Гісторыя заўсёды тоіць шмат таго, што можна адкрываць, пераасэнсоўваць. І ў кожным з гарадоў Беларусі, напэўна, ёсць нешта такое, што робіць яго прыцягальным: хочацца зразумець назву, сутнасць герба, асэнсаваць ролю вядомых асоб, якія ў іх нараджаліся, жылі, стваралі. Але, паглыбляючыся ў гісторыю далёкую, мы часам забываем, што ў тых жа гарадах пішацца гісторыя сучаснасці, у іх цяпер ствараецца культура. І яна патрабуе ўвагі, цікавасці. І яна патрабуе асэнсавання і вывучэння.
Заслаўе на пачатку ХХІ стагоддзя набывае новы імідж — менавіта як горада, дзе ёсць культурны складнік. Свята музыкі ў Заслаўі цікавае тым, што звяртае да музычнай культуры Беларусі — як далёкай, так і не вельмі — ХХ стагоддзя, якое, у сваю чаргу, таксама ўжо ўпісана ў гісторыю краіны. Канцэрты, якія ладзіць у рамках свята Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусі, у першую чаргу маюць асветніцкую задачу, якую дапамагае ажыццявіць прафесар, доктар мастацтвазнаўства, даследчык музыкі Вольга Дадзіёмава.
Сёлета праграма свята музыкі ў Заслаўі, якое традыцыйна ладзіцца ў студзені, была прысвечана творчасці кампазітараў Міншчыны (імпрэза праходзіць пры падтрымцы Мінаблвыканкама і Мінгарвыканкама). Асаблівы акцэнт быў зроблены на творах Яўгена Цікоцкага, 100-годдзе якога адзначалася ў 2013 годзе. Так, на жаль, атрымліваецца, што цяпер мы абыходзім увагай творцаў ХХ стагоддзя. Аднак у савецкі час у Беларусі былі адметныя творцы, якія стваралі гукавы партрэт краіны. Напрыклад, Яўген Цікоцкі, які нарадзіўся ў Пецярбургу, але як кампазітар рэалізаваўся менавіта ў Беларусі. Яго творы адметныя тым, што ў іх адчуваецца вялікі ўплыў беларускай народнай музыкі. Ён аўтар кантат, сімфоній і опер («Міхась Падгорны» і «Алеся», якія ў свой час былі пастаўлены на сцэне Вялікага тэатра Беларусі). Гэта былі творы менавіта свайго часу. Але гэта быў час, які пражыў наш народ. Гэты час можна адчуць таксама праз музыку.
Музыканты і выкладчыкі музыкі, якія прыязджаюць падчас свята ў Заслаўе, ствараюць яшчэ і сучасны культурны асяродак, прычым не толькі праз канцэрты, але і майстар-класы. Канцэрты, якія ладзяцца ў дзіцячай школе мастацтваў, даюць уяўленне пра камерную музыку, якая можа гучаць у выкананні розных калектываў: як сімфанічнага аркестра, так і ансамбля трубачоў, ансамбля флейтыстаў ці струннага квартэта. Але ці не найбольш важна тое, што ў рамках свята адбываецца абласны конкурс выканаўцаў дзіцячых школ мастацтваў «Заслаўскі сшытак». Нават сам факт выступлення там, дзе іграюць майстры, азначае для дзяцей пэўную прыступку да майстэрства.
Майстры — музыканты Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. Аркестра, ад якога звычайна чакаюць любімых мелодый і папулярных песень. Як жа без іх падчас свята?..