Каляндар з 20 па 26 чэрвеня. Што святкуем? Па чым сумуем?

20.06.2022 Каляндар

Прапануем Вам падборку знакавых датаў на тыдзень. Ёсць за што парадавацца, па чым пасумаваць, пра што задумацца. Кожная дата — кавалачак гісторыі, карысны не толькі як артэфакт мінулага, але і «пасланне ў бутэльцы» для нас сённяшніх. 

Чытайце, думайце, рабіце высновы.


20 чэрвеня

1566. Нарадзіўся Жыгімонт ІІІ Ваза

Кароль польскі і вялікі князь літоўскі, заснавальнік фактычнай дынастыі Вазаў у Рэчы Паспалітай, сын караля Швецыі Юхана III Вазы і Кацярыны Ягелонкі, дачкі Жыгімонта I Старога.

Sigismund_III_Vasa.jpg

Быў абраны польскім каралём на элекцыйным сойме 1587 года, пасля смерці Стэфана Баторыя, дзякуючы падтрымцы Ганны Ягелонкі, а таксама канцлера і вялікага гетмана кароннага Яна Замойскага. Кароль шведскі ў 1592–1599 гадах.

Цягам усяго жыцця імкнуўся вярнуць сабе шведскі трон, які страціў. Гэта прывяло да працяглага канфлікту са Швецыяй, дзе абодва бакі перамагалі з пераменным поспехам.

Аказваў падтрымку Ілжэдзмітрыю І і Ілжэдзмітрыю ІІ. Распачаў вайну Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай у 1609–1618 гадах.

Менавіта ў часе праўлення Жыгімонта ІІІ Вазы была заключаная Берасцейская царкоўная унія, якая мела на мэце аб’яднаць праваслаўных і каталікоў у ВКЛ, але па факце яшчэ больш абвастрыла супярэчнасці ў дзяржаве.

Пайшоў з жыцця 30 красавіка 1632 года ў Варшаве.

21 чэрвеня

1937. Загінуў Мікалай Галадзед

Будучы старшыня Савета народных камісараў БССР нарадзіўся на Браншчыне ў сям’і селяніна-печніка і меў беларускае паходжанне.

Mikalaj_Haladzied.jpg

Працаваў, як і многія ў той час, з самых малых гадоў. Быў то пастухом, то батраком, то шахцёрам на Крыварожжы. У 1917 годзе зблізіўся з бальшавікамі, а ў наступным стаў ужо сябрам іхнай партыі. У часе Грамадзянскай вайны ваяваў з украінцамі з УНР і немцамі. На пачатку 1920-х займаў розныя адміністратыўныя пасады на Гомельшчыне, змагаўся з бандытызмам.

Кар’ерны ўзлёт Галадзеда пачаўся ў БССР у другой палове 1920-х. Роўна дзесяць гадоў, з траўня 1927 года да травень 1937 года, ён быў старшынём СНК БССР. Менавіта пры ім ствараўся карны апарат, задзейнічаны ў масавых рэпрэсіях па ўсёй краіне.

У 1930 годзе ён выключыў з Акадэміі навук слынных беларускіх навукоўцаў: Вацлава Ластоўскага, Уладзіміра Пічэту, Сцяпана Некрашэвіча, Язэпа Лёсіка ды іншых. Ён жа быў у складзе камісіі, якая займалася рэформай беларускага правапісу ў 1933 годзе. Але гэтая дзейнасць не ўратавала яго самога ад крывавага молаху.

Мікалая Галадзеда арыштавалі ў Маскве 14 чэрвеня 1937 года па абвінавачанні ва ўдзеле ў праватрацкісцкім блоку і ўкраінскай нацыянал-фашысцкай арганізацыі. Існуе некалькі версіяў яго гібелі, найбольш распаўсюджаныя з якіх дзве: выкінуўся або быў выкінуты з вакна ці папросту быў забіты да смерці ў час допыту.

22 чэрвеня

1888. Нарадзіўся Аляксандр Цвікевіч

Будучы беларускі дзеяч з’явіўся на свет у сям’і фельчара чыгуначнай бальніцы ў Берасці. Вучыўся на юрыдычным факультэце Пецярбургскага ўніверсітэта, які скончыў у 1912 годзе. Пасля пачатку Першай сусветнай вайны быў у бежанстве ў Туле.

cvikevich.jpg

У 1917 годзе быў адным са стваральнікаў і кіраўнікоў Беларускай народнай грамады — культурна-асветнай арганізацыі, якая дзейнічала ў той час у Расіі і аб’ядноўвала ўраджэнцаў Беларусі. Прадстаўляў інтарэсы беларускіх бежанцаў на Першым усебеларускім з’ездзе.

У ліпені 1918 года Аляксандр Цвікевіч увайшоў у склад кіраўнічых органаў Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў. Ва ўрадзе БНР Вацлава Ластоўскага, з якім меў вельмі няпростыя стасункі, займаў пасаду міністра замежных спраў у 1921–1923 гадах. Потым, пасунуўшы Ластоўскага з пасады пры дапамозе беларускага асяродку ў Коўне, сам заняў пасаду прэм’ер-міністра.

У кастрычніку 1925 года склікаў канферэнцыю ў Берліне, дзе было абвешчана аб ліквідацыі палітычнага эмігранцкага цэнтра БНР на карысць Савецкай Беларусі.

Неўзабаве Цвікевіч і сам з сям’ёй перабраўся ў Мінск, дзе працаваў кансультантам у Наркамаце фінансаў, вучоным сакратаром Інбелкульта, а таксама ў Інстытуце гісторыі Беларускай Акадэміі навук.

Арыштаваны па выдуманай справе «Саюза вызвалення Беларусі» ў 1930 годзе, асуджаны да высылкі. Паўторна арыштаваны ў снежні 1937 года. Расстраляны.

Аляксандр Цвікевіч быў не толькі адным з пачынальнікаў беларускай дыпламатыі, але таксама і гістарычнай навукі. У мінулым годзе пабачыў свет збор твораў Цвікевіча ў двух тамах. Гэта сапраўды ўнікальнае выданне, якое дазваляе пазнаёміцца з асноўнымі яго працамі.

23 чэрвеня

1947. Памёр Уладзімір Пічэта

Будучы першы рэктар БДУ нарадзіўся ў Палтаве ў 1878 годзе ў сям’і серба з баснійскага горада Мостар.

picheta.jpg

У 1897 годзе ён скончыў Палтаўскую гімназію, а ў 1901 годзе — гісторыка-філалагічны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. Вучыўся ў знаных расійскіх гісторыкаў Мацвея Любаўскага і Васіля Ключэўскага.

У 1921–1930 гадах быў першым рэктарам БДУ. На той момант у межах гэтай установы працавала ўсяго 5 факультэтаў: медыцынскі, сельскагаспадарчы, працоўны, фізіка-матэматычны і грамадскіх навук.

Акрамя БДУ быў адным са стваральнікаў Інстытута беларускай культуры. Працаваў і ў Акадэміі навук, адкуль быў выключаны ў снежні 1930 года пасля арышту па сфабрыкаванай справе.

Менавіта дзякуючы дбанням Пічэты беларусы займелі ўніверсітэт класічнага ўзору. Займаўся вывучэннем самых розных пытанняў у гісторыі — ад праблемы этнагенезу да гістарычнага краязнаўства. З 500 работ вучонага больш за 150 прысвечаны ўласна гісторыі Беларусі.

24 чэрвеня

1900. Нарадзіўся Кузьма Чорны

У гэты дзень з’явіўся на свет Мікалай Карлавіч Раманоўскі, якога кожны школьнік ведае па псеўданіме Кузьма Чорны. Нарадзіўся будучы беларускі пісьменнік у сялянскай сям’і з маёнтка Лапацічы.

chorny.jpg

Бацькі былі зацікаўленыя ў тым, каб сын атрымаў адукацыю і выбіўся ў людзі. Таму Кузьма Чорны скончыў школу, народнае вучылішча ў Цімкавічах, а потым яшчэ адвучыўся і ў настаўніцкай семінарыі ў Нясвіжы.

З 1923 года жыў і вучыўся ў Мінску, дзе ў 1923 годзе паступіў на літаратурнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ. Далучыўся да літаратурнага аб’яднання «Маладняк». Актыўна публікаваўся ў перыядычным друку.

У 1926 годзе стаў адным са стваральнікаў літаратурнага аб’яднання «Узвышша», дзе згуртаваліся найбольш амбітныя і таленавітыя пісьменнікі таго часу. Разам з Уладзімірам Дубоўкам, Адамам Бабарэкам, Язэпам Пушчам, Кандратам Крапівой ды іншымі выйшаў са скандалам з «Маладняка», выказваючы тым самым свой пратэст супраць прымітывізацыі мастацтва.

У 1944 годзе ў сшытку, які быў падораны Сяргеем Прытыцкім, пачаў весці дзённік, дзе апісаў апошнія месяцы свайго жыцця. Акрамя іншага, згадваў катаванні, якія яму давялося перажыць у мінскай турме, калі яго арыштавалі ў канцы 1930-х. Гэта першая згадка аб сталінскіх рэпрэсіях у беларускай літаратуры.

Памёр 22 лістапада 1944 года з Мінску ад наступстваў інсульту. Пахаваны на Вайсковых могілках.

25 чэрвеня

1447. Казімір IV Ягелончык стаў польскім каралём

У гэты дзень 575 гадоў таму вялікі літоўскі князь Казімір IV Ягелончык каранаваўся на караля польскага. Вялікім князем Казімір быў з 29 чэрвеня 1440 года.

Kazimierz Jagiellończyk.jpg

Запомніўся тым, што ў траўні 1447 года выдаў прывілей, які істотна пашыраў правы баяраў і паклаў пачатак запрыгоньванню сялян у Вялікім Княстве Літоўскім.

Згодна з прывілеем, пашыраліся правы феадалаў, гарантавалася права ўласнасці на зямлю, вольны выезд за мяжу, права судзіць залежных ад іх людзей. У прывілеі прадугледжвалася, што зямлю і дзяржаўныя пасады ў княстве маглі атрымліваць толькі мясцовыя феадалы.

Менавіта ў гэтым дакуменце ўпершыню зафіксавана абмежаванне сялянаў у правах, а ўжо Статут 1588 года канчаткова зафіксаваў поўнае падпарадкаванне селяніна пану. Гэтае падпарадкаванне перарасло ў Рэчы Паспалітай у вельмі суворую форму, якая так і называлася — «прыгон».

Канчаткова прыгоннае права было адмененае ў лютым 1861 года, калі былое Вялікае Княства Літоўскае ўваходзіла ў склад Расійскай імперыі.

26 чэрвеня

1945. Падпісаны Статут ААН

У гэты дзень у Сан-Францыска прадстаўнікі 50 дзяржаў-заснавальніц падпісалі Статут Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Сярод іх была і дэлегацыя БССР.

bssr_u_aan.jpg
Дэлегацыя БССР у ААН

Першапачаткова савецкае кіраўніцтва спрабавала правесці ў склад ААН прадстаўнікоў усіх пятнаццаці саюзных рэспублік, але заходнія дыпламаты такі крок не падтрымалі.

Акрамя ўласна СССР у ліку дзяржаў-заснавальніц аказаліся толькі дзве саюзныя рэспублікі — БССР і УССР. Афіцыйна за вялікі ўклад у перамогу над фашызмам. І гэта сапраўды мела месца: абедзьве краіны моцна пацярпелі ў часе вайны і выставілі па мільёне байцоў на фронт кожная.

Неафіцыйная прычына — бо Беларусь і Украіна мелі не толькі фармальныя атрыбуты дзяржаўнасці, як усе саюзныя рэспублікі, але такімі дзяржавамі ўспрымаліся ў вачох заходніх палітыкаў.

Ад імя Беларусі подпіс пад статутам арганізацыі пакінуў камісар замежных справаў БССР Кузьма Венядзіктавіч Кісялёў.

К.К. budzma.org