13 лістапада ў пазаконкурсным паказе дакументальнага кіно ў межах фестывалю «Лістапад» адбыўся прагляд фільма «SUMÉ — музыка рэвалюцыі» (Грэнландыя — Данія — Нарвегія, 2014 г., 73 хв.). Работа рэжысёра Інук Сіліс Хёг вытворчасці ÁNORÂK FILM лаканічна ды стрымана апісвае не проста гісторыю маладзёнаў, якія здзейснілі музычную рэвалюцыю ў самой Грэнландыі, яна апавядае, як грамадзянская актыўнасць можа ўплываць на гісторыю, на простых людзей і палітыкаў, а таксама на іхныя рашэнні.
Сам фільм — падборка цікавых інтэрв’ю ўдзельнікаў гурта і ягоных прыхільнікаў. Кранальныя аповеды пра тое, кім, як і навошта быў створаны SUMÉ, у якіх варунках гурт існаваў, з якіх прычынаў менавіта ён набыў шырокую папулярнасць у Даніі і Грэнландыі зацягваюць увагу гледача: чароўная мова, мяккая, цёплая музыка ў спалучэнні са злёгку наіўнымі тэкстамі, прыгожыя, спакойныя людзі, а таксама актуальнае і для Беларусі праблемнае поле цягнуць да сябе магнітам. Істотную ролю займаюць дакументальныя вытрымкі з канцэртаў і выступаў SUMÉ. Там, здаецца, ёсць усё: ад выступаў на маленькіх дыска-вечарынках да непаўторнага турнэ праз усю грэнландскую выспу.
Аператарская работа прысутнічае хутчэй на механічным узроўні: добра выстаўленыя партрэты і прыгожыя прыродныя краявіды. А вось саму атмасферу фільма ўтварае дынамічны, яскравы мантаж старых стужак і фота. У пэўнай ступені гэты фільм — цэльнае музычнае апавяданне на вострую сацыяльную тэматыку. Уся карціна пабудаваная паслядоўна, без залішніх рыўкоў і дадумванняў рэжысёра: гэта якасная, прадуманая гісторыя, якая пакуль што не мае кропкі. І хаця глядач не будзе захоплены спецэфектамі і звышдынамікай, але дазнацца болей пра Грэнландыю, вывучыць мясцовую мову (чаго толькі вартая назва адной з песень SUMÉ — “Nalunaarasuartaat Toquvoq”) ці пахадзіць па марозе ў адным швэдры захоча гарантавана.
Юля Бондар