23 красавіка 2014 году ў Віцебску адкрылася асветніцка-этнаграфічная фотавыстава “Віцебскія стараверы: даўнія прыбышы”. У канцы 2013 году дадзены праект стаў адным з пераможцаў конкурса культурніцкіх ідэй і цяпер ажыццяўляецца аўтарам праекта этнолагам Уладзіславам Івановым пры інфармацыйнай падтрымцы грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
Фотавыстава прысвечаная сучаснаму стану стараверскай культуры Віцебску і Віцебшчыны наогул. Прэзентаваныя на выставе фоты – вынік этнаграфічных экспедыцый, прадпрынятых У. Івановым з 2002 па 2013 гады. Выстава знаёміць наведвальнікаў з сучаснымі стараверамі і стараверкамі, вядомымі бальшыні як маскалі, маскоўцы, якія жывуць зусім побач з беларусамі больш за 300 год. Навіна выставы палягае ў тым, што стараверства разглядаецца ня толькі, як з’ява рэлігійная ці гістарычная, а перадусім, як з’ява этналагічна-гуманістычная, якая робіць акцэнт на стасункі паміж людзьмі, рознымі сагласамі ўнутры стараверства, а таксама з іншымі супольнасцямі рэгіёна.
Як кажа этнолаг У. Іваноў, “свету вядомы Віцебск жыдоўскі, Віцебск польскі, Віцебск расейскі, у цені застаюцца Віцебск беларускі, Віцебск стараверскі. Выстава ярказ спрабуе выправіць сітуацыю і паказаць культурную, рэлігійную, ідэйную разнастайнасць міфічнага гораду на Дзвіне. Тым больш, што па колькасці старавераў Віцебск здаўна стаў стараверскай сталіцай Беларусі, дзе суіснуюць між іншым розныя стараверскія сагласы: папоўцы і беспапоўцы. Зрэшты, заняпад і асіміляцыя віцебскага стараверства штурхаюць нас актыўней цікавіцца багатай культурай даўніх прыбышоў, якія сталі роднай і неадымнай часткай Віцебшчыны.”
Фотавыстава прадоўжыцца да 10 траўня 2014 году. Акрамя фотавыставы наведвальнікаў чакаюць іншыя цікавыя мерапрыемствы: гістарычна-этналагічная лекцыя “Эвалюцыя стараверства Віцебшчыны: XIX-XXI стст.” (29 красавіка а 16.00) і дэгустацыя стараверскай кухні (1 траўня а 13.00). Фотавыстава і імпрэзы адбываюцца ў культурна-гістарычным комплексе “Залатое кола Віцебска “Дзвіна” (вул. Чайкоўскага, 5). Усіх наведвальнікаў чакаюць падарункі – паштоўкі з выявамі старавераў.
Аўтар праекта: Уладзіслаў Іваноў, этнолаг, выкладчык палітычнай навукі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (Вільня), vitsba@yahoo.fr.
Даведка пра гісторыю віцебскага стараверства
Выстава прысьвечаная стараверам, адначасова такім вядомым і сакрэтным даўнім прыбышам Беларусі, вакол якіх дасюль існуе процьма стэрэатыпаў. Стараверам, якія сталіся беларусамі, асыміляваліся, навучыліся мясцовай мове, але і самі навучылі беларусаў сваёй мове і багатай культуры. Стараверы, ці больш вядомыя, як маскалі, маскоўцы, філіпоны, ці радзей раскольнікі і стараабрадцы, за стагодзьдзі мірнага суіснаваньня з беларусамі абмяняліся багатымі культурамі, стварыўшы прыгэтым новую ўзбагачаную стараверска-беларускую культуру. Зачастую мясцовыя стараверы патанаюць у горшым выпадку ў ігнараваньні, у лепшым – у бясконцых стэрэатыпах. Этнаграфічныя вандроўкі з 2002 па 2013 гады да старавераў Віцебшчыны ад Лёзна на Ўсходзе да Відзаў на Захадзе, ад Талачына на Поўдні да Друі на Поўначы якраз дапамаглі пазьбегнуць як ігнараваньня, так і стэрэатыпізацыі веды аб гэтых даўніх прыбышах. Падчас экспэдыцыяў адкрыліся надзвычай рахманыя, прыязныя, ветлыя, а галоўнае такія зразумелыя і родныя стараверы, якія зьдзівілі ня толькі ўменьнем шанаваць свае карані, але і ўменьнем берагчы чужое, сталае родным. Даўнія прыбышы ня толькі захавалі сваю духоўную спадчыну, але і беларускую дыялектную мову, напрыклад, памяць пра сужыцьцё з каталікамі, праваслаўнымі, вуніятамі, жыдамі і атэістамі, памяць, на аснове якой будуюцца адкрытасьць і талеранцыя цяперашняй Беларусі.
Першыя стараверы зьявіліся на віцебскай зямлі ў 1669 (Поташенко), па іншых зьвестках у 1679 (Довгялло, Гарбацкі). Масава яны пачалі прыбываць у Віцебскае ваяводзтва ВКЛ у 1680-90-ыя гады. Потым у 1735 і 1764 гг. у Віцебску, Полацку і Лепелі ў выніку выгнаньня зь Веткі пасяляюцца папоўцы-веткаўцы (Гарбацкі). Да 19-га стагодзьдзя беларускія, летувіскія і польскія землі зьведвалі хвалі “стараверызацыі” (Заварина, Iwaniec): стараверы паступова прасоўваліся з Усходу Віцебшчыны на Захад, а часам і далей – у Летуву і Польшчу. Падчас першага расейскага перапісу 1897 году ў Віцебскай губэрні налічвалася 83 022 стараверы. Цікава, што ўжо тады каля 25% зь іх прызналі роднаю моваю беларускую (“белорусское наречие”) (Первая всеобщая перепись населения Витебской губернии). У 20-ым стагодзьдзі ліхалецьці дзьвух войнаў і выпрабаваньні савецкім сьвецкім, а часам і атэісцкім ладам жыцьця прывялі да таго, што стараверы заняпалі, асыміляваліся і знаходзяцца на сучасным этапе ў досыць уразьлівым стане. На сяньня у Віцебскай вобласьці налічваецца, па адных зьвестках, каля 20 000, а паводле іншых, каля 50 000 – старавераў. Прыгэтым асноўную частку складаюць стараверы-беспапоўцы паморскага сагласу. Некаторыя дасьледнікі сьмела лічаць, што сяньня каля 5%, то бок каля 500 000 усяго беларускага насельніцтва мае стараверскія карані (Чупров). На 2014 год у Віцебскай вобласьці зарэгістраваныя 20 стараверскіх суполак, налічваецца амаль 90 стараверскіх пасяленьняў.
Для разуменьня стараверства неабходна мець на ўвазе прынцыповы падзел унутры гэтай культуры на папоўства і беспапоўства. Вельмі важнай паўстае лінія падзелу ўнутры стараверства паміж тымі суполкамі, якія прызнаюць інстытут сьвятарства і тымі, якія катэгарычна адмаўляюць яго. У самой назве «беспапоўцы» чытаецца вельмі важная рыса, уласьцівасьць гэтай катэгорыі: без папоў, без сьвятара, гэта значыць, без сьвятарства. І, наадварот, у назве «папоўцы» бачна прынцыповая важнасьць гэтага інстытуту для дадзенай суполкі. Таму ў гэтым сэнсе стараверы-папоўцы значна бліжэй па сваёй структуры да праваслаўных, якія таксама прызнаюць сьвятарства, без якога яны проста ня могуць існаваць. А стараверы-беспапоўцы, такім чынам, становяцца ім чужымі, ці прынамсі значна чужэй за праваслаўных. Такім парадкам, з саміх азначэньняў – папоўцы і беспапоўцы – добра вынікае іх асноўны антаганізм, разыходжаньне. Ён, між іншым, адбіваецца ў мове: вядомыя прымаўкі “лепей жыдоўка, чым беспапоўка”, ці “лепей зьлябоўка, чым беспапоўка” цудоўна ілюструюць прынцыповасьць ідэалягічнага і культурнага разыходжаньня паміж папоўствам і беспапоўствам. Гэта часткова тлумачыць чаму так важна беспапоўцам захаваць сваю спэцыфіку, так бымовіць аўтэнтычнасьць ад папоўцаў і тым больш праваслаўных.
На Віцебшчыне гістарычна дамінуе беспапоўства (больш за 85% старавераў Віцебшчыны складаюць менавіта беспапоўцы, астатнія – папоўцы). Папоўства, як адзначае А. Гарбацкі, канчаткова адасобілася ад беспапоўства ў 18-ым стагодзьдзі. У Беларусі папоўцы паходзяць пераважна зь веткаўцаў: пасьля выгнаньня зь Веткі ў 1735 і 1764 гадах менавіта Віцебск стаўся іх сталіцай, тады як Ветка абязьлюдзіла. Сяньня большая частка папоўцаў жывуць у Віцебску ці ля Віцебску, а таксама ў Лёзьне і Лёзенскім раёне. Дасьледнікі мясцовага стараверства называюць папоўцаў “царыстымі” сярод усіх старавераў, бо зьяўляліся найбольш заможнай, а таксама найбольш кансэрватыўнай часткай прыбышоў. Хоць цара яны і не прызнавалі памазанікам бога, “царыстымі” яны былі з прычыны больш удалага і пэрспэктыўнага эканамічнага становішча.
А вось беспапоўцы расселеныя па ўсёй Віцебшчыне: у Віцебску яны жывуць упярэмешку з папоўцамі, а ў цэнтральных і заходніх частках Віцебшчыны яны маюць вялікія суполкі ў Полацку, Мёрах, Браславе, Паставах, Шуміліне, Бешанковічах і Шаркоўшчыне. У Беларусі беспапоўцы прэзэнтаваныя найбольш вядомым цяпер сагласам – паморскім і зусім малалікім цяпер федасееўскім сагласам. Адзінаверцаў у Віцебскай вобласьці не зафіксавана.
Такім парадкам, стараверства – зьява цікавая і разнастайная, якую нават ў межах Беларусі нельга ахапіць зь першага наварату. Стараверства мае дзясяткі вобразаў і мадэляў паводзінаў і інтэграцыі ў сьвет. Так, напрыклад, стараверы-папоўцы застаюцца досыць кансэрватыўнымі, тады як унутры беспапоўскіх сагласаў паўсталі вельмі адкрытыя суполкі. Так, напрыклад, у паморцаў, у зьвязку зь нястачай мужчынаў, было афіцыйна дазволена кабетам выконваць функцыі бацюшкі. У моўным і нацыянальным пляне стараверства таксама гэтэрагеннае: частка старавераў лічаць сябе беларусамі, размаўляюць на дыялектнай беларускай мове, на трасянцы, а частка працягвае бачыць сябе “рускімі”. Некаторыя стараверы застаюцца прынцыповымі тэхнафобамі, трактуючы тэхнічны прагрэс, мабільную сувязь, інтэрнэт, напрыклад, як нячысьціка, іншыя ж, наадварот, адкрыта ўспрымаюць новыя павевы часу.
Даўнія прыбышы сталі ўжо роднымі і сваімі, цудоўна інтэграваліся ў мясцовую культуру. Сяньня, праўда, беларускія стараверы імкліва зьнікаюць, асымілююцца, пакідаючы незабыўны сьлед у беларускай культуры, пакідаючы сьлед у назвах вёсак (Маскаляняты, Маскоўцы), раёнаў Віцебску (Маскалі, Кліны), у памяці, як адначасова чужынцы і тутэйшыя, як іншыя і цалкам свае.
Уладзіслаў Іваноў