18 лютага грамадская кампанія “Будзьма беларусамі!” і народны літаратурны тэатр «Жывое слова» сустрэліся са старэйшымі класамі ДУА «Сярэдняя школа №167 г. Мінска» напярэдадні міжнароднага свята роднай мовы.
Для навучэнцаў 9-11 класаў “жываслоўцамі” была падрыхтавана невялікая канцэртная праграма «Размаўляй са мной па-беларуску…». Акрамя аднайменнага верша Яўгеніі Янішчыц студэнты выканалі любімыя творы класікаў беларускай літаратуры пад акампанемент гітары, у выглядзе тэатральных мініяцюр і казачных інсцэніровак. Так, з імправізаванай сцэны загучалі вершы Максіма Багдановіча, Рыгора Барадуліна, Сяргея Грахоўскага, Леаніда Дранько-Майсюка, казкі Уладзіміра Караткевіча, Максіма Танка і іншых. Вясёлыя мініяцюры на злабадзённыя тэмы выклікалі ў вучняў шчырыя ўсмешкі і жаданне прыйсці займацца ў студэнцкі тэатр, калі паступяць у вышэйшыя навучальныя ўстановы. “Жываслоўцы” дапамаглі дзецям зразумець сутнасць свята – Міжнародны дзень роднай мовы, сваім прыкладам прадэманстравалі, што значыць – быць беларусам.
Дарэчы, народны літаратурны тэатр “Жывое слова” восенню бягучага года адзначыць свой 50-гадовы юбілей, бо менавіта ў 1966 годзе Андрэй Каляда заснаваў аматарскі тэатр для будучых настаўнікаў. Сёння тэатр аб’ядноўвае студэнтаў розных навучальных устаноў, але яднае іх адно – любоў да роднай мовы і літаратуры.