Ён вяртаецца дадому пасля дня, напоўненага рэпетыцыямі і спектаклямі, адчыняючы дзверы ў свет ўтульнай кватэры, застаўленай скрыначкамі з лапікамі і карункамі, кардоннымі дэкарацыямі, збаночкамі з рэзкімі затаўкамі і хаткамі з крэслаў. Яго сустракае жонка Злата, якая фарбуе чарговы кардонны шэдэўр, дзве дачушкі — Ясна і Лета, і пара сабак — Плюша і Філя, задыханыя ад радасці. «Як у вас добра, пайду чаго-небудзь прыгатую паесці, адпачну ад працы», — кажа бацька сямейства. У новай серыі праекта «Захапленні» мы зазірнулі ў госці да сям’і Уладзіміра і Златы Глотавых, акцёраў тэатра і кіно, а таксама майстроў хэнд-мэйду.
Частка першая. Лялечная. Злата Глотава:
— Перарабіць шафу, сабраць калекцыю старых кавамолак, пасадзіць гародзік на клумбе за акном — для нас гэта звыклыя і любімыя заняткі. І нічога, што часам дэталі мэблі будуць не падыходзіць адна да адной, а дворнікі выкошваюць пад корань наш гародзік, — эмоцыі, адчуванні, якія суправаджаюць працэс пошуку, набыцця, аднаўлення нашых «скарбаў», перакрываюць сваёй каштоўнасцю любыя бязладзіцы. Самыя дарагія прадметы ў нашым доме — тыя, што нясуць адбітак асобы чалавека, які стварыў іх, выкарыстаў дзеля чагосьці ці нават разбурыў іх.
У юнацтве я падарожнічала аўтастопам па самых розных фестывалях, атрымліваючы асалоду ад зносінаў, натхнення і новых ведаў. Калі нарадзілася нашая старэйшая дачка Ясна, у далёкіх падарожжах наступіў перапынак, але жаданне «кругасветкі» засталося. А праз некаторы час нарадзілася новае захапленне — стварэнне тэкстыльных лялек. Прычым кожная з іх са сваёй гісторыяй, поглядам на жыццё, характэрнымі рысамі, любоўю да розных кантынентаў і жаданнем пазнаёміцца з вялікай колькасцю цікавых людзей. Мне вельмі хацелася зрабіць цэлы спектакль, і я пачала з лялек, якія неўзабаве зажылі самастойным жыццём, поўным драматычных і камедыйных падзей.
Прызнаюся, ніколі не думала, што буду настолькі захопленая працай з тканінамі. У дзяцінстве я адносілася да таго тыпу людзей, якія хадзілі на ўсе гурткі запар. Куды б я ні прыходзіла, новы навык, няхай гэта будзе вязанне, мадэляванне транспарту або арыентаванне ў лесе, асвойваўся вельмі хутка. Так, сярод іншых заняткаў мне трапілася майстэрня з сапраўднымі швейнымі машынкамі, і я лёгка асвоіла мудрасці шыцця фартухоў і спадніц. Такім чынам, сярод цэлай скарбонкі чарговых карысных уменняў у мяне аказалася і шыццё. Але толькі нядаўна я адчуваю сапраўднае трапятанне перад тэкстылем, карункамі, ніткамі і нажніцамі.
Нават швейная машынка ў нашым доме мае няпростую гісторыю. Яна была набытая ў камісіёнцы за 20 тысяч беларускіх рублёў, зусім не шыла, але яе адрамантаваў майстар за такую ж суму. З тых часоў працуе без перабою. Вядома, я ведаю пра выдатныя ўзоры швейнай тэхнікі з аперацыйнай памяццю, узорамі гафту і іншымі сучаснымі дапаўненнямі. Але для маёй працы мне дастаткова гэтай старой і вельмі душэўнай памочніцы.
Магчыма, таму, што я люблю гісторыі і лёсы, мае лялькі з’яўляюцца калекцыямі. Для мяне важны і цікавы працэс увасаблення тыпажоў, аб’яднаных агульнымі рысамі. Часам яны вандроўніцы, часам — аматаркі французскай мовы. Да прыкладу, адна з тэм называлася «Вялікі горад». У гэтай калекцыі можна было ўбачыць каля пятнаццаці лялек, якія ўвасаблялі якія-небудзь яркія асаблівасці гараджанак, сустраканых мной падчас прагулак. Тут былі дзяўчаты з роварамі, з букетамі кветак, з кнігамі і сабакамі. У кожнай з іх былі сваё імя і маленькая легенда, напісаныя на этыкетках. А калі людзі бачылі іх, то пазнавалі сваіх знаёмых ці нават сябе!
Мае лялькі жывуць у дваццаці трох краінах на пяці кантынентах. Іх адсылаюць і вязуць у новыя месцы, у якіх кожны персанаж працягвае сваё жыццё. Часам уладальнікі цацак знаходзяць мяне і дасылаюць лісты з фотаздымкамі і водгукамі, па якіх я адчуваю, што лялькі робяцца іх паўнавартаснымі сябрамі, членамі сям’і. У маіх гераінь з’яўляецца яшчэ адна гісторыя, за якой я магу толькі назіраць збоку.
Частка другая. Кулінарная. Уладзімір Глотаў:
— Колькі сябе памятаю, любіў гатаваць і мог з мінімуму прадуктаў зрабіць смачную страву. Нават простая яечня ці макароны атрымліваліся асаблівымі, таму што я заўсёды дадаваў якой-небудзь пахучай спецыі ці іначай абсмажваў памідоры… Мне было цікава эксперыментаваць і атрымліваць прагназаваны ці нечаканы вынік. Паднабраўшы вопыту, я пачаў больш упэўнена зазіраць у прафесійныя кухарскія кнігі і ўбачыў, што мне там усё зразумела, больш за тое, я да гэтых «вялікіх» рэцэптаў магу і ад сябе дадаць пару радкоў.
Многія кухары выдаюць свае кнігі рэцэптаў і індывідуальных «сакрэтаў», здымаюць сезоны кулінарных тэлешоў, вядуць блогі, даюць інтэрв’ю. Гэты факт дазваляе завочна вывучыць прадмет на вельмі годным узроўні. Я знаходзіў для сябе найкаштоўнейшую інфармацыю, і тут жа спрабаваў яе на практыцы. У нашым доме пачалі з’яўляцца раней незнаёмыя прадукты, якія ператвараліся пад маім кіраўніцтвам у духмяныя і вытанчаныя стравы.
Я часта замяняю прадукты з класічнага рэцэпту той ці іншай кухні свету інгрэдыентамі, якія можна набыць у Мінску. Гэта дазваляе адаптаваць практычна любую страву! Да прыкладу, у чызкейк замест сыру «Філадэльфія» або «Рыкота» я дадаю звычайны дзіцячы тваражок і беларускія 20% вяршкі. І ўсё атрымліваецца на найвышэйшым узроўні!
Маёй сям’і заўсёды хацелася пакаштаваць стравы, якія можна ўбачыць у кінастужках або серыялах, бо я і мая жонка — вялікія кінаманы. Мы запаміналі і «збіралі» назвы гэтых кулінарных шэдэўраў у сваю скарбонку і паступова пачалі ўвасабляць той ці іншы рэцэпт у сябе на кухні. У фільме «Амелі» гучала чароўная фраза пра тое, што галоўная гераіня любіць крадком разбіць лыжкай скарыначку крэм-бруле. Я не разумеў, што гэта такое. Якая ў яго скарыначка? Нечакана на міжнародным кніжным кірмашы мне трапілася кніга на французскай мове з кароткай назвай «Крэм-бруле». І раптам высвятляецца, што гэты дэсерт немагчыма прыгатаваць без спецыяльнай гарэлкі, якая растоплівае цукар для «фірмовай» скарыначкі. Гэты прыбор праз паўгода нам прывезлі сябры, і мы дачакаліся рэалізацыі сваёй мары!
Мая жонка Злата таксама выдатна гатуе і свой падыход да кулінарыі называе «маміна школа». Найлепшыя на свеце макароны, кашы або ўральскія пірагі ўпрыгожваюць наш стол і прыносяць радасць гасцям. Пачка маянэзу, бульбачка, рыба, кефір — здавалася б, выпадковыя прадукты ў імгненне вока ператвараюцца ў свята смаку!
Дзіўна, наколькі ежа здольная змяняць чалавека, сціраць умоўнасці ў камунікацыі, аб’ядноўваць народы! Могуць быць любыя цяжкасці ўзаемаразумення, стрэсавыя станы, але як толькі людзі аб’ядноўваюцца за сталом, усе робяцца шчаслівымі ці як мінімум спакайнейшымі. Я выбраў гэтае хобі менавіта таму, што яно спрыяе згуртаванню людзей, якія збіраюцца разам ля «ачага».
Мне падабаецца, калі людзі жывуць нібыта на адным узроўні, разумеючы адно аднаго, займаючыся падобнымі справамі, слухаючы тую ж музыку, што і ты… Хочацца, каб месца было сувымернае чалавечым магчымасцям і інтарэсам, каб сябры часцей прыходзілі ў госці, каб ты мог выйсці ў булачную і перакінуцца парай словаў з яе гаспадаром за прылаўкам, а ў суседняй краме забраць гузікі, спецыяльна прывезеныя з Францыі для лялек, якія шые твая жонка. Ёсць выраз «аднапавярховая Амерыка», які адлюстроўвае блізкасць жыхароў адно да аднаго, навакольным падзеям, прыродзе. Мне здаецца, што такую «аднапавярховасць» можна стварыць нават у буйным мегаполісе, калі быць не проста спажыўцом, а самому нешта прыдумляць, змяняць у асяроддзі, дзяліцца знаходкамі са знаёмымі, шанаваць не толькі сучасныя новыя, але і старыя добрыя рэчы, дамы, дарогі, адкрыта стасавацца, здзіўляцца і радавацца зменам у сваім горадзе, двары, пад’ездзе. Увогуле «дыхаць паветрам», у якім ты жывеш.
Нашая сям’я ўвесь час нешта стварае: выразае, выпякае, паліруе, выпілоўвае, адкульсьці і кудысьці цягне нейкія канструкцыі, — ні хвіліны спакою. А я ж яшчэ ў тэатры працую! Часам спынішся, задумаешся, навошта гэта ўсё, чаму менавіта так мы жывем і чаму да такога ладу жыцця ўзнікла моцная прыхільнасць. Аднойчы я засвоіў простую ісціну, якой са мной падзяліўся мой педагог: «Калі табе робіцца сумна, значыць, ты нешта прапускаеш». Калі ты глядзіш сумны фільм, спектакль, сядзіш у доўгай чарзе да доктара, пачынай круціць галавой на 360 градусаў, выглядвай, што адбываецца навокал. Таму што абавязкова будзе нешта вельмі цікавае. Жыццё не мусіць астываць, яно мусіць быць цёплым, як пірог.
Ганна Трубачова, Ганна Шапашнікава
Фота — Аляксандр Tarantino Ждановіч
Журналісцкае агенцтва «Таранціны і сыны»
Мультымедыйны праект кампаніі «Будзьма беларусамі!»