Наваполацк сустрэў сцюдзёным лютаўскім дажджом і лютым холадам у канферэнц-зале гатэля “Дружба”. Дарэчы было б з самага парога гаркнуць: “Матолька, памажы!” Але вядомы мінскі блогер рабіў хітры выгляд ды сам хутаўся ў цёплы шалік. Ратаваў сітуацыю мадэратар сустрэчы ў Наваполацку Уладзімір Булаўскі: некалькі гарачых слоў і ідэй – і ток-шоў закіпела.
Героямі размовы пра грамадскі актывізм пад гучнай шыльдай “Людзі, што змяняюць свет” сталі ўжо згаданы Антон Матолька, старшыня YMCA-ХСВМ Віцебск і менеджар Рэгіянальна-рэсурснага цэнтра ў Віцебску Яўгенія Пачэпка, а таксама мясцовая актывістка і дырэктарка цэнтра “ІніцыАрт” у Полацку і Наваполацку Вольга Дамаскіна.
Булаўскі нагадаў, што дыскусія адбываецца пад эгідай супольнага праекта грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” і школы публічнага адміністравання SYMPA – “Разам да справы”. Паводле вядоўцы, у межах праекта цягам трох гадоў прайшло ўжо больш за 100 лакальных імпрэзаў у гарадках і мястэчках Беларусі, “да якіх не даязджае нават Аляксандр Саладуха”.
Саладухі сапраўды не было. Затое прысутнічалі спікеры-актывісты і больш за 20 палачан-навапалачан, прагных перайначыць свет. На пытанне, хто з іх лічыць сябе актывістам, рукі ўзнялі 5 чалавек.
“Выдатна, падзелімся досведам і паспрабуем зразумець, як выбудоўваць працу з мясцовымі ўладамі і СМІ, чаму насельніцтва мала давярае грамадскім арганізацыям ды як простыя людзі могуць далучыцца да актывізму”, – прапанаваў тэмы ток-шоў мадэратар.

Уладзімір Булаўскі
Як знайсці аднадумцаў і з чаго пачаць?
На думку Яўгеніі Пачэпкі, пра патрэбу ў новых паплечніках варта казаць адкрыта – і людзі прыходзяць. Сёлета Яўгенія распачала ў Віцебску новы праект “ОГО!”.
“Пасля нашай першай лекцыі ў новым сезоне я адкрыта заявіла пра тое, што мы пашыраем свае шэрагі, і да нас далучыліся новыя людзі. Так, канечне, хтосьці “адвальваецца”, але хтосьці застаецца. За тры гады ў маёй камандзе было ад трох да 16 чалавек”, – падзялілася Яўгенія.
Антон Матолька хоць і ўспрымаецца многімі як “сам сабе каманда”, згаджаецца з Яўгеніяй: усё пачынаецца з простага агучвання праблемы.
“Ты расказваеш пра нейкія свае “хацелкі”, і гэта цалкам эгаістычныя гісторыі, але атрымліваецца, што адначасова ты агучваеш праблему, якая тычыцца многіх іншых людзей. Дзякуючы вось такому агучванню і пачынаюцца розныя кампаніі і публікацыі ў СМІ. Дастаткова проста сказаць: праблема існуе, вось яна… А далей ужо шукаць партнёраў”, – кажа Матолька.
Вольга Дамаскіна, якую праз удзел у выбарчай кампаніі 2016 года звольнілі з працы, на гэта ўсміхаецца. Ведае, што ў нашай краіне адно за “агучку праблемы” можна “атрымаць па шапцы”. Яна сцвярджае, што толькі агучыць праблему мала. Трэба трансляваць упэўненасць, што ты не кінеш яе напаўдарозе і пойдзеш да канца.
“І толькі тады вакол цябе пачынаюць гуртавацца людзі”, – запэўніла заснавальніца цэнтра “ІніцыАрт”, які, дарэчы, ажыццяўляе цяпер у полацкім рэгіёне два гучныя праекты – “Жывая мова” і “Мова жанчын”. Апошні – жартам ці не – можа ператварыць горад Скарыны ў беларускую сталіцу фемінізму.

Антон Матолька, Яўгенія Пачэпка, Вольга Дамаскіна
Як зразумець, што праблема тычыцца многіх?
На гэтым месцы градус дыскусіі пачаў імкліва расці. Антон Матолька расшпіліў куртку і заявіў, што якасць праблемы трэба ацэньваць выключна праз сябе.
“Наколькі важная праблема – ацэньвайце для сябе, а далей пакажа час”, – сцвердзіў аўтар праекта “Мотолько, помоги!”. І падмацаваў тэзу прыкладам, калі пару гадоў таму дамогся ад уладаў усталявання часовых ходнікаў каля станцыі метро “Фрунзенская”.
“Ага, зрабілі добрую справу: цяпер бабулі ходзяць і хваляць нашую ўладу – якая яна клапатлівая”, – эмацыйна выказаўся на гэта мужчына з залы. А на пярэчанні Матолькі імгненна дадаў: “Дык вы ім толькі жыццё прадаўжаеце, маю на ўвазе – уладзе. Можа, лепш было б пачакаць, калі ўсё ляснецца?..”
Матольку (“агенту англійскай разведкі”, паводле аднаго прапагандысцкага рэсурсу ў Віцебску) давялося зноў прымяніць сваю таемную зброю – публічна скарыстацца саманазвай “эгаіст” і паказаць усім свае легендарныя “красоўкі з плямамі рэагентаў”.
“О так! Можна нічога не рабіць і працягваць жыць у дз…ме. Але я рабіў гэта не для ўладаў, а для сябе. Бо менавіта там я перыядычна хаджу – і вось мой брудны абутак з разводамі ад рэагентаў! Я хачу, каб іх не было. І падыходжу да гэтага з цалкам эгаістычных меркаванняў. Я эгаіст! І хачу перасоўвацца па нармальным тратуары. Дакладна ведаю, што ўладзе гэта жыццё ні працягвае, ні скарачае. І ніяк на яго ўвогуле не ўплывае!” – адбіваўся сталічны блогер.

Антон Матолька
Стасункі з чыноўнікамі: атмасфера награваецца
Зусім горача стала, калі гаворка пайшла пра досвед стасункаў з прадстаўнікамі мясцовых уладаў.
Аказалася, што ў канферэнц-зале гатэля “Дружба” прысутнічае ўласнай персонай чыноўнік з упраўлення архітэктуры горада Магілёва. Дарэчы, цалкам сімпатычны і малады чалавек. Дык на заўвагу з залы, што ўлады сядзяць у кабінетах і нічога не робяць, ён спакойна заўважыў: “Дайце сігнал, бо нельга ж усё ўгледзець. Акрамя гэтага, дурной і бессэнсоўнай працы там хапае…”
“Ды няма сэнсу даваць сігнал, бо ад чыноўнікаў усё адно нічога не залежыць, – шугаў скептыцызмам той самы апанент Матолькі. – З 2001 года я збіраю подпісы і прыйшоў да высновы, што бессэнсоўна забіваю час. Давядзеш што-небудзь чыноўніку, а яго раз – і пасадзілі. І прыходзіць іншы, яшчэ больш няцямлівы. І твае два гады жыцця – на сметніцу…”
“А ці не спрабавалі самі ў чыноўнікі падацца?..” – падкідваў у вогнішча дроў мадэратар дыскусіі. “Не смяшыце мяне!” – прыляцела з залы.
Стрымана выказалася пра ўзаемадзеянне з мясцовай уладай Вольга Дамаскіна: “Рабіць нейкія маленькія справы – гэта добра. Але не ўсё мы можам рабіць і не ўсё мы павінныя рабіць. Ёсць людзі ва ўладзе, якія проста павінныя гэтым займацца”.

Вольга Дамаскіна
Чыноўнік: вораг ці сябар?
Антон Матолька мае такі досвед стасункаў з прадстаўнікамі ўлады, што мог бы напісаць цэлы падручнік па вядзенні, як ён кажа, “ваенных перамоваў”. І мы ўпэўненыя, што напіша. Але паспрабуем перадаць гэтую тонкую навуку ў некалькіх цытатах блогера, якія прагучалі ў Наваполацку.
- “Насамрэч чыноўнік і не сябар, і не вораг. Ён такі ж самы жыхар вашага горада – той, хто ходзіць тымі ж вуліцамі і ездзіць тымі ж дарогамі, што і вы. І сутыкаецца з тымі ж праблемамі. І вось на гэта мы часта забываемся…”
- “Як камунікаваць? Ну, калі ён нейтральны – дык зрабіце яго сваім сябрам альбо партнёрам. Чалавекам, які будзе рабіць падказкі і дапамагаць вам”.
- “Ой, паверце, гарадскія актывісты і блізка не ныцікі. Вы яшчэ не сядзелі на прыёме ў чыноўнікаў і не слухалі нашых цудоўных бабуль. Я сядзеў і чуў. Гэта пекла!.. Таму я кажу сваім паплечнікам: хлопцы, максімальна лаканічна і дакладна. “Я такі, у мяне вось такая праблема”. Усё!”
- “Паўтаруся: у 80% выпадкаў нейкія лакальныя праблемы яны могуць вырашыць з першага ж звароту.
- “Ніколі не верце словам – заўсёды фіксуйце на паперы! У зваротах. Бо на зварот яны мусяць адказаць. Адмоўна ці станоўча. Калі адмоўна – таксама добра: можна працаваць. Ёсць і наглядчыя функцыі…”.
Тэму ўзаемаадносін з чыноўнікамі і ролю актывістаў у ёй канцэптуальна закругліла Яўгенія Пачэпка: “Ведаеце, грамадзянін як нерв: калі дзе што не так – ён мусіць балець. І актывіст мусіць быць гэтым нервам – балець і біць у званы, каб яго пачуў увесь арганізм”. То бок чыноўнікі – усяго толькі органы (так мы зразумелі метафару). Але без іх – аніяк…

Яўгенія Пачэпка
Чаму мала давяраюць грамадскім арганізацыям
Уладзімір Булаўскі звярнуўся да некаторых лічбаў прэзентаванага нядаўна на прэс-клубе ў Віцебску даследавання SYMPA. Паводле яго, каля 50% апытаных выказалі недавер да недзяржаўных ГА. У той жа час людзі гатовыя давяраць асобным персонам – прадстаўнікам грамадскага сектару. Чым гэта тлумачыцца?
“Пра недзяржаўныя арганізацыі ў нас папросту вельмі мала ведаюць, і ў мясцовых медыя пра іх не распавядаюць… А тое, што чалавеку давяраюць больш, чым арганізацыі – так і ёсць. Бо гэта натуральна – чалавеку давяраць прасцей, і ўсё ж робіцца на асабістых кантактах”, – адказвае Вольга Дамаскіна.
Яўгенія Пачэпка згодная з такім тлумачэннем і кажа, што яшчэ шмат трэба працаваць над інфармаваннем людзей. “Грамадства не да канца разумее, што такое трэці сектар. І ў дачыненні да сваёй арганізацыі я часта чую такія словы, як “секта”, “масоны”, “праплачаныя”. Няма ведаў у людзей, што такое грамадская арганізацыя”, – гаворыць віцебская актывістка.
“Беларусы яшчэ помняць 1937 год, калі за прыналежнасць да арганізацыяў расстрэльвалі, таму і баяцца”, – гучыць рэпліка з залы.
“Ну, у мяне таксама часам запытваюцца: а ты яшчэ на свабодзе?” – падхоплівае тэму Матолька.
Што да персаналізацыі даверу, то Матолька мае сваю тэорыю. “У Беларусі на дзяржаўным узроўні дзейнічае палітыка дэперсаналізацыі. У нас на грашовых купюрах – будынкі, на паштовых марках – жывёлы. І будзем да канца шчырыя: ёсць толькі адна персона, Аляксандр Лукашэнка. І як толькі выходзяць, скажам, Матолька, ці Макей, ці Шуневіч – давер да іх на парадак вышэйшы за давер да МЗС ці МУС. У нас вельмі нізкі ўзровень палітычнай адукацыі. Таму руляць персоны”, – тлумачыць блогер.

Антон Матолька і Яўгенія Пачэпка з падарункамі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”
Як камунікаваць з медыя
У пытанні неабходнасці кантактаў з медыя прамоўцы выявілі салідарнасць: камунікаваць трэба. І трэба шукаць шляхі, каб гэтая камунікацыя прыносіла карысць і актывістам, і журналістам. Для гэтага – вучыцца ствараць яркія і крэатыўныя інфармацыйныя нагоды. Прычым інфанагодай, і часам скандальнай, можа стаць сама персона актывіста (зноў – персаніфікацыя!), як гэта атрымалася ў Вольгі Дамаскінай у 2016-м.
Пры гэтым варта памятаць пра асноўную мэту такіх стасункаў – данесці інфармацыю да простых людзей.
“Праца з медыя важная, але ў 2019 годзе мы ўжо адышлі ад гэтай залежнасці, бо вельмі часта журналістам нецікавая наша тэматыка. Але ёсць сацыяльныя сеткі, дзе можна агучыць праблему. І гэта вельмі часта цяпер спрацоўвае”, – гаворыць Антон Матолька, распавядаючы, як нядаўна з Маладзечна атрымалася ўзняць інфармацыйную хвалю аб праблемах у аўтапарках краіны.
Тры парады на развітанне
Пры канцы сустрэчы спадар Булаўскі папрасіў спікераў уявіць сабе, што перад імі зборны вобраз актывіста-пачаткоўца, які адчувае ў сабе “актыў”, але не ведае як ім карыстацца: “Што б параілі? З чаго пачаць і куды звяртацца?”
- “Усё проста. Тое, што абмяркоўваем на кухнях, калі нас нешта не задавальняе, сфармулюйце кароткім і простым тэкстам ды накіруйце ў Полацкі райвыканкам. У 80% праблема вырашыцца” (Антон Матолька).
- “Сфармулюйце найперш праблему для сябе. А потым паразмаўляйце з блізкім атачэннем і знайдзіце падтрымку (Яўгенія Пачэпка).
- “Кажыце пра праблему. Блізкім, знаёмым, усім. І разам будзе значна прасцей. Але спачатку вырашыце, ці будзеце займацца гэтым самі” (Вольга Дамаскіна).
Змітрок Трай
Фота – Алесь Пілецкі