Падчас усё хутчэйшай папулярызацыі маментальнай фотаздымкі мабільнымі сродкамі ўдумлівае, нават гіперусвядомленае стаўленне да націскання кнопкі спуску выглядае архаічным і недаступным разуменню юнага, актыўнага, хуткага, як інтэрнэт, пакалення. Думаем, што не раз, бачачы фатографа з прафесійнай камерай, выпадковы мінак задаваўся пытаннем: «Што ён там так доўга ў яе выглядае?». І сапраўды, што? На гэтае і многія іншыя пытанні ў новай серыі праекта «Захапленнi» адказвае тэатральны рэжысёр і крытык Таня Арцімовіч.
— Здаецца, што цяпер кожны другі — фатограф. Сацыяльныя сеткі мільгаюць фотаальбомамі на самыя розныя тэмы, мабільныя тэлефоны запоўненыя фотаздымкамі сябе, сяброў, катоў, сабак. Фотаздымак ператвараецца са спосабу захаваць памятныя моманты ў сродак камунікацыі. Адначасова не страчвае пазіцый і арт-фатаграфія. Пакуль хтосьці выкладвае чарговы «кадр» у Інстаграм, на другім канцы свету знакамітая галерэя адкрывае выставу адной фатаграфіі вядомага аўтара.
Камунікацыя праз сацыяльныя сеткі — ілюзія, фэйк. У выпадку з фатаграфіяй гэта хутчэй форма самапрэзентацыі. Ці, я б сказала, спосаб перамагчы экзістэнцыйны страх сваёй адсутнасці. Калі раней людзі суцяшалі сябе тым, што калі «я думаю, значыць, існую», то цяпер у нас ёсць новы лозунг: «Я ёсць на фотаздымках, значыць, я ёсць». Мы ж часта ніколі нават не вяртаемся да гэтых фатаграфій. Сотні гігабайт выяваў проста захоўваюцца на дыску, але гэта ўжо няважна. Перамога над страхам нібыта адбываецца менавіта ў момант націскання кнопкі: «Я зафіксаваны, я тут».
Тэхнічны прагрэс працягвае фармаваць новыя феномены сацыяльнай культуры. Папулярныя сёння аўтапартрэты сродкамі мабільнай сувязі з наступнай прэзентацыяй у сацыяльных сетках — selfie — сталі магчымыя дзякуючы хуткаснаму развіццю тэхналогій. Тое, для чаго раней патрабаваліся спецыяльныя навыкі фатаграфавання: уменне заправіць плёнку, наладзіць вытрымку і экспазіцыю, выбудаваць кадр, аддаць у лабараторыю або самастойна праявіць і надрукаваць фатаграфіі — ператварылася ў адну пстрычку пальцам па кнопцы лічбавай прылады. Гэта вельмі зручна, хутка і лёгка дазваляе рабіць тысячы здымкаў, выдаляць лішняе, пакідаць найлепшае.
У маім дзяцінстве ў кожнай другой сям’і быў плёнкавы апарат і ўсё абсталяванне для друку, якое ў многіх захоўваецца да гэтага часу. Я памятаю «чырвоны» пакой, у які часам ператваралася ванная: мокрыя стужкі плёнак, ванначкі, у якіх плавала папера. Так, гэта было чараўніцтва — раптам на белым лісце з’яўлялася выява, што «дублявала» свет вакол. Але я не ўпэўненая, што адчувала тады трапятанне ці жаданне рабіць цуд самой. Фатаграфія як свет, спосаб уяўлення заваявала мяне нашмат пазней.
У школе я, памятаю, наведвала фотагурток. Вядома, я рабіла аматарскія фотаздымкі на мыльніцу і ледзь-ледзь — на «Зеніт». Занурацца ў справу я пачала ў Санкт-Пецярбургу, дзе мяне атачалі людзі, што займаліся фатаграфіяй на прафесійным узроўні. Я ўвесь час шмат чула пра фатаграфію, тэхніку, камеры. Былі спрэчкі, адкрыццё новых імёнаў, шматгадзінныя гулянні з фотаапаратамі па горадзе, здымкі ў студыях — цяпер мне той перыяд здаецца неверагодным.
«Цуд» здарыўся, калі я аднойчы паглядзела ў відашукальнік фотакамеры Rolleiflex, якая здымае, як кажуць, «ад жывата». Тое, што я ўбачыла праз камеру, скарыла маё ўяўленне. Гэта нагадвала залюстроўе Алісы: геаметрыя вакол, якая здавалася абсалютнай, раптам зрабілася рухомай, няўстойлівай. А значыць, падумала я тады, яснасць і сталасць усяго астатняга — таксама ілюзія. Тое, што мы бачым, залежыць ад оптыкі, як у выпадку з Rolleiflex, які дазволіў мне ўбачыць зусім неверагодную «фатаграфію» — вачыма маленькага дзіцяці.
Мне здаецца, менавіта пасля гэтага я пачала шмат і па-іншаму думаць пра фатаграфію, чытаць такіх аўтараў, як Сьюзан Зонтаг. Я памятаю, як мяне ўразіла яе думка аб тым, што фатаграфія, нават дакументальная, не фіксуе рэальнасць — гэта немагчыма. Яна агаляе, робіць бачнай прорву паміж уяўным і рэальным. І чым натуралістычнейшы, рэальнейшы здымак, тым гэтая прорва шырэйшая. Для мяне гэта менавіта так. Разглядаючы свае ці чыесьці здымкі, я разумею, што гэтага няма, што той момант, у які гэта было знятае, быў зусім іншым, а вынік у кадры — праца аўтара.
Цяпер я вельмі рэдка здымаю, часта бяру камеру з сабой, але потым нават не дастаю яе. Ёсць момант, сітуацыя, якая магла б быць кадрам: ты сустракаешся з унікальнымі людзьмі, фатаграфіі якіх маглі б, умоўна кажучы, сабраць дзясяткі лайкаў. Але выбіраючы паміж тым, пражыць гэты момант па-сапраўднаму ці зрабіць яго фікцыю, копію, я выбіраю першае. Гэта ілюзія, што ты можаш спыніць гэты момант, ён заканчваецца, праходзіць міма цябе ўжо тады, калі ты хаваешся па той бок камеры. Я гэта ўсвядоміла вельмі ясна, таму тэхнічна амаль не фатаграфую. Фатаграфія зрабілася оптыкай, праз якую я бачу тое, што адбываецца вакол, прычым можна выбіраць ракурс, абрэзаць, заўважыць дэталь. Але здымак застаецца толькі на ўнутраным боку павека і толькі для мяне.
Часам я раблю здымкі на тэлефон, не думаючы пра кадры або якасць. Гэта як запіс у дзённік, не больш за тое, і такія «запісы» для мяне цяпер больш каштоўныя і цікавыя, чым тыя сотні фатаграфій, які я рабіла як бы свядома, імкнучыся да прафесійнай фатаграфіі.
Праўда, ёсць форма фатаграфіі, якой я б хацела навучыцца. Гэта стрыт-фатаграфія. Гэта ўменне не думаючы пераступаць мяжу паміж публічнай і прыватнай прасторамі. Не баяцца ўварвацца ў чужое жыццё і націснуць на кнопку, стаць, магчыма, прычынай дыскамфорту іншых. Я захапляюся людзьмі, у якіх гэта атрымліваецца, гэта нейкая неймаверная смеласць і адчуванне свабоды. Я паспрабую калі-небудзь гэтаму навучыцца: гэта таго вартае!
Каштоўнасць фатаграфіі, на маю думку, не залежыць ад яе якасці. Важная рэакцыя, якая ўзнікае ў людзей. Калі чалавек кажа: «Я ніколі гэтага не заўважаў!» — мэта дасягнутая. Фотаздымак умее расстаўляць акцэнты і рабіць бачным і важным тое, чаго мы не заўважаем, ці тое, што здаецца нам нецікавым.
Фатаграфія — суб’ектыўнае мастацтва. Вынік шмат у чым залежыць ад умення чалавека «бачыць» і паспяваць захоўваць убачанае. Нават калі казаць пра дакументальную фатаграфію: яна быццам прэтэндуе на аб’ектыўнасць. Але мы ніколі не ведаем, што засталося за кадрам, а гэта можа быць дэталь, якая цалкам зменіць сэнс здымка. Вынік заўсёды залежыць ад таго, хто, калі і чым робіць фатаграфію, гэта ператварэнне ўмоўна аб’ектыўнай рэальнасці ў аўтаномную ўяўную прастору аўтара. Менавіта таму так лёгка, напрыклад, па здымках вызначаць, хто гэта зрабіў, калі гаворка, вядома, ідзе пра знакамітых аўтараў.
Вядома, трэба спрабаваць розныя тэхнікі і камеры. Асабліва цяпер, калі з’яўляюцца новыя і новыя магчымасці. Я ведаю, што для многіх, хто займаецца фатаграфіяй, легендарная Leica — мара, гэта як прайсці хрышчэнне ў свет фатаграфіі. Калі б я была фатографам, я б таксама марыла пра Leica. Не таму, што яна сапраўды крутая, а таму што гэта міф: веданне таго, што ты трымаеш у руках легенду, можа дапамагчы зрабіць «той самы» кадр. Праўда, потым усё роўна трэба будзе працаваць і ўдасканальвацца, але гэта няважна. Я люблю міфы, яны таксама свайго кшталту фатаграфіі.
Ганна Трубачова, Ганна Шапашнікава
Фота — Аляксандр Tarantino Ждановіч