17 траўня Міхась Скобла і Таццяна Матафонава выступілі ў Ашмянах – у сярэдніх школах №2 і №1. Таццяна заканчвала другую школу, таму яе там з радасцю віталі колішнія настаўнікі.
Творцы з Мінска настолькі прыйшліся даспадобы школьнай адміністрацыі, што іх папрасілі выступіць дадаткова, на біс. Але ўжо ў школьнай прасторнай спартзале, куды сабраліся ўсе наяўныя на той час у школе вучні і педагогі. Спецыяльна для землякоў Таццяна праспявала песню на словы Р. Барадуліна “Трэба дома бываць часцей”, песні на вершы другіх класікаў, падаравала alma mater свой сольны дыск, а таксама складанку вершаў са школьнай праграмы, начытаную самімі паэтамі.
М. Скобла прыгадаў, што нядаўна ў Беларусі адзначаліся 175-я ўгодкі Францішка Багушэвіча, які жыў на Ашмяншчыне, у фальварку Кушляны. “Менавіта Багушэвіч першым у беларускай літаратуры задаўся пытаннем пра месцазнаходжанне Беларусі, прычым не толькі на геаграфічнай карце, але і ў людскіх сэрцах. І ўжо за адно гэта ўсе беларусы павінны быць удзячныя аўтару “Дудкі беларускай”, – зазначыў паэт і прачытаў свой вершаваны трыпціх “Ноч у Кушлянах”.
У СШ №1 творчы тандэм выступіў перад малодшымі і сярэднімі класамі, зладзіўшы конкурс вершаваных загадак.
Самыя актыўныя ўдзельнікі сустрэчаў атрымалі ад кампаніі “Будзьма беларусамі” памятныя сувеніры.