Цудоўнае дзіцячае свята “Мама і малыш” прайшло ў Магілёве на тэрыторыі клуба актыўнага адпачынку “Рубікон” у нядзелю, 26 жніўня. Некалькі дзясяткаў гульнявых зон, адукацыйныя інтэрактывы, майстар-класы для дзяцей і іх бацькоў, шоў мыльных бурбалак, аквагрым, клоўны, паветраныя шарыкі — усё гэта абсалютна бясплатна, яшчэ і з высакароднай мэтай: сабраць сродкі на лячэнне і рэабілітацыю маленькай Серафімы Дземідзенка, а таксама дапамагчы Магілёўскаму дому дзіцяці.
Арганізатарамі мерапрыемства сталі ўдзельнікі міжнароднага руху SmoothLifeStyle пры інфармацыйнай падтрымцы Цэнтра гарадскіх ініцыятыў.
— Ідэя арганізаваць свята прыйшла да мяне выпадкова, — распавяла budzma.by арганізатарка мерапрыемства Ганна Краўцова. — Я праглядала гарадскія мерапрыемствы Магілёва і не знайшла ніводнага профільнага свята менавіта для дзяцей, акрамя святкавання 1 чэрвеня.
Дапамагаў Ганне яе муж Антон. Без яго дапамогі і падтрымкі нічога не атрымалася б, прызнаецца дзяўчына.
Самым складаным аказалася знайсці прыдатную пляцоўку для свята. Ганна хацела месца, якое б максімальна адпавядала ўсім патрабаванням бяспекі, бо гаворка ідзе пра дзяцей. У выніку спыніліся на “Рубіконе”. Хлопцы з клуба дапамаглі з арганізацыяй, далі патрэбную апаратуру і вельмі падтрымалі маральна.
Мерапрыемства рыхтавалася роўна 20 дзён: фотазоны, майстар-класы, пошук партнёраў і спонсараў — і ўсё гэта пры нулявым бюджэце.
— У Магілёве спагадлівы і добры народ, вельмі многія арганізацыі пагадзіліся даць свае тавары, сертыфікаты для нашага розыгрышу, — дзеліцца Ганна. Яе падтрымалі магілёўскія прадпрымальнікі, рамесныя майстэрні, кавярні, дзіцячыя цэнтры і школы, крамы цацак і адзення — усяго на свяце разыгралі 169 падарункаў і сертыфікатаў, для Магілёва лічба неверагодная. Акрамя таго, рамеснікі, якія гандлявалі на свяце, перавялі на дабрачынны рахунак 10% ад сваёй выручкі.
Так, мэты высакародныя, але ці спадабалася на свяце самім магілёўцам?
— Адназначна спадабалася! Дзеці ўжо пытаюць, калі мы зноў паедзем у “Рубікон”, — прызнаецца мама двух хлопчыкаў Марына. — Адзіны недахоп у свята: на жаль, было вельмі горача, і я не знайшла, дзе купіць вады, спадзяюся, арганізатары ўлічаць гэта на будучыню, бо свята сапраўды крутое.
— Мерапрыемства атрымалася вельмі нават нічога такое. Дзеці ў захапленні, а ці трэба нешта яшчэ? — рады за сваіх малых тата Андрэй. — Вось толькі смецце няма куды было выкідаць, давялося несці дадому. Але гэта сапраўдная дробязь у параўнанні з кайфам, які мы атрымалі.
Іра Тонева, Марыя Гілёва