На тэрыторыі былой рэзідэнцыі Тышкевічаў бульдозеры руйнуюць гістарычны будынак, які называюць «баракам», а яго драўляныя часткі спальваюць, піша «Наша Ніва».
Знос стайні на тэрыторыі Лагойскай сядзібы Тышкевічаў. Скрыншот відэа тэлеграм-канала «Лагойская манюка»
Відэа са зносам колішняй гаспадарчай пабудовы апублікаваў тэлеграм-канал «Лагойская манюка».
Выцягнуты будынак стайняў (54×11 м) размешчаны ў паўночнай частцы былой сядзібы Тышкевічаў, недалёка ад палаца, ад якога застаўся невялікі фрагмент. Побач з ім знаходзіцца таксама будынак лядоўні.
Вялікі палацава-паркавы комплекс на беразе Гайны быў пабудаваны графам Піем Тышкевічам у 1814–1819 гадах у духу навамоднага ампіру. У 1842 г. у лагойскім палацы браты Яўстах і Канстанцін Тышкевічы заснавалі першы на Беларусі музей старажытнасцей, унікальную калекцыю якога пасля вывезлі ў Вільню. За савецкім часам сутарэнні палаца выкарыстоўвалі як вязніцу органы НКУС, а ў канцы вайны будынак падарвалі немцы. У пасляваенны час тэрыторыя парку стыхійна забудоўвалася.
Палац Тышкевічаў у Лагойску на фотаздымку Льва Дашкевіча. 1923 г. Фота: Wikimedia Commons
Паводле меркавання супрацоўнікаў мясцовага музея, да якіх звярнуліся аўтары канала, сцены і крыццё стайні, якія цяпер зносяць, не маюць гістарычнай каштоўнасці. Быццам бы з часоў Тышкевічаў захаваўся толькі падмурак будынка, які не будуць зносіць і закансервуюць.
Аднак спецыялісты, да якіх мы звярнуліся па каментарый, адзначылі, што знос хутчэй за ўсё — самадзейнасць мясцовых уладаў, якія хочуць прыбраць з цэнтра горада непрывабны будынак, які сапраўды стаў нагадваць барак пасля таго, як яго прыстасавалі пад жытло.
За савецкім часам стайні былі прыстасаваны пад жытло. Будынак аброс мноствам дысгарманічных прыбудоў. Фота: Яндэкс Карты
За савецкім часам стайні былі прыстасаваны пад жытло. Будынак аброс мноствам дысгарманічных прыбудоў. Фота: Яндэкс Карты
Гэта стала магчымым, бо юрысты Міністэрства культуры ў апошнія гады дамагліся таго, каб рашэнні па работах на ўсіх помніках 3-катэгорыі, да якіх належыць і сядзіба ў Лагойску, прымаліся мясцовымі чыноўнікамі, а не спецыялістамі профільнага ведамства.
У маі 2024 года Міністэрства культуры змяніла склад сядзібы Тышкевічаў, замяніўшы «будынак былой стайні» на «рэшткі падмуркаў і цокаль былой стайні». Гэта было зроблена на падставе рашэння навукова-метадычнай рады пры Мінкультуры, але чым кіраваліся яе члены і хто быў ініцыятарам, невядома.
Знос стайні на тэрыторыі Лагойскай сядзібы Тышкевічаў. Фота: тэлеграм-канал «Лагойская манюка»
На думку спецыялістаў, заявы пра адсутнасць гістарычнай каштоўнасці ў будынка выглядаюць сумнеўнымі.
Па-першае, ніякіх заўваг у сваёй манаграфіі «Старинные усадьбы Минского края» пра аўтэнтычнасць будынка не робіць Анатоль Федарук, вядомы даследчык сядзібнай і паркавай архітэктуры, які б дакладна заўважыў, калі б будынак быў навабудам.
Фрагмент схемы зон аховы сядзібы. 3 — будынак стайні, 4 — лядоўня, 2 — фрагмент палаца
Па-другое, у 2016 годзе спецыялісты «БелНДІПгорадабудаўніцтва», якія маюць пасведчанне на навуковае кіраўніцтва на гісторыка-культурных каштоўнасцях, вывучылі сядзібу і склалі яе зоны аховы, таксама не заўважыўшы ніякага падвоху са стайняй. Праект быў распрацаваны на падставе гісторыка-архіўных, бібліяграфічных і натурных даследаванняў, аналізу гістарычнай горадабудаўнічай сітуацыі і ландшафту.
Па-трэцяе, на карысць гістарычнасці будынка сведчыць сам яго характар. Гэта будынак, пабудаваны ў тэхніцы «ў шулах», калі бярвенні закідаліся ў пазы вертыкальных мураваных слупоў. Такая тэхніка вельмі распаўсюджана ў сядзібным будаўніцтве XIX — пачатку XX стагоддзя, але зусім нехарактэрная для калгаснага савецкага будаўніцтва.
Руст на слупах шулах можа казаць пра тое, што не толькі падмурак будынка быў аўтэнтычным
Самі слупы таксама звяртаюць на сябе ўвагу сваёй дэталіроўкай, пра якую б не задумваліся савецкія будаўнікі. На фота, дзе ў час дэмантажу з іх адляцелі кавалкі тынку, бачны не толькі рэшткі карнізных паяскоў, але і рустоўка — дэкаратыўная імітацыя вялікіх каменных блокаў.
Цяжка ўявіць, што на гаспадарчай пабудове ці жылым «бараку» ў невялікім райцэнтры рабілі б рустоўку за савецкім часам.
Акрамя таго ў праекце зон аховы на тэрыторыі, дзе стаіць будынак стайні, не прапісаны дазвол на дэмантаж чаго-небудзь. Але няма і прамой забароны. Відаць, карыстаючыся гэтай няпэўнасцю, мясцовыя чыноўнікі самі сабе дазволілі дэмантаж графскіх стайняў.
Усё, што засталося ад палаца Тышкевічаў у Лагойску. Падножжа працягвае разбураць эрозія, але, здаецца, чыноўнікам няма да гэтага аніякай справы. Фота: Яндэкс Карты
Грошы на знос будынка, які стаяў у цэнтры горада і нікому не замінаў, чыноўнікі знайшлі. А на тое, каб умацаваць два апошнія фрагменты палаца Тышкевічаў, чые падножжы ўжо моцна разбурыла эрозія, а значыць, што ў хуткім часе можа не стаіць і іх, не.