Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава ладзіць ІІІ Міжнародную навукова-практычную канферэнцыю ««Дабы не предати небытию надобные вещи». Стараабрадніцтва як гісторыка-культурны феномен», якая адбудзецца 18-19 кастрычніка 2024 года.
Веткаўскі музей — больш чым музей. Гэта навуковы цэнтр, які займаецца даследаваннем стараабрадніцтва.
У свой час, Ветка, з’яўляючыся часткай Рэчы Паспалітай, стала прытулкам для вернікаў, якія не прынялі новыя рэформы ў Рускай праваслаўнай царкве, за што падвергліся ганенням у Маскоўскім царстве. А на нашай зямлі яны маглі жыць у бяспецы і вольна «служыць па старому». З часам Ветка стала магутным духоўным цэнтрам страабрадніцтва, і паспрыяла не толькі захаванню гэтай цікавай самабытнай культуры, але і яе росквіту. Таму натуральна, што Веткаўскі музей не проста намагаецца зберагчы памяць пра тое мінулае, якое мы ведаем, але больш глыбока даследаваць сваю гісторыю.
У 2022 годзе музей выступіў ініцыятарам і галоўным арганізатарам канферэнцыі, прысвечанай вывучэнню стараабрадніцтва як гісторыка-культурнага феномена. І вось ужо трэці год запар тут праходзіць навуковая канферэнцыя.
У гэтым годзе на канферэнцыі прадстаўлена чатыры секцыі:
«Гісторыя»
«Іканапіс»
«Кніжная культура»
«Антрапалогія. Этнаграфія. Архітэктура»
Па выніках канферэнцыі будзе выдадзены зборнік навуковых артыкулаў.
Жадаючыя пагрузіцца ў тэму стараабрадніцтва і дазнацца багата цікавага пра гэты гісторыка-культурны феномен могуць прыняць удзел у канферэнцыі як слухачы.
Выступы спікераў адбудуцца 18 кастрычніка ў Веткаўскім цэнтры культуры і народнай творчасці (Ветка, вул. Грамыка, 33) і Веткаўскім музеі (Ветка, Красная плошча, 5 і 13).
З падрабязнай праграмай канферэнцыі можна азнаёміцца па спасылцы.