.02.2019 | Навіны "Будзьма!" Разам да справы!

Супраца ці супраціў? У Віцебску прайшоў прэс-клуб пра ўзаемадзеянне актывістаў і чыноўнікаў

У Віцебску 17 лютага прайшло паседжанне прэс-клуба “Грамадзянская супольнасць у Беларусі: давер і ўдзел насельніцтва, асаблівасці ўзаемадзеяння з уладнымі структурамі дзеля мясцовага развіцця”. Імпрэза адбылася дзякуючы падтрымцы грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” і школы маладых менеджараў публічнага адміністравання SYMPA.

Алег Сівагракаў, Таццяна Кузіна, Валянціна Болбат

У якасці спікераў выступілі экспертка ў галіне партысіпатыўнага кіравання Таццяна Кузіна, эксперт па ўстойлівым развіцці Алег Сівагракаў з Мінску і грамадская актывістка Валянціна Болбат з Верхнядзвінска. На жаль, на сустрэчу не прыйшлі запрошаныя ў прэс-клуб прадстаўнікі мясцовых выканкамаў. Затое – для многіх нечакана! – удзел у дыскусіі ўзяла дэпутатка ПП НС Таццяна Старынская. І гэта быў добры знак.

Уладзімір Булаўскi

Паводле мадэратара імпрэзы Уладзіміра Булаўскага, сустрэчы ў такім фармаце пройдуць па ўсёй краіне, але Віцебск стаў першым. І не ў апошнюю чаргу таму, што якраз у Віцебску стасункі паміж актывістамі і чыноўнікамі маюць выразныя прыкметы пацяплення. Гэтае слова (“пацяпленне”) неаднойчы гучала з вуснай і спікераў, і актывістаў, і дэпутаткі парламента.

Але ж ці надышла ўжо сапраўдная вясна ў дачыненнях грамадскага сектару і ўладаў? І што трэба рабіць, каб надышла?

Першая ластаўка ўжо ёсць?

Ці не першай сур’ёзнай ластаўкай ва ўзаемадачыненнях грамадскага сектару і дзяржавы стала, на думку эксперткі Таццяны Кузінай, стала прыняцце закона аб нарматыўных прававых актах, які прадугледжвае, у прыватнасці, грамадскія абмеркаванні і прававы маніторынг. Як зазначыла спікерка, грамадскі сектар атрымаў праз гэта хоць нейкую магчымасць удзелу ў прыняцці палітычных рашэнняў. Такога ў Беларусі раней не было.

Таццяна Кузіна

У прэс-клубе Таццяна Кузіна прэзентавала вынікі комплекснага сацыялагічнага даследавання “Грамадзянская супольнасць у Беларусі: давер і ўдзел насельніцтва, асаблівасці ўзаемадзеяння з дзяржавай”. Даследаванне праводзілася ў межах кампаніі “Разам да справы” па ўсёй Беларусі. З асноўнымі вынікамі гэтай працы ўжо можа азнаёміцца кожны.

Менш патэрналізму – больш самастойнасці

Паводле вынікаў даследавання, 63% рэспандэнтаў лічаць, што яны самі абавязаныя вырашаць свае праблемы – без дапамогі дзяржавы. І толькі 25% – што за іх дабрабыт адказваюць улады. Як сцвярджае Таццяна, 10 гадоў таму назіралася цалкам супрацьлеглая сітуацыя.

“Мы бачым, што рэформа сацыяльнай сферы ды троху іншая рыторыка ў СМІ прывяла да таго, што насельніцтва пачало ўспрымаць сітуацыю як дэмантаж сацыяльнай дзяржавы”, – каментуе лічбы экспертка.

Але вельмі цікава, што Віцебшчына выяўляе сябе ў гэтым сэнсе выспай стабільнасці, лаяльнасці і патэрналізму: тут аж 39% апытаных адказалі, што за іх дабрабыт мусіць адказваць дзяржава. Прычым лічба гэтая ніяк не тлумачыцца асаблівасцямі сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна.

“Тады чым? Тым, што тут праходзіць “Славянскі базар”? Ці, магчыма, у вас лепей наладжанае ўзаемадзеянне з мясцовымі ўладамі?” – пыталася Таццяна. На гэтыя пытанні прагучаць потым розныя адказы.

Людзі не давяраюць ні мясцовым уладам, ні НГА

Паводле даследавання, 57% рэспандэнтаў адказалі, што не давяраюць мясцовай уладзе. Прыкладна столькі ж (55%) выказалі недавер прадзяржаўным ГА кшталту БРСМ і “Белай Русі”. Але вялікі недавер атрымалі і незалежныя грамадскія аб’яднанні – 47,6%.

“Даволі сумная сітуацыя. Людзі мала ведаюць пра грамадскія аб’яднанні, і ім незразумела, што гэта і навошта”, – тлумачыла вынікі экспертка.

Між тым, Віцебшчына вылучылася зноў. Тут зафіксаваны самы высокі ўзровень даверу да праўладных ГА. І найвышэйшы недавер да НГА – аж 61%.

Але ёсць і пазітыў. Лічбы паказваюць, што на фоне нізкага даверу да інстытутаў НГА актуалізуецца давер да асобных персонаў, якія гэтыя НГА прадстаўляюць. І гэтым трэба карыстацца, кажа даследніца: “Павінная быць персаніфікацыя”.

Дарэчы, у дачыненні да мясцовых чыноўнікаў гэты прынцып не спрацоўвае. Людзі, якія выказалі недавер да мясцовых органаў як інстытутаў, яшчэ менш давяраюць яго прадстаўнікам – канкрэтным чыноўнікам.

“І гэта падстава для разважанняў: якім чынам чыноўнікі на месцах будуюць сваю камунікацыю з грамадзянамі і чаму яна не працуе?” – кажа Таццяна Кузіна.

Ёсць праблемы, але ёсць і жаданне рабіць справу разам

З даследавання вынікае таксама, што абодва бакі імкнуцца да супрацы. Мала хто кажа, што ўзаемадзеянне не патрэбнае. Больш за тое, прадстаўнікі мясцовага кіравання нават не бачаць асаблівых праблем у магчымай супрацы. Пра праблемы кажуць адно прадстаўнікі грамадскага сектару. І ці не галоўная тут праблема – нізкая кампетэнцыя чыноўнікаў.

Зазначым яшчэ, што прадстаўнікі грамадскага сектару і мясцовага кіравання амаль ва ўнісон сцвярджаюць, што цягам апошніх 3-5 гадоў сітуацыя ў гэтым сэнсе палепшылася.

“Так, усе кажуць, што паляпшаюцца стасункі, але, на жаль, у гэтых станоўчых зменах няма сістэмнасці. Затое ёсць пільная неабходнасць перагляду заканадаўства, і мы падрыхтавалі рэкамендацыі”, – падагуліла Таццяна.

На яе думку, у сітуацыі, калі сістэма становіцца больш адкрытай, а грамадзянская супольнасць не атрымлівае пакуль новай падтрымкі з боку грамадства, трэба прыкладаць яшчэ больш намаганняў, каб тлумачыць людзям, што менавіта робяць актывісты і чаму гэта важна для іх.

“І акурат таму прадстаўнікі СМІ павінныя стаць ключавымі партнёрамі грамадскага сектару”, – зазначыла экспертка.

Алег Сівагракаў: Не маўчыце, гагачыце!

Багатым досведам супрацоўніцтва з уладамі ў прасоўванні праектаў устойлівага развіцця ў Беларусі дзяліўся на прэс-клубе Алег Сівагракаў.

Эксперт казаў, што спачатку актывістам добра было б вызначыцца, ці патрэбнае наогул такое супрацоўніцтва, бо некаторыя ініцыятывы, напрыклад, у агратурызме, выдатна развіваліся і без удзелу дзяржавы. А калі ўсё ж патрэбнае – перадусім стварыць выразны вобраз жаданай будучыні.

“То бок адразу вызначыцца, хто чаго чакае. Бо гэтыя вобразы жаданай будучыні ў актывіста і чыноўніка могуць быць цалкам адрозныя. І натуральна, што прадуктыўнай супрацы тады не атрымаецца”, – казаў Алег Сівагракаў.

Алег Сівагракаў

Алег Сівагракаў

З чаго пачынаць? З лакальных рэформаў і эксперыментаў, лічыць спікер.

“Вось я прапаную ў Расонскім раёне ўвесці рэальнае самакіраванне. Як мае быць – з рэсурсамі і ўласнасцю. Агульны дзяржаўны будынак ад гэтага не пахіснецца, я ўпэўнены”, – расказваў Сівагракаў. Тут, на ягоную думку, вельмі важна навучыцца пераадольваць недавер чыноўнікаў і да актывістаў, і да людзей наогул. Распавёў, як гэта можа выглядаць на практыцы.

Алег Сівагракаў таксама канстатаваў пэўныя зрухі ў стасунках паміж уладай і грамадскім сектарам. У якасці прыклада, што ўсяляе аптымізм, назваў праект “Пашырэнне эканамічных магчымасцяў у вясковай Беларусі”. У гэтым “дазволеным”, па словах эксперта, праекце бяруць удзел і два сельсаветы з Віцебскага раёна – Мазалаўскі і Бабініцкі.

“Кажу “дазволеным”, бо праект абапіраецца на ўжо распрацаваную нацыянальную стратэгію. І тут насамрэч узнікае яшчэ вельмі шмат магчымасцяў. Калі мы некалькі дробных праектаў аб’яднаем у сістэму і надамо ёй выгляд дакумента – тады ўлада і мясцовы актыў будуць працаваць разам”, – сцвярджае Сівагракаў.

Увасабленнем такога партнёрства для выступоўцы ёсць вобраз птушынага кліна ў небе.

Алег Сівагракаў: Трэба станавіцца на абарону “местачковасці”!

“Пра клін асобная размова. Як гусі ляцяць? Яны там не маўчаць. Гэта важны момант! Яны крычаць: “Га-га-га!” І вось атрымліваецца: калі прапанова цікавая, у тым ліку па супрацы, – не маўчыце, гагачыце! Глядзіце, як працуе англійскі парламент пры ўсіх яго “брэксітах”. Грукат і вэрхал, калі што каму не падабаецца. А на нашых нарадах як? Ніводнага гуку! І мы гэта бачым і вучымся такому, а гэта дрэннае навучанне”, – запэўніў Алег Сівагракаў.

Пры канцы выступу актывіст прэзентаваў і падарыў кожнаму ўдзельніку прэс-клуба сваю новую кніжку “100 крокаў да ўстойлівага развіцця нашага мястэчка”, выдадзеную ў межах праграмы “Школа мэраў” з удзелам “СІМПА” і кампаніі “Будзьма беларусамі!”.

Валянціна Болбат: Мова варожасці – непрыдатная!

Пра тое, як ляціць і ці гучна гагоча партнёрскі вырай у небе над Верхнядзвінскам, расказала грамадская актывістка Валянціна Болбат.

“У нас не вельмі вялікая чарада, і наш голас, можа, не вельмі моцны, але мы заўсёды спрабуем заявіць пра сябе. І калі ў Галандыі на 800 чалавек 11 грамадскіх аб’яднанняў, то ў нас – 13 на 22 тыс. насельніцтва раёну. Гэта вельмі і вельмі мала. Да таго ж у большасці гэта арганізацыі кшталту “Белая Русь” і БРСМ. Але ў нас ёсць пэўныя зрухі”, – сцвердзіла прамоўца.

Валянціна выказала меркаванне, што для рэгіёнаў у плане наладжвання супрацы з уладамі вельмі важная пазіцыя першай асобы – старшыні райвыканкама. Прынамсі так – у Верхнядзвінскім раёне.

“У нас была добрая практыка ў межах дзейнасці каардынайцыйнага савету. Я прывезла старшыні дамову, якую падпісалі ўсе 13 аб’яднанняў. Дакумент вельмі недасканалы, але мы атрымалі афіцыйны адказ, дзе нам прапаноўваюць уключыцца ў працу, зрабіць прапановы і падпісаць дамову. І мы падпішам, бо гэта магчымасць ажывіць працу той жа “Белай Русі” ды іншых”, – расказала Валянціна.

Карыстаюцца верхнядзвінскія актывісты і такой магчымасцю ўдзельнічаць у прыняцці рашэнняў, як сходы. Правялі ўжо некалькі, і Валянціна Болбат сцвярджае, што ініцыятыва ўладам спадабалася. Менавіта такім чынам удалося шмат чаго зрабіць па добраўпарадкаванні горада.

“Самі людзі хацелі і хочуць у гэтым удзельнічаць. Проста трэба навучыцца казаць людзям дзякуй”, – гаворыць актывістка.

Пры гэтым Валянціна прызнаецца, што не заўсёды хочацца ісці да чыноўнікаў, бо большасць з іх пакуль не чуе актывістаў. “Для супрацы павінен быць дыялог. На жаль, на такі дыялог мясцовыя ўлады ідуць пакуль рэдка”, – рэзюмуе выступоўца.

У кожным разе для наладжвання стасункаў з мясцовай уладай трэба выключыць са свайго арсеналу мову варожасці, мяркуе Валянціна Болбат.

Валянціна Болбат

Валянціна Болбат

“Спрабавалі выходзіць на дэпутацкі корпус. Я памятаю, што было 10 і 20 гадоў таму, і бачу цяпер, што ёсць нейкае пацяпленне. І ў гэтай сітуацыі, калі будзем карыстацца мовай варожасці, дык зусім нічога не зробім! Таму яшчэ раз кажу: трэба зняць капялюш і прыйсці да іх з нейкай канкрэтнай прапановай. І цяпер улада сапраўды зацікаўленая ў праектах. І мы мусім рабіць нейкія крокі насустрач адзін аднаму і шукаць агульную мову”, – падкрэсліла актывістка.

Дэпутатка Старынская: Думаю, што патрэбны час

Падчас дыскусіі слова папрасіла і дэпутатка Палаты прадстаўнікоў ад Віцебска Таццяна Старынская. Дарэчы, дзякуючы ініцыятыве якраз гэтай жанчыны Віцебск, першым у Беларусі, увайшоў у глабальную сетку “Гарады, якія навучаюцца”. У гэтай сувязі дэпутатка зазначыла:

“Трэба пачынаць з чагосьці такога, што мусіць мець поспех. А далей – прасоўваць іншае. Я цягам года пераконвала абл- і гарвыканкамы, каб мы нарэшце ўступілі ў глабальную сетку гарадоў, якія навучаюцца. Я сама працавала чыноўнікам, але і мне вельмі доўга давялося шукаць тых правільных слоў, каб іх пераканаць. Дык вось і грамадскія аб’яднанні павінны знаходзіць нешта такое, каб давесці ўладам, што яны патрэбныя і што яны могуць”.

Таццяна Старынская

Таццяна Старынская

Заўважыла, што сам гэты прэс-клуб праходзіць у памяшканні дзяржаўнай установы, і гэта таксама прыклад узаемадзеяння.

“І я магу сказаць, што сёння пацяпленне вельмі моцнае. Мы ўдзельнічаем і ў круглых сталах, і ў канферэнцыях, запрашаем да сябе ў Палату прадстаўнікоў і бізнес, і грамадскія аб’яднанні. Адзінае што ніколі нічога не робіцца хутка. Давайце ўлічваць менталітэт нашага народа, калі спачатку пакрычаць, а потым раз – і ніхто нічога не хоча…” – разважала Таццяна Старынская.

“Так, магчыма, нам не хапае навыкаў такой камунікацыі, не ўмеем чуць адно аднаго. Я проста думаю, што патрэбны час. Патрэбны час і чыноўнікам, і міністэрствам. А раздзяржаўленне – яно будзе. Мы да гэтага ідзём, бо ж не за жалезнай заслонай жывём, і ў нас будуць вялікія крокі наперад”, – паабяцала дэпутатка.

Што тычыцца параўнання беларускага парламента з англійскім, то заўважыла, што “тупат і грукат” у Палаце сапраўды не вітаецца: “Ну, такая этыка ў нашага беларускага парламента”. Так што там закон птушынага касяку не дзейнічае…

Кожная гісторыя поспеху – подзвігі асобных людзей

Абагульняючы ўсё сказанае, Уладзімір Булаўскі зазначыў пры канцы сустрэчы, што ў Віцебску назіраецца больш прадуктыўная супраца не толькі з органамі мясцовага кіравання але і паміж рознымі ўдзельнікамі грамадскага сектару, а таксама са СМІ. Дык чаму тут нешта атрымліваецца, а ў іншых рэгіёнах – не?..

“Як бы ні банальна гэта прагучала, я тут бачу ролю асобы ў гісторыі. Бо ўсе рэгіёны працуюць па адных і тых жа правілах. Могуць адрознівацца адно практыкі, але практыка – гэта ўжо інтэрпрэтацыя нормаў, то бок пытанне канкрэтнага чыноўніка і канкрэтнага актывіста. І таму любыя гісторыі поспеху ў нашай сітуацыі – гэта гісторыі таго, як гэтыя правілы былі пераадоленыя. То бок наколькі актыўныя былі актывісты, каб дагрукацца, і наколькі адважныя былі чыноўнікі, каб адчыніць дзверы і паразмаўляць…” – адказала Таццяна Кузіна.

“Там, дзе няма сістэмы, вельмі шмат асабістага. Там, дзе сістэма паляпшаецца, асабістае зніжае сваю ролю. Дык у нас пакуль сістэма адладжваецца. Таму гэтыя гісторыі – пра подзвігі асобных людзей”, – падсумавала экспертка.

Патрэбная наладжаная сістэма. Патрэбнае добрае заканадаўства. І патрэбнае разуменне, што справа – агульная для ўсіх.

“Проста мы павінныя зрабіць крокі насустрач адно аднаму. І зразумець, што робім агульную справу. А калі будзем дзяліць на “сваіх” і “чужых” – на жаль, гэта пакуль ёсць – карысці не будзе. Давайце рабіць агульную справу”, – заклікала на развітанне Валянціна Болбат.

Змітрок Трай

Фота – Алесь Пілецкі


Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Літаратура

Фестываль дзіцячай кнігі «Міхасёвы прыгоды» ў Мінску

У пятніцу, 2 чэрвеня, музей Якуба Коласа ладзіць Фэст дзіцячай кнігі «Міхасёвы прыгоды». Праграма: ...

valiancina_shauchenka
Асоба

Мелказёраў: я не баюся быць тупаком

Мікіта Мелказёраў жыве ў Варшаве, а ягоныя думкі па-ранейшаму — у беларускай стужцы навінаў. П’е эспрэса памерам...

valiancina_shauchenka
Краіна

Найвышэйшы над Беларуссю помнік ўсталявалі ў Наваградку

Скульптуру сімвала старадаўняга мястэчка, Міхала Арханёла, усталявалі ў двары колішняга дамініканскага кляштара ля касцёла...

valiancina_shauchenka
Культура

Паглядзіце, якія выцінанкавыя стыкеры зрабіла мастачка Вольга Бабурына

Дасяжныя для спампавання новыя стыкеры, створаныя мастачкай Вольгай Бабурынай, больш вядомай у творчым асяродку як Palunisа. ...

Апошнія навіны

    Літаратура
    Фестываль дзіцячай кнігі «Міхасёвы прыгоды» ў Мінску
    Асоба
    Мелказёраў: я не баюся быць тупаком
    Краіна
    Найвышэйшы над Беларуссю помнік ўсталявалі ў Наваградку
    Культура
    Паглядзіце, якія выцінанкавыя стыкеры зрабіла мастачка Вольга Бабурына
    Грамадства
    Стала вядома, як будзе выглядаць надмагільны помнік Змітраку Бядулю на Усходніх могілках
    Грамадства
    «Таму што мы — беларусы». Як выхоўваць дзіця па-беларуску за мяжой і не толькі?
    Грамадства Музыка
    «Краіна Ценю (Прывітанне)». Гурт «Маці Ветру» выпусціў новы трэк
    Грамадства
    Незададзеныя пытанні з непрыемнымі адказамі
    Грамадства Літаратура Асоба
    «Чырвоная ўтопія» Святланы Алексіевіч — энцыклапедыя гвалту, у якой не пастаўлена кропка
    Культура
    Дзесьці ля анлайн-вытокаў. Гайд па віртуальнай музейнай прасторы Беларусі
    Музыка
    Тэст: Пазнай выканаўцу па радках з трэка
    Культура
    Успамiнаць Менск тут будзе не балюча. У Вільні пакажуць мультымедыйную фотавыставу для тых і пра тых, хто не можа вярнуцца ў родны горад
    Культура Музыка
    Беларускія песні ды танцы, майстар-класы ды купальскае вогнішча. Абвешчана праграма Фэстывалю Беларускай Традыцыі SONCAHRAJ
    Літаратура
    Першая кніга прозы аб пратэстах Беларусі — «Ператрус у музеі» Альгерда Бахарэвіча
    Навіны "Будзьма!" Гісторыя за 5 хвілін
    Тэстамент Гедыміна: памылка ці поспех вялікага князя? Адказваем у «Гісторыі за 5 хвілін»

Афіша

  • 31.05 — 02.06

    ПАДЗЕЯ ДНЯ: «Ich heiße Frau Troffea»: спектакль-перформанс Сяргея Шабохіна ў Варшаве

  • 31.05 — 18.06Выстава «Калі яго парушыць, яно становіцца адчувальным» у Вільні
  • 31.05Адкрыццё выставы памяці Ларысы Геніюш у Празе
  • 31.05Выстава Анастасіі Рыдлеўскай «Таро» у Гданьску
  • 31.05 — 18.06Выстава выцінанкі Наталлі Каньковай у Віцебску
  • 31.05 — 18.06Выстава «Abstract» у Віцебску
  • 31.05 — 18.06Новыя імёны мастацтва: фестываль «Арт-Мінск»
  • 31.05 — 07.06Pop-up store беларускіх мастакоў у Мінску

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: [email protected]

Папулярнае

    • Паглядзіце, які кліп стварыў штучны інтэлект для гурта NaviBand
    • Міраслаў Лазоўскі: Беларуская нацыя можа сфармавацца адно на падставе шырокай культурніцкай працы
    • Гайд па беларускім Кракаве: пляцоўкі, ініцыятывы, падтрымка
    • Сяляне ў Вялікім Княстве Літоўскім: як жылі, чым займаліся, што мелі
    • Усе жадаючыя могуць прыняць удзел у раскопках Старога Менска
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип