Унутры замкавых сцен XVI стагоддзя ў Палацы Баторыя была знойдзена сцяна Вітаўта XIV стагоддзя, расказала начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч, піша Newgrodno.by.
Паводле яе слоў, цяпер цяжка сабе ўявіць Гродна без абноўленага Старога замка на ўзгорку, які стаў ужо візітнай карткай горада.
Пры гэтым начальнік упраўлення культуры прызнала, што праект аднаўлення замка сутыкнуўся з дыскусіямі, але чыноўнікам удалося дабіцца згоду ў Мінкульце.
«І сёння маем дзейную першую чаргу рэканструкцыі Старога замка», — кажа Алена Клімовіч.
Яна дадала, што ідуць праектныя работы па рэканструкцыі Палаца Стэфана Баторыя. У гэтым працэсе, як і з першай чаргой рэканструкцыі, удзельнічае інстытут «Гроднаграмадзянпраект». Праектаванне другой чаргі работ знаходзіцца на завяршальным этапе.
Падчас падрыхтоўчых работ праводзіўся зандаж сцен, а таксама праводзіліся натурныя работы. Пры гэтым удалося знайсці аб’екты XIV-XV стагоддзяў, якія будуць музеефікаваны.
«Напрыклад, унутры замкавых сцен XVI стагоддзя (у гэты час ён перабудоўваўся) знаходзіцца сцяна часоў Вітаўта XIV стагоддзя. Яе выявілі падчас натурных даследаванняў, і яна будзе экспанавацца як важны гістарычны і архітэктурны элемент», — адзначыла Алена Клімовіч.
Раней NewGrodno.by паведамляла, што на рэканструкцыю Палаца Баторыя, праект якой падвергся крытыцы гісторыкаў, плануецца выдаткаваць 80 мільёнаў рублёў.
Спрэчная рэканструкцыя першай чаргі ў Старым замку ў свой час каштавала 28 мільёнаў рублёў. Пры гэтым была пабудавана Камяніца, якой не было ў замку, затое дэмантавалі для яе будаўніцтва каменную маставую часоў Вялікага князя Вітаўта.
Цяпер да Палаца Стэфана Баторыя можа быць прыбудаваны масіўны рызаліт, прадугледжаны праектам, распрацаваным архітэктарам Бачковым. Праўда, археалагічныя даследаванні абверглі яго існаванне.