Правядзенне службаў у касцёлах на польскай мове на Гродзеншчыне назвалі незаконным

Тэма аб прапарцыйнасці святой Імшы па-польску і па-беларуску ў заходняй частцы краіны — дыскусійная, але выкарыстанне ў літургіі замежнай мовы ніяк не супярэчыць законам.


77.jpg

Падчас сустрэчы 28 лютага кіраўніцтва Іўеўскага раёна са святарамі па тэме «развіцця этнаканфесійнай сферы» акцэнт зрабілі на праблемных пытаннях, піша katolik.life са спасылкай на выданне «Iўеўскі край».

Адном з такіх пытанняў названа правядзенне ў каталіцкіх парафіях святой Імшы на польскай мове.

«Праблемным застаецца выкарыстанне польскай мовы падчас службаў у каталіцкіх храмах раёна, што недапушчальна згодна з Законам Рэспублікі Беларусь "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь"», — заявіла загадчыца сектара ідэалагічнай работы і па справах моладзі Вольга Барко.

78.jpg

Адзначым, што правядзенне святой Імшы на польскай мове ў каталіцкіх парафіях Беларусі, асабліва на захадзе краіны, — традыцыя, што склалася гістарычна. У касцёлах службы праходзяць як на беларускай, так і на польскай мовах — для прадстаўнікоў польскай дыяспары і для тых, хто з дзяцінства прывык маліцца па-польску.

Напрыклад, у іўеўскім касцёле ў нядзелю дзве ранішнія нядзельныя Імшы праходзяць на польскай мове (як правіла, з раніцы ў касцёлы прыходзяць больш сталыя людзі), а ў абед (для дзяцей і маладых бацькоў) і ўвечары (для моладзі) — на беларускай мове.

Падкрэслім таксама, што Каталіцкая царква — значыць, «сусветная», яе літургія перакладзена амаль на ўсе мовы свету, і цэлебраваць святую Імшу прынята на той мове, якую добра разумеюць удзельнікі службы. Напрыклад, у касцёлах Беларусі часта праводзяць службы не толькі па-польску, але і па-англійску — для студэнтаў з Азіі і Афрыкі. Выкарыстанне ў літургіі замежнай мовы ніяк не супярэчыць законам Беларусі.

79.jpg

З іншага боку, самі каталікі дыскутуюць аб тым, наколькі прапарцыйнае правядзенне святой Імшы па-польску і па-беларуску ў заходняй частцы краіны. Але гэта — пытанні саміх парафій і дыяцэзій, дзе кіруюцца пажаданнямі вернікаў.

Таксама сярод інфармацыі, якая прагучала на сустрэчы ў райвыканкаме, — правядзенне ідэалагічнымі работнікамі маніторынгу дзейнасці нядзельных школ пры касцёлах. А прадстаўнік мясцовай міліцыі выказаў гатоўнасць прыходзіць у нядзельныя школы, каб праводзіць прафілактычную работу з дзецьмі па супрацьдзеянні распаўсюджванню наркотыкаў. Гэтую ж тэму прадстаўнік РАУС папрасіў святароў «уключыць у службу».