Неабходна ўважліва прыслухоўвацца да ўласных патрэбаў і займацца тым відам спорту, які дазваляе табе рэалізаваць цэлы спектр задач: падтрымаць фізічную форму, карэктаваць псіхаэмацыйны стан, даваць адпачынак ад паўсядзённых спраў і рабіць цябе яшчэ больш шчаслівым. Такой формулай карыстаецца наша гераіня і выбірае… бокс. Наколькі жаночая гэта справа, гутарым з актрысай тэатра і кіно Святланай Зелянкоўскай. Новая серыя праекта «Захапленнi».
— Пачаўшы займацца боксам, я ў першую чаргу рассталася з пэўнымі стэрэатыпамі, якія суправаджаюць гэты спорт. Найбольшае здзіўленне ўва мне выклікала раптоўнае расслабленне, заспакаенне, якое з’яўляецца пасля трэніроўкі. Бо лічыцца, што бокс агрэсіўны і выклікае лютыя эмоцыі, якія нярэдка пераносяцца ў звычайнае жыццё. У маім жа выпадку аказалася, што спорт служыць «стрэсапрымальнікам»: уся назапашаная за дзень стомленасць, лішняе раздражненне скідаюцца з плячэй, і з залы я выходжу ўраўнаважаная і шчаслівая. Больш за тое, узнікае моцнае жаданне быць мяккай, пяшчотнай з навакольнымі людзьмі, сваімі дзецьмі, каханым. У нашай культуры прынята такія праявы называць «жаночымі». У такім выпадку пасля бокса я раблюся больш жаноцкай.
Ці жаночая гэта справа — бокс? Я жанчына, але спадзяюся, што мае знаёмыя бачаць ува мне ў першую чаргу цэльную асобу, а не набор «жаночых» або «мужчынскіх» якасцяў. Мне здаецца, што ў наш век развіццё чалавека па праве можа быць разнапланавым, традыцыйныя погляды на дарэчнасць таго ці іншага занятку страчваюць сваю сілу. Захапленні могуць спрыяць развіццю ўпэўненасці, стойкасці, пяшчоты, пачуццёвасці ў людзях абодвух полаў. Калі ты адчуваеш у сабе неабходнасць рэалізавацца ў той ці іншай сферы, то проста ідзеш і робіш гэта.
Пры гэтым трэба ўважліва прыслухоўвацца да ўласных патрэбаў. Усе людзі розныя, і адчуванні ад заняткаў боксам у кожнага свае. Хтосьці падчас трэніроўкі можа адчуваць раздражненне, хтосьці — сапраўдную агрэсію, адзін чалавек робіцца больш упэўненым, яшчэ адзін гатовы бегчы на двор у пошуках «жывой грушы». Але я дакладна ведаю, што сярод спартсменаў, асабліва барцоў і баксёраў, ёсць сакрэтны кодэкс: самае вялікае дасягненне — у крытычнай сітуацыі стрымацца і спыніць канфлікт, прадухіліць бой. Калі ж чалавеку цяжка кіраваць сваёй энергіяй, калі бокс не дае яму магчымасці выплюхнуць усе дэструктыўныя эмоцыі і, больш за тое, спрыяе іх з’яўленню, можа быць, варта падумаць пра іншы від спорту.
Часам неабходны чыйсьці прыклад, каб убачыць тое, чым ты сам хочаш займацца. Такім «правадніком» у свет бокса для мяне стаў мой каханы чалавек. Назіраючы за ім, за зменамі ў яго псіхалагічных і фізічных якасцях, у мяне ўзнікла жаданне зрабіцца падобнай да яго ў гэтых праявах. Натуральным чынам гэта зблізіла нас яшчэ больш, мы рука аб руку ва ўсіх справах.
Спорт не толькі аб’ядноўвае, але і служыць дапамогай у самых разнастайных жыццёвых момантах. У мяне двое дзяцей: старэйшай дачцэ чатырнаццаць гадоў, а малому ўсяго сем месяцаў. Падчас першай і другой цяжарнасці я вяла актыўны лад жыцця, а калі дзецям спаўнялася чатыры месяцы, вярталася да заняткаў спортам. Спачатку быў фітнэс, цяпер дадаўся і бокс. Трэніроўкі неабходныя мне не толькі для падтрымання фізічнай формы, але і для псіхалагічнага камфорту. Бо з маленькімі дзецьмі ў сценах дома нямала клопатаў, і маці вельмі неабходна свайго роду «пераключэнне» на іншы від занятасці, каб зноў вярнуцца да дзіцяці поўнай сіл, жадання самааддачы і шчасця.
Я была акружаная спартоўцамі з дзяцінства: мае бацькі займаліся веславаннем, а мама дадаткова захаплялася лыжных бегам. Іх прыклад, закаханасць у сваю справу назаўжды зарадзілі мяне жаданнем весці такое ж рухомае, энергічнае, поўнае ўражанняў жыццё.
Сваёй задачай я бачу перадаць любоў да ўсяго, што ты робіш, сваім дзецям. Я ўпэўненая, што спорт дапамагае дзіцяці адчуць, што такое дысцыпліна, мэтанакіраванасць, сіла волі. Старэйшая дачка займаецца плаваннем, музыкай, малюнкам, усё паспявае зрабіць на высокім узроўні. З цікавасцю чакаю, калі падрасце малы. Спадзяюся, што ён ацэніць нашы з ім заняткі: з двух месяцаў я вучу яго плаваць і ныраць. Ужо відавочна, што гэты маленькі чалавек любіць ваду, якая б яна ні была: халодная, цёплая, марская, рачная або водаправодная. Ён можа плёскацца гадзінамі, атрымліваючы ад працэсу сапраўднае задавальненне. Я радая бачыць плён нашых высілкаў.
Сучасным бацькам прапануецца мноства варыянтаў сумесных развівальных секцый. Нам было няцяжка знайсці спецыялізаваныя заняткі для мам з немаўлятамі, на якіх мы тры гадзіны займаемся фізічным развіццём. Зноў жа, важны прыклад бацькоў! Так, першая гадзіна нашых заняткаў прысвечаная маці: мы практыкуем ёгу, фітнэс, а дзеці ў гэты час проста поўзаюць побач, назіраючы, як дарослыя сапраўды самі займаюцца, а не проста настойваюць на тым, што «дзеці павінныя быць спартыўнымі». Дзеці разумеюць, што гэты час — для бацькоў, і знаходзяць сабе мноства заняткаў, нібы імкнучыся не адцягваць нашу ўвагу. Бо дзіця дакладна ведае, што варта пачакаць, і напоўненая энергіяй мама, якая адпачыла, будзе разам з ім купацца ў басейне, грэцца ў сауне, трэніравацца, гуляцца і весяліцца. Такім чынам, наш малы з пялёнак убірае ў сябе звыклы для нашай сям’і актыўны лад жыцця.
Мне цяжка ўявіць сябе без дынамічнай дзейнасці. І страшна падумаць, які прыклад магла б я падаць сваім дзецям, калі б была аматарам «актыўнага адпачынку на канапе». Калі сам бацька, вяртаючыся з працы дадому, вядзе пасіўны лад жыцця: праглядае тэлеперадачы, інтэрнэт-старонкі, вядзе доўгія беспрадметныя размовы па тэлефоне, адмахваецца ад дзіцяці на падставе стомы, маленькі чалавек, нават неахвотна, засвойвае такую мадэль паводзінаў. Пры гэтым дарослы можа быць адказным, нават першакласным прафесіяналам, але гэтая актыўнасць адбываецца па-за полем зроку дзіцяці. Бацькам важна памятаць, што дзеці рэдка думаюць, як мы паводзім сябе, калі не знаходзімся побач з імі. Трэба не забываць, што нават наш адпачынак — гэта вялікая праца, уклад у будучыню нашых дзяцей.
Ганна Трубачова, Ганна Шапашнікава
Фота — Аляксандр Tarantino Ждановіч
Журналісцкае агенцтва «Таранціны і сыны»
Выказваем падзяку Анатолю Лісу, заслужанаму майстру спорту па боксе, за дапамогу ў правядзенні здымак.