Здавалася б, вучняў школы-інтэрната ўжо нічым не здзівіш. Хто толькі не прыязджаў да іх у госці падчас рэалізацыі праекта “Кулінарыя +”! Праект, які некалькі год назад распачала са сваімі сябрамі Алена Мікульчык – эксперт беларускай кухні, аўтар кулінарных кніг, член професійнага аб’яднання “Суполка кухараў”, выйшаў далёка за межы кухоннай прасторы. Ён дорыць выхаванцам інтэрната незабыўныя сустрэчы з людзьмі, якія маюць адкрытыя шчырыя сэрцы, а таксама вельмі цікавыя захапленні. За гэты час дзеці змаглі пазнаёміцца з культурай і традыцыямі розных краін свету: Індыі, Кітая, Германіі, Літвы, ЗША, сустрэцца з прадстаўнікамі рэдкіх прафесій, даведацца пра сакрэты славянскіх адзінаборстваў, пасябраваць з рыцарамі і байкерамі. А на кухні пад кіраўніцтвам Алены і лепшых шэф-повараў рэстаранаў Мінска не толькі стаць стваральнікамі сапраўдных кулінарных шэдэўраў, але і дэгустатарамі ўласнаручна прыгатаваных страў.
Мінулай восенню ў Ашмяны прыязджалі ўдзельнікі рыцарскага клуба “Алтын тумен”, якія пазнаёмілі дзяцей з бытам і ўзбраеннем татарскіх воінаў. Напрыканцы ж сакавіка ў інтэрнат завіталі беларускія рыцары – адгалінаванне клуба гістарычнай рэканструкцыі “Люцэрн” пад назвай “Ордэн храма”, што створаны пры Мінскім палацы дзяцей і моладзі. Кіраўніком і ідэйным натхняльнікам клуба з’яўляецца Ірына Салавей. У Ашмяны яна прыехала разам з Ільёй Лаўрэнцьевым (месір Альбер), Аляксеем Мяшковым (Рудзігер фон Ульм) і Верай Мяшковай (ледзі Агенільда фон Ульм). Госці не толькі расказалі дзецям пра рыцараў эпохі Сярэднявечча, але і паказалі ўзбраенне і абмундзіраванне ваяроў ХIII стагоддзя. Усе разам пранікліся тым часам, калі Беларусь уваходзіла ў склад дзяржавы пад назвай Вялікае Княства Літоўскае і паспрабавалі ўзгадаць некаторыя гістарычныя вехі. Самыя смелыя прайшлі абрад пасвячэння ў рыцары. А пасля, падзяліўшыся на дзве каманды (“Мечаносцы” і “Крыжакі”), вучні спаборнічалі ў лоўкасці і спрыце. Эстафета завяршылася нічыёй: узнагарода (ласункі) дасталася абедзвюм камандам.
асля актыўных фізічных практыкаванняў дзеці накіраваліся ў сталоўку, дзе акрамя абеду іх чакаў прыемны сюрпрыз у выглядзе фруктовага асарці. Гэтыя прысмакі, а таксама прадукты для рыцарскай вячэры былі набыты дзякуючы прадпрымальніку Андрэю Радчуку. Андрэй Валер’евіч перадаў вучням школы-інтэрната і значную колькасць сродкаў гігіены, якія ніколі не бываюць лішнімі.
Нягледзячы на тое, што голад быў спатолены, усім не цярпелася даведацца, што ж за страва чакае на вячэру, тым больш што з кухні ўжо даносіўся казытлівы пах спецый. Гэта Алена Мікульчук яшчэ з вечара замарынавала мяса – найлепшую ежу для сапраўдных ваяроў. Частка дзяцей тут жа далучылася да Алены і пад яе кіраўніцтвам прыступіла да прыгатавання мяса. Іншыя не адыходзіліся ад рыцараў, якія падзяліліся сакрэтамі свайго хоббі, прыгадалі фэсты, што ладзяцца не толькі ў Беларусі, але і Чэхіі, Расіі, Украіне, расказалі аб дабрачынных акцыях і конкурсах-баях, у якіх яны прымаюць удзел. А пасля разам з валанцёрамі Наталляй Ганціеўскай, Аляксеем Чуяшковым, Цімафеем Акудовічам і Валянцінай і Валянцінам Ушаковымі былі арганізаваны рыцарскія баі і майстар-клас па развучванні сярэднявечных танцаў.
Заключным акордам цудоўнага незабыўнага свята стала вячэра, якую вучні ацанілі на ўра, просячы дабаўкі, а таксама вогненнае шоу, што арганізавалі госці для сваіх сяброў.
Аліна Санюк, фота Святланы Муцянскай, Ашмянскі веснік