Горад, у якім знаходзіцца самы высокі ў Беларусі мост, адзін з найлепшых пляжаў і вядомы за межамі краіны сырны брэнд: сёння распавядаем, як у Верхнядзвінску прайшло ток-шоў, дзе абмяркоўваліся гарадскія актыўнасці.
У пачатку мерапрыемства каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!” па Віцебскай вобласці Уладзь Булаўскі, які быў мадэратарам сустрэчы, павітаў усіх прысутных і даў слова Валянціне Болбат, кіраўніцы грамадскага аб’яднання “Самакіраванне і грамадства” ў Верхнядзвінску. Жанчына распавяла, што сёлета горад рыхтуецца да абласнога свята “Дажынкі”, праходзіць шмат работ па добраўпарадкаванні, але разам з тым багата справаў робіцца і мясцовымі актывістамі. Яна падзякавала гарадскім уладам, якія заўжды падтрымліваюць ідэі жыхароў і імкнуцца дапамагаць з іх рэалізацыяй.
Адметна, што на ток-шоў завітала старшыня райсавета Ірына Козел, якая пацвердзіла думку пра важнасць мясцовых актыўнасцяў і сказала, што заўжды робіць усё, што ў яе сілах, каб верхнядзвінцы маглі адчуваць падтрымку. Намесніца старшыні райвыканкама Таццяна Сявалкіна заўважыла, што ў горадзе напраўду вельмі важным лічаць пытанне супрацы з актывістамі, шануюць іх крэатыўнасць і радыя дапамагаць апошнім.
На сустрэчы было шмат супрацоўнікаў верхнядзвінскіх арганізацый, якіх Уладзь пазнаёміў з дзейнасцю кампаніі “Будзьма беларусамі!”, паказаўшы цікавую прэзентацыю, а рэгіянальная каардынатарка Наста Дашкевіч падзялілася, чым кампанія можа дапамагаць на лакальным узроўні.
Гаворку працягнуў браслаўскі актывіст Галляш Сялява, які падзяліўся сваім досведам у арганізацыі мерапрыемстваў, стварэнні мясцовай супольнасці і камунікацыі з жыхарамі, а таксама правёў паралель паміж Браславам і Верхнядзвінскам, зазначыўшы, што ў гарадоў шмат агульнага і можна браць гатовыя рашэнні для рэалізацыі сацыяльных і іншых праектаў.
Валянціна Болбат таксама распавяла пра ініцыятыву “Утульны дворык”. У адным з мікрараёнаў верхнядзвінцы самі стварылі файную пляцоўку для адпачынку, пабудавалі пясочніцу, пасадзілі дрэвы, а таксама неўзабаве плануюць усталяваць дарожныя знакі, каб дзеці маглі вывучаць правілы дарожнага руху. Цікава было даведацца і пра “Свята раёна”, якое зладзіла арганізацыя шматдзетных маці.
Валянціна зазначыла, што патэнцыял мясцовых актыўнасцяў яшчэ не раскрыты, і варта прыдумваць новыя справы, каб варушыць жыхароў горада. Так, у планах пабудова яшчэ адной пляцоўкі, трох домікаў для птушак, прыступак, альтанкі і высадка алеі. А для дзяцей ладзяць конкурс па малюнках казачных герояў, якія будуць прыгожа нанесеныя на сцяну.
Падчас дыскусіі закранулі і пытанне важнасці лакальных брэндаў, згадалі Глыбокае з “Вішнёвым фэстам”, Шаркаўшчыну з “Яблычным”, Лепель з “цмокамі”, фестываль “Viva Braslav” і міжнародны праект “Двина-Дзвіна-Даўгава”.
Агулам прысутныя вырашылі, што варта ладзіць такія сустрэчы хаця б некалькі разоў на год, каб абменьвацца вопытам, інфармацыяй і кантактамі.
На заканчэнне Уладзь Булаўскі аб’явіў пра Кірмаш праектаў для гарадоў Віцебскай вобласці, які працягнуты да 30 красавіка. Ідэі пра тое, як палепшыць інфраструктуру горада, можа даслаць любы ахвотны на пошту razam@budzma.by. Прэзентацыя ідэй плануецца ў Полацку.
Фота: Алесь Пілецкі