Заняткі якім-небудзь відам спорту і захапленне гэтым жа спортам, але ў якасці заўзятара — рэчы часцяком зусім розныя, а часам нават несумяшчальныя. Але калі з’яўляецца магчымасць паспрабаваць тое, чым захапляўся на адлегласці, заўсёды займальна даведацца, наколькі гэта сапраўды проста. Наш герой, рэжысёр пластычнага тэатра «КорнягТЕАТР» Яўген Карняг, наважваецца першы раз у жыцці наведаць трэніроўку па вялікім тэнісе — любімым відзе спорту. Аб спаборніцтвах, прафесіяналах і аматарах, уплыве мастацтва і спорту на асобу чалавека і многае іншае мы гаворым на корце Спартыўнага цэнтра Максіма Мірнага. Новая серыя праекта «Захапленнi».
— Мяне прыцягвае эстэтыка гэтага спорту. Прыгажосць узаемадзеяння людзей, здольнасць кіраваць ракеткай, мячом, прасторай — назіранне за гэтым захапляе мяне на эмацыйным узроўні. У той жа час, я прыкмячаю мноства рухаў-паразітаў і не звяртаю ўвагі, калі бачу, што прафесійны гулец выкарыстоўвае іх. Хочацца бачыць выразныя, вывераныя дзеянні, без лішніх некантраляваных жэстаў. Сёння мая першая трэніроўка па гульні ў вялікі тэніс, і акрамя ўсяго іншага я адчуваю, што мне не хапае люстэрка, каб праверыць сваё цела. Мне здаецца, пакуль ты яшчэ пачатковец, праца з уласным адлюстраваннем можа дапамагчы хутчэй і дакладней трэніраваць позы, падачы, крокі і ўсе іншыя элементы гульні. Калі тэхніка гульні на вышыні — спорт будзе эфектны і прыгожы.
Сам жа я спортам у наўпростым сэнсе слова займаюся нячаста. У дзяцінстве мяне ад яго заўсёды нешта адцягвала. Так, я сумленна два разы наведаў секцыю каратэ і пару тыдняў — акрабатыку. У гадзіны заняткаў па тэлевізары паказвалі дзіцячыя казкі, якія зацягвалі мяне ў свой кінематаграфічны свет з такой сілай, што ніякія іншыя захапленні не маглі з імі канкураваць. Пры гэтым я не быў дамаседам, якраз наадварот: бавіў шмат часу ў вёсцы, дзе пастаянна знаходзіўся ў руху. Мне лёгка даваліся нават скачкі з дрэва на дрэва, таму я атрымаў мянушку Тарзан. Можна сказаць, што мая фізічная падрыхтоўка праходзіла ў натуральных прыродных умовах. Мабыць, цяпер адбываецца нешта падобнае.
Нават у якасці заўзятара я магу выглядаць крыху парадаксальна. Часцей за ўсё я выбіраю слабейшых гульцоў і заўзею-заўзею, спадзяюся, што раптам у іх усё атрымаецца! Я чакаю нечаканага павароту падзей, і, бывае, так і здараецца! Пры гэтым я не магу назваць сябе заўзятым прыхільнікам спартыўных спаборніцтваў. У асноўным тую ці іншую гульню я гляджу па тэлебачанні і цалкам не магу трапіць у гушчу падзей. Думаю, калі б я апынуўся на Уімблдоне, то замест тэніса пайшоў бы глядзець сам Лондан.
Сёння на трэніроўцы для мяне было абсалютнай нечаканасцю тое, што тэнісны мячык так лёгка ляціць. Калі я глядзеў гульню ў якасці гледача, здавалася, што ўдар ракеткай патрабуе неймаверных намаганняў, што спартсмены робяць велізарны выкід фізічнай энергіі. А ўспомніце, як яны крычаць у гэты момант. Мне ж даводзілася вельмі стрымліваць сябе, каб мяч перастаў нарэшце лётаць за межы корта. Гэта ўсё нюансы тэхнікі гульні, і цяпер я ведаю, што гэтая сіла ўдару — яна вельмі асаблівая і патрабуе магутнай канцэнтрацыі. Гэта сіла, якую можна назваць вельмі прадуманай.
Агрэсіўны складнік у спорце мне зусім не блізкі. Тэніс у гэтым сэнсе менш, чым іншыя віды спаборніцтваў, напоўнены варожасцю. Гэта распаўсюджваецца таксама і на заўзятараў-фанатаў. Калі ты бачыш спаборніцтвы па футболе, хакеі, боксе, то робіцца відавочна, што спорт можа быць сур’ёзным каталізатарам узаемнай нянавісці паміж людзьмі. Для мяне такі тып узаемаадносін недапушчальны, і я стараюся не знаходзіцца ў такой атмасферы. Здаецца, рэлігійны, спартыўны фанатызм папросту небяспечны для соцыуму. Мне ж хацелася б не біцца, а размаўляць на тэму спорту.
Рэч у тым, што мне, у прынцыпе, нецікавы кампанент спаборніцтва — ні ў спорце, ні ў жыцці. Абмоўлюся, што раней мяне гэта вельмі захапляла. Але з часам я ўсвядоміў, што дух спаборніцтва прывівала мне школа (як і ўсім вучням). Нават калі я паступіў у Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, праявы ўзаемадзеяння на ўзроўні «ты лепшы — я лепшы» былі на поўным хаду. Але чым далей я вучыўся, чым больш чытаў, глядзеў, абмяркоўваў, тым відавочней адчувалася, што гэта дарога ў нікуды, што гэта цалкам фальшывыя эмоцыі як у мастацтве, так і ў жыцці. Калі ты дакладна ўпэўнены ў тым, чым займаешся, і робіш гэта прафесійна, з кім табе біцца?
Прафесійныя спартсмены выклікаюць у мяне павагу, часам я адчуваю вялікі гонар за тое ці іншае іх дасягненне. Але ёсць і іншы бок спаборніцтваў, які мне вельмі няблізкі, —спаборніцкая гонка аж да выкарыстання допінгу. Відавочна, што гэты перагіны ўжо не маюць ніякага дачынення да спорту. Больш за тое, калі фізічныя заняткі разглядаць як шлях да аздараўлення цела і духу, то ў прафесіяналаў мы можам бачыць супрацьлеглае — многія з іх атрымліваюць інваліднасць з прычыны траўмы або пастаяннага перанапружання той ці іншай часткі цягліц, апорна-рухальнага апарата. Цана пытання ў выглядзе некалькіх кубкаў і медалёў — ці не занадта высокая…
Заняткі спортам на аматарскім узроўні мне больш зразумелыя, бо яны карысныя і арганічныя для чалавека. Пабегаць, каб сэрца лепш працавала, пагуляць у тэніс з сябрамі, каб пагутарыць, а заадно каардынацыю патрэніраваць, патанчыць, каб усе групы цягліц папрацавалі. І лозунг «Перамагчы або памерці» тут ужо дакладна недарэчы.
Каб адчуваць сябе гарманічна, быць самадастатковым у сваёй справе, умець выбудоўваць паважлівыя і прадуктыўныя ўзаемаадносіны з партнёрамі, трэба ў першую чаргу выхоўваць сябе. Гэта неабходна і для чалавека, звязанага з мастацтвам або спортам, і для гледача, што прыходзіць на спектакль, выставу, канцэрт, спартыўную гульню. Існуе меркаванне, што спорт і мастацтва можа змяняць людзей. Я так не лічу. Часта і тое, і другое ўплывае на непадрыхтаванага чалавека з пазіцыі «забаўляе — не забаўляе». Такому наведніку неабходны лёгкі жанр, часта гумарыстычны, у мастацтве або вельмі відовішчны ў спорце. Каб быць гатовым да больш глыбокіх пачуццяў, трэба праводзіць дадатковую працу па наведванні сцэн і арэн. Чытанне, прагляд шэдэўраў сусветнага мастацтва (у тым ліку звязаных са спортам), дыскусіі, аналіз — усё гэта робіць чалавека больш адукаваным, менш кіраваным і з прычыны гэтага здольным убачыць і зразумець нешта большае, чым гэта зробіць глядач без такога «багажу». Я перакананы, што толькі сам чалавек можа памяняць сябе, і спадзяюся, што ўсё большая колькасць людзей будзе адчуваць у гэтым патрэбу.
Ганна Шапашнікава, Ганна Трубачова
Фота — Аляксандр Tarantino Ждановіч
Журналісцкае агенцтва «Таранціны і сыны»
Выказваем падзяку Спартыўнаму цэнтру Максіма Мірнага, а таксама яго інструктару Яўгену Прадушчанку за магчымасць правядзення здымак і прафесійную кансультацыю.