24 снежня Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны надала статус гісторыка-культурнай каштоўнасці абрадавай дзеі «Мыццё барод», паведамляе «Еўрарадыё» са спасылкай на АНТ.
Абрад «Мыццё барод» / АНТ
Гэта частка сямейна-родавага абраду «Радзіны» (Хрэсьбіны), зафіксаваная ў Полацкім раёне Віцебскай вобласці. Гэтую старажытную дзею адраджае і захоўвае народны фальклорны ансамбль «Блізнянка» (кіраўніца Вольга Чобат) фiлiяла Сiльнiцкi сельскi дом культуры ДУК «Полацкi раённы Цэнтр культуры».
Таксама статус гісторыка-культурнай каштоўнасці атрымала традыцыя вырабу мугіраў — вышытых і намаляваных малітваў з Карана для ўбранства храмаў і дамоў. Мугіры прызначаліся для пашырэння рэлігійных ведаў, але ў народзе лічыліся абярэгамі. Першапачаткова іх рабілі туркі-качэўнікі, ад якіх традыцыя перайшла да крымскіх татараў.
Традыцыя вырабу мугіраў / АНТ
У беларускіх татараў выраб мугіраў вядомы з XVI стагоддзя. Іх выкарыстоўвалі і для насценнага аздаблення мячэці, і для жылога дома. Спачатку мугір выраблялі з казінай воўны, а потым — з іншых тканін і матэрыялаў.
Гэтую традыцыю развіваюць у Іўі.